Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 19 студзеня 2021 года № 28, паведамляе БЕЛТА [1].
«Праграма з’яўляецца комплекснай, міжведамаснай. Яна будзе спрыяць дасягненню індыкатараў нацыянальнай бяспекі краіны ў сферы аховы здароўя і дэмаграфічнай бяспекі, а таксама на нацыянальным узроўні — Мэтаў ўстойлівага развіцця», — адзначаецца ў паведамленні на Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі.
Сярод прыярытэтаў да 2025 года — распрацоўка мер па ўмацаванні рэпрадуктыўнага здароўя, фарміраванні культуры ЗЛЖ і здароўезберажэння, удасканаленне падтрымкі сем’яў з дзецьмі, паляпшэнне ўмоў іх жыцця, умацаванне інстытута сям’і. Будуць развіваць амбулаторна-паліклінічную службу і ахову здароўя ў рэгіёнах, у тым ліку міжрэгіянальныя і міжраённыя цэнтры і інш.
У дакуменце 6 падпраграм: «Сям’я і дзяцінства», «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў», «Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму, ахова псіхічнага здароўя», «Супрацьдзеянне распаўсюджванню туберкулёзу», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі», «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя».
Сярод мерапрыемстваў дзяржпраграмы — умацаванне службы планавання сям’і, удасканаленне медыка-генетычнай службы, распрацоўка мер па ўдасканаленні дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі (у сферы сацыяльнай абароны, жыллёвай палітыкі), распрацоўка канцэпцыі «Кампанія, дружалюбная бацькам» з улікам нацыянальнага заканадаўства для прымянення ў арганізацыях рэспублікі. Улады таксама хочуць развіваць нацыянальную сетку «Здаровыя гарады і пасёлкі».
Адна з ініцыятыў — абмежаваць продаж энергетычных напояў непаўналетнім.
Прэв’ю: gxpnews.net
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/pravitelstvo-utverdilo-gosprogrammu-zdorovje-naroda-i-demograficheskaja-bezopasnost-do-2025-goda-425112-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-pragrama
[3] https://zviazda.by/be/tags/syamya