Сёння кіраўнікі аграгаспадарак Магілёўскага раёна сустрэліся з будучымі выпускнікамі Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя. К. П. Арлоўскага.
Разам з прадстаўнікамі раённай улады і кіраўніцтвам вучэбнай установы яны абмеркавалі пытанні ўкамплектавання іх прадпрыемстваў будучымі трактарыстамі-машыністымі, якія сёлета заканчваюць каледж. Размова ішла таксама пра правы і гарантыі, прадугледжаныя дзяржавай для маладых спецыялістаў пры працаўладкаванні іх на першым працоўным месцы.
— Праблема працаўладкавання навучэнцаў стаіць сёння вельмі востра, — падкрэсліў актуальнасць сустрэчы дырэктар сярэдне-спецыяльнай установы Георгій Маліноўскі. — Напрыклад, у той жа Германіі будучы механізатар, умоўна кажучы, два дні вучыцца, чатыры — стажыруецца. За ім замацаваны майстар вытворчага навучання з педагагічнай адукацыяй, зарплату якому плаціць прадпрыемства. Такі навучэнец з першага дня выпуску гатовы працаваць на самых сур’ёзных участках. У нас жа некаторыя гаспадаркі нават на практыцы не заўсёды дадуць трактарам пакарыстацца. Мы на гэта ўказвалі нашым патэнцыйным наймальнікам. А яшчэ прызвалі паўдзельнічаць у камплектаванні навучальнай ўстановы. Мы рыхтуем спецыялістаў, а працадаўца дзесьці з боку назірае, каб потым забраць гатовага работніка. Ды яшчэ не заўсёды заплаціць яму, як трэба. Каб была якасць кадраў, трэба працаваць са сваімі школамі і накіраваць да нас вучняў з дынастыяў. Такія людзі абавязкова вернуцца ў гаспадарку. А калі ў вёску прыехала маладая сям’я, дзе жонка, напрыклад, ветэрынар, а ў сужэнца прафесіі няма, мы таксама гатовы дапамагчы. За некалькі месяцаў навучым хлопца працаваць на энерганасычаным трактары або камбайне.
Гасцей азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай ўстановы, правялі экскурсію па ваенна-гістарычнай экспазіцыі, прысвечанай вызваленню Магілёва ў 1944 годзе. Каледж не толькі рыхтуе спецыялістаў рабочых прафесій, але яшчэ сур’ёзна займаецца патрыятычным выхаваннем.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[2] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka