Галоўны рэдактар «Медицинского вестника» паэтка Таццяна Сівец перакладае в'етнамскую паэзію і раіць ратавацца ад дэпрэсіі чытаннем.
Сёння, калі медыкі ў цэнтры ўвагі грамадства, да выданняў, адрасаваных ім, патрабаванні асаблівыя. Адно з іх — газету «Медицинский вестник» — узначальвае вядомая паэтэса, драматург, перакладчыца, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Таццяна Сівец. Сутычча медыцыны і літаратуры — добрая пляцоўка, каб пагаварыць аб варунках, у якіх сёння існуе культура. Падставай для размовы стала і тое, што нядаўна інтэрнэт-праект «Здаровыя людзі» рэдакцыі газеты «Медицинский вестник» зрабіўся лаўрэатам прэміі «Залатая Ліцера».
— Гэта ўзнагарода — заслуга высокапрафесійных журналістаў, якія працуюць над парталам, і яго кіраўніка — практыкуючага ўрача-анестэзіёлага-рэаніматолага, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэанімацыі БелМАПА, кіраўніка ўсіх нашых інтэрнэт-праектаў і медыцынскага эксперта «Медвестника» Вольгі Святліцкай, — тлумачыць Таццяна Сівец. — Дзякуючы яе працы ўсе нашы матэрыялы адрозніваюцца высокай экспертнасцю, многія патрапляюць у топ-Google і «Яндэкс», на партал «Здаровыя людзі» спасылаюцца многія інтэрнэт-крыніцы як у Беларусі, так і за яе межамі.
— Вы — паэтка, якая ўзялася курыраваць прафесійнае медыцынскае выданне... Зрэшты, і сярод медыкаў было нямала тых, хто сцвердзіўся ў літаратуры.
— Я расла ў сям'і ўрача, таму для мяне было натуральным, пакуль тата не прыйшоў з работы, хуценька разгарнуць газету «Медицинский вестник», якую мы выпісвалі, здаецца, ад пачатку яе заснавання ў 1991 годзе, і адшукаць штось цікавае для сябе. І знаходзіла ж! Бо, нягледзячы на тое, што «МВ» — адзіная ў нашай краіне прафесійная газета для медработнікаў, — шырокая аўдыторыя вымагае і багацця тэм. Увогуле я захапляюся нашымі дактарамі. Гэта людзі, якія вучацца не шэсць гадоў — яны ўсё жыццё імкнуцца штодня атрымліваць новыя веды... А калі згадаць пра ўрачоў-труэнтаў (асобы, якія адначасова з медыцынай сталі вядомыя не толькі ў літаратуры, як вы кажаце, але і ў палітыцы, эканоміцы, выяўленчым мастацтве і г. д.) — гэта ўвогуле ўнікальная з'ява. Яна прымушае задумацца пра тое, што людзі, якія працуюць у медыцыне, маюць мысленне настолькі развітое, што здольныя рабіць адкрыцці ў галіне прыродазнаўчых навук, як Карл Лінэй, займацца астраноміяй, як Капернік, або мовазнаўствам, як Уладзімір Даль... І пры гэтым у многіх знаходзіцца час на хобі (мы і пра тых, хто займаецца конным спортам, пісалі, і пра матацыклістаў, пра спевакоў ды аматараў вышыўкі — ёсць у нас адпаведная рубрыка «Хобі і Ты»). Ды і на ўласную творчасць ці, прынамсці, на тое, каб пачытаць штось з мастацкай літаратуры, сіл хапае. Гэта без сумнення — эліта нацыі, асобы, здольныя прымаць жыццёва важныя рашэнні, несці за іх адказнасць...
— Моцна змянілася ваша работа з надыходам пандэміі?
— Пра каранавірус «Медвестник» пачаў пісаць яшчэ ў студзені 2020-га, калі ў нас не было нават першага пацыента. Мы на працягу года шукалі найлепшых экспертаў па ўсіх медыцынскіх спецыяльнасцях, перакладалі замежныя даследаванні, слухалі міжнародныя вэбінары — такім чынам, сёння «Медвестник» — і газета, і партал — гэта без перабольшання самы поўны агрэгатар праверанай прафесійнай інфармацыі пра COVІD-19. І вось хочацца без залішняга пафасу абысціся, але ж ад медработнікаў сапраўды залежыць наша жыццё, будучыня... І сёння мы адчуваем гэта, як ніколі раней. Дарэчы, зараз нам дасылаюць шмат вершаў, прысвечаных барацьбе дактароў Беларусі з каранавіруснай інфекцыяй, яны ствараюцца пацыентамі і часам не маюць вялікай мастацкай вартасці, але гавораць пра галоўнае — павага да медработнікаў у грамадстве пачала ўзрастаць.
— А яна некалі падала?..
— Насамрэч можна казаць пра пэўны крызіс даверу, які характэрны для сістэм аховы здароўя па ўсім свеце. Да слова, апошнія некалькі месяцаў на старонках «Медвестника» мы расказваем, на чым грунтуецца ахова здароўя ў розных краінах: Кітаі, ЗША, Італіі, Швецыі, Ізраілі. Якія падыходы трэба ўзяць на ўзбраенне, а чаго імкнуцца пазбегнуць. Але згаданы крызіс тлумачыцца тым, што сёння свет медыцыны сутыкнуўся з новай з'явай — інфармаваны, або E-пацыент — той, хто перад візітам у медустанову звяртаецца да «Доктара Гугла» і ставіць пад сумненне тое, што раіць спецыяліст... Да таго ж пашыраецца сетка медыцынскіх паслуг, і пацыент прывыкае, што за яго грошы ўрач абавязаны лячыць, пры гэтым часцяком здымае з сябе адказнасць за ўласнае здароўе! Помню, з якой павагай, нават піетэтам, мая бабуля казала пра свайго доктара з райцэнтра, яго слова было законам, яго паважалі як носьбіта звышведаў, звышінтэлекту. Да ўрача звярталіся па медыцынскую дапамогу. А калі гэтае паняцце ў свядомасці людзей пачало падмяняцца аказаннем «медпаслуг», дык і стаўленне пачало трансфармавацца — як да тых, хто гэтыя паслугі аказвае.
— Нават на фронце былі выязныя канцэртныя брыгады... А для тых, хто працуе з віруснай навалай, ёсць нейкія бонусы з боку культурных работнікаў?
—Уяўляю дэсант паэтаў у рэспіратарах і сродках індывідуальнай аховы!.. Калі сур'ёзна, дык найлепшая дапамога для медыкаў зараз — гэта берагчы сябе і сваіх блізкіх. Нават у новым роліку, створаным нашай відэа-студыяй «МВ-Медыя», доктар дзякуе тым, хто носіць маскі. Яшчэ ў першую хвалю наша супрацоўніца вечарамі шыла касцюмы і маскі для медработнікаў. Кожны з нас павінен зразумець: самае лепшае, што можна зараз зрабіць для дактароў — не захварэць, не павялічваць аб'ём і так вельмі няпростай іх працы... А каб праявіць творчыя здольнасці, мы прапанавалі ўсім беларусам паўдзельнічаць у нашым конкурсе дызайнерскіх масак.
— І колькі было аматараў «масачнага крэатыву»?
— 158! І ўсе маскі — непаўторныя. Нам дасылалі фота сваіх масак і дзеці, і дарослыя, і настаўнікі, і дактары... Галоўнае — усе яны пісалі, што разумеюць, як важна насіць маску ў грамадскіх месцах. А 60-гадовая ўдзельніца прызналася, што зрабіла ўласнаруч ужо больш за сто масак і падарыла іх дактарам сваёй паліклінікі. Прыемна, што пандэмія, замест таго каб раз'яднаць, неверагодным чынам аб'ядноўвае людзей!
— Усе прадказваюць, што пандэмія адлюструецца ў творах... Ці праўда, што экстрэмальныя абставіны даюць натхненне, альбо наадварот?
— Відаць, «пандэмічная літаратура» акурат зараз і ствараецца... Бо творцам неабходна асэнсаваць гэты няпросты час, пражыць яго. У экстрэмальных абставінах выбіраецца галоўнае: тое, што застанецца. Мы часта марнуем час на будзённыя клопаты, мяркуючы: «заўтра напішу». Дык вось менавіта каранавірус давёў, што самае важнае трэба рабіць, пісаць, прамаўляць — тут і цяпер.
— А як з тваёй перакладчыцкай дзейнасцю?
— Апошнім часам я перакладала з англійскай творы в'етнамскіх паэтак — Нгуен Фан Кве Май і Нгуен Тхі Туі Лінь. У іх вельмі своеасаблівы паэтычны голас і адметнае адчуванне свету. Немагчыма апісаць эмоцыі, якія перажываеш разам з імі. Напрыклад, у творы «Верш, які я дасюль не магу назваць», Нгуен Фан Кве Май распавядае пра дзядулю і бабулю, якія загінулі падчас голаду ў 1945 годзе разам з двума мільёнамі іншых в'етнамцаў, калі Японія і Францыя акупіравалі В'етнам. І ў гэтых радках — гісторыя не толькі роду, але і Народа.
Рукі мае трымаюць талерку з рысам.
Рыс гэты вырас з зямлі, дзе ляжыць
дзядуля.
Кожнае зерне салодкае ад калыханак,
што бабуля спявала мая. Бабуля,
якой не помню.
Я ўяўляю маршчыны на твары яе,
старую яе сукенку,
скуру, што кожную костачку абцягнула;
у галодным тым 45-м годзе,
маёй вёсцы могілак не хапала.
Дзе пахавалі бабулю, не знаў мой бацька,
шэсцьдзясят пяць гадоў яму рыс быў горкі.
Пасля доўгіх гадоў шуканняў прывіды продкаў
шлях да месца яе спачыну нам падказалі,
«Мама», —
тады ўпершыню пачула я
гэтае слова з вуснаў сівога бацькі.
* * *
Ураслі мае ногі ў глебу, калі адчула,
як душа яе паяднала зямлю і неба,
як прарасла душа і ўзнялася рысам,
рысам, якому спявала яна калыханку.
Вось таму і па сёння ў кожным рысавым зерні
бачу я продкаў, салёны іх пот і слёзы,
чую заўсёды ціхую калыханку,
што спявала бабуля... Бабуля, якой не помню...
— У самаізаляцыі людзі пачалі яшчэ больш часу праводзіць за камп'ютарамі. Праз маніторы камунікуюцца сябры, праводзяць нарады, чытаюць лекцыі, глядзяць спектаклі... Пра нормы бяспечнага карыстання, здаецца, даўно забыліся...
— Тут варта звярнуцца да партала «Здаровыя людзі», дзе ёсць артыкулы пра тое, як змагацца з сіндромам сухога вока, а таксама, як правільна арганізаваць рабочае месца на «аддалёнцы» і нават як закахацца і захаваць пачуццё на адлегласці. Працытую парады эксперта: «Пастарайцеся, каб работа за камп'ютарам не перавышала сумарна 8 гадзін у дзень. Пры гэтым не забывайцеся рабіць перапынкі. Для прафілактыкі павышанай стамляльнасці вачэй, развіцця сухасці слізістай карыстайцеся правілам «20-20-20». Гэта значыць: кожныя 20 хвілін работы за камп'ютарам неабходна рабіць перапынкі і на 20 секундаў факусаваць зрок на прадметах, якія знаходзяцца на адлегласці 20 футаў (6 метраў). Гэта трэба для таго, каб пераключыць позірк, зняць напружанне з вачэй, паміргаць. Праз кожныя гадзіну-паўтары нядрэнна выдзеліць час для 5-хвіліннай зрокавай гімнастыкі».
— Эпоха дыстанцыявання — выпрабаванне для псіхікі... Адзінота — нармальны стан для творчага чалавека?
— На маю думку, пісьменніку заўжды трэба «дыстанцыравацца», нават знаходзячыся ў цэнтры падзей, бо яго мера адказнасці за кожнае слова — большая, чым у іншых. У гісторыі былі прыклады, калі творцы мянялі «пяро на штык», але ці варта гэта было па вялікім гістарычным рахунку? Часцей за ўсё ад гэтага страчвала літаратура. Зрэшты, і маўчанне Купалы гаварыла многім больш за словы...
— Як ратавацца ад дэпрэсіі сродкамі культуры?
— Я раю — чытаць, глядзець, слухаць... Тое, што прыносіць пазітыўныя эмоцыі. Няхай і анлайн, але нельга адкладваць жыццё на пасля — чакаць, калі скончыцца пандэмія. Жыццё памянялася. Трэба гэта прыняць і выкарыстоўваць усе магчымасці, якія нам прапануюць высокія тэхналогіі. А калі ўжо наведваць нейкія культурныя мерапрыемствы, то рабіць гэта трэба з выкананнем усіх эпідэміялагічных патрабаванняў: трымацца на адлегласці не менш як 1,5 метра, выкарыстоўваць маскі, мыць рукі або апрацоўваць іх антысептыкам... Ну, а больш падрабязна пра ўсё гэта — на партале і You-Tube-канале «Здаровыя людзі»!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-sivec-0