Памятаеце, як у гэты час у мінулым годзе мы лаялі цёплае надвор'е і чакалі «сапраўдную зіму». І вось, дачакаліся. Ужо -10 на градусніку пераводзіць пытанне аб наяўнасці шапкі з плоскасці моды ў плоскасць выжывання, з тэорыі ў вельмі надзённую практыку. Тут ужо не да прыгажосці і стылю. Але стварыць стыльны вобраз можна і пры наяўнасці ў ім шапкі. І мы ведаем, як гэта зрабіць.
Шапачны разбор
Напэўна, падобны ўспамін ёсць у многіх: раніцай вы выходзіце з пад'езда і па дарозе ў школу хаваеце ў партфель шапку, а мама сочыць за вашым маршрутам з балкона і крычыць зверху: «Шапку надзень!».
Дык вось, мама права. У гэтым сезоне шапка (незалежна ад надвор’я) – модны must have і стыльны аксэсуар, здольны дадаць разыначку ў вобраз. Заўважым, што ў вобласці «шапачнай» моды з мінулай зімы амаль нічога не змянілася – па-ранейшаму актуальныя ўсенародна любімыя вязаныя шапкі «у абцяжку» і шапкі-біні. Апошнія асабліва добра ўпішуцца ва ўсе тэндэнцыі гэтай зімы – яны добра выглядаюць і ў пары з штучнай шубкай, і з “дутай” курткай, і з пухавіком-оверсайз, і з батфортамі, і з цяжкімі ботамі на шнуроўцы.
На галаву сядзе
Самае практычнае ўкладанне ў свой "шапачны" гардэроб і найбольш дэмакратычны варыянт галаўнога ўбору – шапка-біні чорнага колеру. Яна ўпішацца ў любы вобраз, ад класікі да спартыўнага. І нават калі вы памяняеце колер валасоў, вам не прыйдзецца мяняць яшчэ і шапку. Трыкатажныя шапкі розных мадэляў можна набыць у любым гандлёвым цэнтры, на рынку, у краме – афлайн і онлайн. Яны прадстаўлены ў самых розных цэнавых катэгорыях – ад 3 даляраў у эквіваленце на "Аліэкспрэс" да 211 рублёў у сегменце “Прэміум” на “Ламодзе”, і нават даражэй. Ну, а сярэдняя цана размяшчаецца дзесьці паміж гэтымі лічбамі. Не варта, пагнаўшыся за таннасцю, выбіраць мадэлі з тонкага трыкатажу – яны не грэюць і не трымаюць форму. Ідэальны выбар – ваўняныя мадэлі сярэдняй шчыльнасці.
Дарэчы, пра колеры. Чорны колер – гэта практычна і стыльна, але зімой - 2021 шапка можа стаць каляровым акцэнтам, яркай дэталлю, якая ператварае сумны вобраз у модны. І не абавязкова паўтараць яе колер у іншых дэталях вобразу. Рукавіцы ці пальчаткі могуць быць таго ж колеру, што і шапка – але тады іншага адцення і фактуры, раяць стылісты. Але вось што з'яўляецца антытрэндам ўжо не першы сезон, дык гэта шапка і шалік з аднаго камплекта. Сумна і абмяжоўвае палёт фантазіі – а сучасная мода гэтага не прымае.
Яшчэ адзін антытрэнд – дзіцячыя дэталі дарослага галаўнога ўбору. Шапкі з прынтамі лепш пакінуць дачцэ або малодшай сястрычцы дашкольнага ўзросту. Коцікі, вочкі, сэрцайкі, пацеркі, стразікі і вышыўка – уся гэтая «мілата» робіць дарослы вобраз танным.
Толькі вартасці!
Выбраць шапку – задача няпростая. І многім аказваецца не па сілах (гэта калі кажуць: "Мне шапкі не ідуць"). Між тым, правільна выбраны галаўны ўбор зробіць вас прыгажэйшай не горш за фотошоп (гэтак жа, як добра падабраны гардэроб робіць жанчыну маладзейшай, больш стройнай і высокай). А няправільная шапка – дадасць узрост і падкрэсліць недасканаласці.
Уладальніцы авальнай формы твару могуць далей не чытаць – ім падыйдзе галаўны ўбор любой формы. Толькі памятаем, што паміж бровамі і краем шапкі варта пакінуць адлегласць 1-2 см, інакш лоб будзе здавацца нізкім, а рысы твару – масіўнымі.
Дзяўчатам з круглымі шчочкамі з дапамогай шапкі трэба візуальна выцягнуць твар. Дапамогуць вушанкі, аб'ёмныя біні і шапкі з пампонам. Аблягаючыя шапкі – не для іх.
Калі ў вас квадратны твар, падыдуць мадэлі з асіметрыяй, шапкі з адваротамі і модныя зараз панамы з апушчанымі палямі. Дарэчы, вязаныя шапкі з адваротамі (як у дзяцінстве) зараз вельмі актуальныя. Але важна памятаць: яны дадаюць галаве аб'ём, так што дзяўчатам з круглай формай твару – проціпаказаныя. А вось модніцам з рэзкімі рысамі твару – як раз выдатна падыйдуць. Такая шапка надае рысам мяккасць і жаноцкасць.
Трохвугольнаму твару падыйдуць аблягаючыя спартыўныя шапкі. А для ўладальніц ромбападобнай формы твару футравыя панамы – самы выйгрышны варыянт. Ім як раз вязаныя шапкі “ў абліпку” проціпаказаныя.
Калі казаць пра памеры пампона, то маленькія і худзенькія дзяўчыны з тонкімі рысамі твару будуць выдатна выглядаць у шапках з вялікімі пухнатымі пампонамі, а высокім дзяўчатам стылісты раяць выбіраць мадэлі шапак з пампонамі невялікага памеру.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/shapki
[3] https://zviazda.by/be/tags/zima