У амбасадзе Ірана ў Беларусі адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасля Ірана ў Беларусі спадара Саіда ЯРЫ з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда», галоўным рэдактарам газеты «Звязда» Алесем КАРЛЮКЕВІЧАМ.
У час размовы былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання і мастацкай літаратуры. Бакі прыйшлі да згоды аднавіць практыку перакладу твораў легендарных паэтаў Ірана на беларускую мову з разлікам на публікацыю ў газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Полымя». Выступленні беларускіх паэтаў будуць уключаны ў праграму працы стэнда «Кнігі Ірана» на XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе 18 — 21 лютага. А таксама з чытаннем новых перакладаў беларускія мастакі слова выступяць на адкрыцці выстаўкі, прысвечанай культуры Ірана, што пройдзе ў Мінску ў галерэі «Універсітэт культуры» ў бліжэйшыя дні.
Іранскі амбасадар звярнуў увагу на патрэбу болей шырокай увагі да беларуска-іранскіх стасункаў у галіне гуманітарнага супрацоўніцтва, адзначыўшы пры гэтым, што развіццё, пашырэнне гэтай працы напрамую залежныя ад камунікату шэраговых грамадзян з нашых краін, ад турыстычнай зацікаўленасці беларусаў Іранам, іранцаў — Беларуссю. «А ў вашай краіне, дзе жывуць высокакультурныя, добрыя людзі, — адзначыў спадар Саід ЯРЫ, — ёсць шмат цікавага, прыгожага, што варта адкрыць маім суайчыннікам».
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/iran
[3] https://zviazda.by/be/tags/iran-belarus