Дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу — старшыня Чонкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Гомельскага раёна Аляксей Кобзараў:
— Вельмі важна, што апошнім часам у краіне на розных узроўнях абмяркоўваюцца шляхі далейшага развіцця мясцовага самакіравання. На мой погляд, сёння мясцовым органам улады неабходна больш паўнамоцтваў у вырашэнні пытанняў, якія хвалююць людзей. Магчыма, і ў выбары стратэгіі развіцця населеных пунктаў. Зыходзячы з рэалій цяперашняга моманту, варта адзначыць, што вялікае значэнне ў павышэнні ролі мясцовага кіравання і самакіравання мае стварэнне эфектыўнага прававога механізму. Ён дазволіў бы спрасціць парадак выкарыстання сродкаў самаабкладання, якія з улікам меркаванняў жыхароў населеных пунктаў маглі б накіроўвацца на самыя неадкладныя сельскія патрэбы. Таксама, на маю думку, неабходна на заканадаўчым узроўні адрэгуляваць працэс па развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Растлумачу на рэальным прыкладзе: жыхар аднаго з пасёлкаў на тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета прапануе адрамантаваць дарогу. Ён мае магчымасць на гэтую мэту выкарыстаць свой прыватны рэсурс і ўласныя грашовыя сродкі. Але ў якасці дапамогі ў гэтай ініцыятыве неабходна выкарыстаць тэхніку дарожнай службы. У рамках прававога поля падобнае ўзаемадзеянне прыватнай асобы і дзяржпрадпрыемства немагчымае. Тым не менш, такое супрацоўніцтва магло б паслужыць добрым стымулам для развіцця тэрыторый населеных пунктаў у далейшым. Прынамсі, сёння на тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета актыўна вядзецца жыллёвая забудова, узводзяцца шматкватэрныя дамы ў новым мікрараёне. У 2022 годзе плануем нарошчваць тэмпы будаўніцтва па шматкватэрным жыллёвым фондзе і ў вёсцы Сеўрукі. Таму з улікам дынамічнага развіцця сельсавета існуе патрэба ў дзіцячых садках і школах. Для мясцовых жыхароў актуальнымі застаюцца і такія пытанні, як рэканструкцыя набярэжнай ракі Сож, добраўпарадкаванне пляжнай зоны, будаўніцтва сетак вонкавага асвятлення на розных участках дарог, узвядзенне дамбы, якая вырашыла б праблему падтаплення некаторых тэрыторый сельсавета.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod