Нядаўнія маразы для многіх сталі выпрабаваннем на трываласць. Асабліва цяжка перажыць капрызы нашай зімы найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян — у першую чаргу так званым асобам без пэўнага месца жыхарства, або папросту бяздомным. Менавіта людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я — і ім на дапамогу прыйшлі валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пра гэты і іншыя напрамкі работы мы гутарым з афіцыйным прадстаўніком Беларускага Чырвонага Крыжа Віталем Дэмбоўскім.
Абагрэць і накарміць
Пункты абагравання, пра якія актыўна пісалі СМІ на гэтым тыдні, — не новая для валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа форма работы. Ярка-чырвоныя палаткі, дзе можна сагрэцца, выпіць гарбаты і проста адпачыць, яны ставяць у самыя марозныя дні ва ўсіх рэгіёнах краіны ўжо сёмую зіму.
— Гэта звыклая форма дапамогі, проста раней пра гэта неяк не згадвалі ў прэсе, — кажа Віталь. — Нічога экстраардынарнага. У маразы — адны правераныя, эфектыўныя меры, на паводку, дапусцім, — іншыя. Мы не ратавальнікі, не займаемся непасрэднай ліквідацыяй надзвычайных сітуацый. Але ў любой НС ёсць наступствы, прамыя і адтэрмінаваныя. І вось якраз наступствы, звязаныя з парушэннем нармальных умоў жыцця — гэта наша сфера адказнасці.
Меры рэагавання на нізкую тэмпературу залежаць ад паказанняў тэрмометра. Пры мінус 15 Беларускі Чырвоны Крыж аказвае гуманітарную дапамогу найбольш уразлівым слаям насельніцтва, а па месцах збору асоб без пэўнага месца жыхарства адпраўляюцца мабільныя атрады валанцёраў з коўдрамі і кансервамі. Цэнтры абагравання разгортваюцца пры мінус 20—25. Пункты абагравання дзейнічаюць таксама на базе раённых арганізацый Беларускага Чырвонага Крыжа — людзям забяспечваюць першую дапамогу пры абмаражэннях, гарачыя напоі, прадуктовыя і гігіенічныя наборы.
— Мы атрымліваем прагноз надвор'я, і калі бачым, што чакаецца ўзмацненне маразоў, загадзя мабілізуем валанцёраў, — тлумачыць Віталь.
Колькі пунктаў абагравання выстаўляецца ў кожным канкрэтным выпадку, залежыць ад патрэб насельніцтва.
— Арыентуемся на даныя сацыяльных службаў у кожным рэгіёне — перш за ўсё на звесткі аб асобах без пэўнага месца жыхарства, — расказвае суразмоўнік. — Але сагрэцца, выпіць гарбаты ці кавы ў такіх пунктах можа любы прахожы (у палатцы цёпла і чыста, напоі разліваюць у аднаразовы посуд). Або, напрыклад, кіроўца, у якога ў маразы заглохла машына. Беларуская зіма непрадказальная, наперадзе яшчэ люты — і зараз мы прапрацоўваем на будучыню пытанне аб пунктах абагравання для кіроўцаў на трасах.
Сагрэўся — і сышоў
У Мінску, расказваюць валанцёры, вялікага ажыятажу ў бяздомных пункт абагравання не выклікаў (валанцёры ўсталявалі яго на Ваўпшасава, 42, недалёка ад дома начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства). А вось у Гродне і Гомелі такія цэнтры былі вельмі запатрабаваныя. У Гродне яны працавалі кругласутачна, і ў іх бяздомныя маглі нават пераначаваць. Вельмі патрэбнымі былі цэнтры абагравання і ў маленькіх населеных пунктах. У буйных гарадах у людзей усё ж больш магчымасцяў сагрэцца ў маразы.
— А ў сталіцы бяздомныя проста забіралі прадуктовыя і гігіенічныя наборы і часта адмаўляліся нават ад гарачай гарбаты. Адпраўляліся па сваіх справах.
— А якія ў іх справы?
— Забеспячэнне сваей жыццядзейнасці. Для кагосьці гэта банальна бутэлька, хтосьці спрабуе падпрацоўваць, ёсць і тыя, хто сапраўды хоча выбрацца з той ямы, у якой апынуўся.
Прадуктовы і гігіенічны наборы, які можна было атрымаць, — гэта дзве вялікія скрынкі. У адной — мясныя і рыбныя кансервы, чай, макарона, у другой — туалетная папера, аднаразовыя маскі, флакон дэзынфекцыі для рук, сурвэткі, мыла, зубная паста.
— Коўдры і цёплыя шкарпэткі мы збераглі для рэйдаў па месцах знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства, — гаворыць Віталь Дэмбоўскі. — Зразумела, што ўсіх мы не знойдзем і не сагрэем, але многіх нашы патрулі знаходзілі.
У Мінску, кажа Віталь, такія месцы ёсць нават у цэнтры — напрыклад, за кінатэатрам «Масква». Там валанцёры знайшлі аднаго са сваіх «кліентаў»: ён чакаў, пакуль мінуць маразы, на кардонках на цеплатрасе і спрабаваў падпрацоўваць грузчыкам у навакольных крамах.
— У яго, прынамсі, ёсць дакументы, і ў прынцыпе ён нават досыць прыстойна апрануты па мерках бяздомных, — кажа Віталь. — Расказаў нам, што да пандэміі ездзіў на заробкі ў Расію. У кожнага з іх — свая сумная гісторыя...
— Ці рэальна такім людзям вярнуцца да нармальнага жыцця?
— У прынцыпе гэта магчыма. Зразумела, што на сённяшні дзень ніхто не забяспечыць гэтым людзям усіх умоў для вяртання ў соцыум, але некаторыя механізмы ўсё ж такі ёсць. Валанцёры і супрацоўнікі дома начнога знаходжання на Ваўпшасава, 42 падаюць запыт на аднаўленне дакументаў, дапамагаюць з працаўладкаваннем, забяспечваюць дахам над галавой: там можна не толькі начаваць, а менавіта жыць, калі чалавек сапраўды хоча вярнуцца да нармальнага жыцця — не піць, знайсці работу, аднавіць дакументы. Але, на жаль, у большасці гэтых людзей праблемы з алкаголем, і многіх менавіта гэта загнала ў той тупік, у якім яны знаходзяцца.
Далёка не ўсе «насельнікі» гэтага «паралельнага сусвету», які звычайныя гараджане не заўважаюць, падобныя паміж сабой. Не ва ўсіх «дом згарэў, самі мы не мясцовыя», гаворыць суразмоўнік. У некаторых на самай справе ёсць нават кватэра, і з юрыдычнага пункту гледжання такія людзі не бяздомныя — проста яны выбіраюць такі лад жыцця. Для некаторых з іх бадзяжніцтва — не неабходнасць, а, можна сказаць, жыццёвая філасофія.
— Як да такіх людзей ставяцца валанцёры?
— А як да іх ставіцца? Людзі ж. Згодна з прынцыпам дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа, мы не маем права і не ставім сваёй задачай даваць ацэнку каму-небудзь або чаму-небудзь. Наша мэта — перш за ўсё аказваць дапамогу ў рамках сваёй кампетэнцыі, матэрыяльную і псіхасацыяльную падтрымку, каб захаваць жыццё і здароўе людзей. Іншы раз з чалавекам трэба проста пагаварыць — і яму стане лягчэй, з'явяцца сілы нешта мяняць у сваім жыцці. Зразумела, што гэта разавая псіхалагічная дапамога. Але нават разавая ўсё ж лепш, чым ніякай. Тым больш, некаторыя ўвогуле не ведаюць, што існуе Беларускі Чырвоны Крыж, што валанцёры могуць дапамагчы. Большасць бяздомных знаходзіцца па-за інфармацыйнай прасторай, у іх ёсць толькі «сарафаннае радыё». Дапамогу гэтыя людзі прымаюць па-рознаму. Большасць — з удзячнасцю.
Чалавечы фактар
У прынцыпе трапіць у валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа нескладана — дастаткова запоўніць форму на сайце redcross.by, указаўшы свае навыкі і прафесійныя кампетэнцыі, тое, чым ты можаш быць карысны і чым хацеў бы займацца.
— Спісачная частка валанцёраў — тых, хто гатовы дапамагаць людзям, — у нас вялікая. Але калі казаць пра людзей, якія працуюць, напрыклад, у тых жа пунктах абагравання, у іншых надзвычайных сітуацыях — гэта валанцёры, якія валодаюць пэўнымі ведамі і навыкамі. Там, дзе патрабуецца кваліфікацыя, мы не задзейнічаем «спісачную частку», а бяром людзей са складу вопытных валанцёраў, якія прайшлі падрыхтоўку, — кажа Віталь. — Навучанне, дарэчы, можа цалкам бясплатна прайсці любы ахвотны. Валанцёраў вучаць аказваць першую дапамогу, як медыцынскую, так і псіхалагічную, правільна будаваць камунікацыю з рознымі людзьмі, самім хутка спраўляцца са стрэсам. Плюс абавязковая страхоўка жыцця і здароўя: пры ўзнікненні НС такіх людзей мы задзейнічаем максімальна хутка. Праходзяць нашы валанцёры і падрыхтоўку для работы са спецыялізаваным абсталяваннем — механізаваным інструментам, бензагенератарамі і г. д.: у такіх людзях мы павінны быць упэўненыя на ўсе сто.
Таму, нягледзячы на тысячы, якія ёсць у базе, кожны падрыхтаваны валанцёр — на вагу золата. Але не трэба думаць, што па-сапраўднаму карысныя ў Беларускім Чырвоным Крыжы могуць быць толькі мужчыны з вопытам службы ў МНС за плячыма. Напрыклад, «залаты фонд» валанцёрскага руху — гэта неабыякавыя людзі пенсійнага ўзросту.
— Мы прымаем у валанцёры людзей з 18 гадоў і не абмяжоўваем верхнюю планку ўзросту. Зразумела, што ў сілу ўзроставых асаблівасцяў пенсіянеры не змогуць цягаць цяжкую апаратуру. Затое яны валодаюць мудрасцю, цярплівасцю, стойкасцю. Яны ведаюць, якія словы патрэбныя чалавеку ў цяжкай сітуацыі. А акрамя таго, за доўгія гады амаль усе яны сталі высакакласнымі прафесіяналамі ў тым, чым займаліся ўсё жыццё. Адзін з кірункаў работы Беларускага Чырвонага Крыжа — дапамога людзям з інваліднасцю або пажылым, якія праз узрост страцілі фізічныя магчымасці. Прасцей кажучы, валанцёры і іх падапечныя проста ходзяць адзін да аднаго ў госці. І адначасна валанцёры аказваюць ім дапамогу — медыцынскую, гуманітарную, сацыяльную, псіхалагічную. Асабліва важныя для гэтай місіі медыцынскія работнікі на пенсіі — яны становяцца ўдзельнікамі медыка-сацыяльнай службы «Дапамога».
Патрэбы і магчымасці
— На жаль, калі казаць пра сталіцу і рэгіёны, дапамога не ўсюды роўная, — кажа Віталь Дэмбоўскі. — Часам усё ўпіраецца ў рэсурсы. Калі б мы былі арганізацыяй, якая забяспечваецца сістэмна і мае гарантаваны бюджэт, можна было б размяркоўваць яго пароўну — з улікам патрэб у кожным рэгіёне. Вядома, мы да гэтага імкнёмся — ствараць стратэгічныя запасы, напрыклад, на выпадак маразоў. Але Беларускі Чырвоны Крыж — гуманітарная арганізацыя, і мы маем толькі тыя рэсурсы, якія нам хтосьці ахвяраваў, людзі або арганізацыі. І загадзя ні пераліку, ні колькасці спрагназаваць не можам. Напрыклад, калі казаць аб той жа цёплай вопратцы для маламаёмных, у Мінску яе звычайна збіраецца нашмат больш, чым у абласцях. І калі ёсць празмернасць, мы адпраўляем вопратку ў іншыя рэгіёны, дзе адчуваецца недахоп.
Неаднолькавы і валанцёрскі рэсурс: тых, хто хоча дапамагчы, у вялікіх гарадах больш, проста таму што там жыве больш людзей. І грашовых сродкаў — наяўных і безнаяўных — у сталіцы і абласных цэнтрах Беларускаму Чырвонаму Крыжу ахвяруюць больш, чым у рэгіёнах.
— Бываюць мэтавыя ахвярадаўцы, якія хочуць адправіць свае сродкі менавіта на дапамогу, напрыклад, людзям з анкалогіяй, або хворым дзецям, або на іншыя кірункі нашай работы. Многія ахвяруюць проста на дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа. Зразумела, мы не можам зрабіць справаздачу кожнаму чалавеку, куды пайшла ахвяраваная ім невялікая сума (за вашы грошы мы купілі плед або тэрмас). Але мы можам сказаць, на які кірунак дзейнасці былі накіраваныя вашы грошы і што за сабраныя на гэтую місію сродкі было зроблена.
Часам гэта выклікае неразуменне ахвярадаўцаў, і апошнім часам Беларускі Чырвоны Крыж перайшоў на формы фандрайзінгу, дзе наогул няма фінансавага складніка.
— Усюды, дзе фігуруюць нейкія фінансы, мы стараемся не акумуляваць іх ні ў руках, ні на рахунках. Беларускі Чырвоны Крыж — гэта пасярэднік, які злучае маючых патрэбу з тымі, хто дае. Нам не важна, якім чынам людзі атрымаюць дапамогу — мы гуманітарная ўстанова і не хочам забіраць сабе нейкія лаўры. Наша місія — актывізаваць гуманітарны патэнцыял грамадства і накіраваць яго ў патрэбнае рэчышча.
Аляксандра Анцэлевіч
Як ахвяраваць на дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа
Адзенне і прадметы побыту можна прынесці ў любую раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа або ў пункты прыёму ў вашым населеным пункце.
На партале redcross.by размешчана інфармацыя аб кірунках работы арганізацыі ў Беларусі, а таксама спіс тых, каму можна дапамагчы.
Беларускі Чырвоны Крыж прадстаўлены ва ўсіх сацсетках і месенджарах. Дастаткова пакінуць паведамленне, і з вамі звяжуцца валанцёры.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-chyrvony-kryzh
[5] https://zviazda.by/be/tags/zima
[6] https://zviazda.by/be/tags/marazy