Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кандыдатуры на пасады кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных органаў і арганізацый краіны.
На вакантную пасаду Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь прадстаўлены начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што кандыдатуру Вальфовіча абмяркоўваў з міністрам абароны, які пацвердзіў, што больш падрыхтаванага чалавека сёння на пасаду кіраўніка Саўбеза ў Генштабе няма.
«Чаму ваша кандыдатура? Па-ваеннаму кажучы, вы — чалавек абстраляны апошнімі падзеямі, ды і граматны чалавек. У Саўбезе — гэта, лічыце, галоўны памочнік Прэзідэнта па рабоце з сілавымі структурамі, — падзяліўся сваімі разважаннямі Аляксандр Лукашэнка. — Вы — сістэмны чалавек, бо не змаглі б працаваць начальнікам Генеральнага штаба, адукаваны і дасведчаны».
Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта сіламі Генштаба планаваліся мерапрыемствы на знешнім контуры краіны напярэдадні леташніх выбараў і пасля іх.
«Досыць паспяхова мы развярнулі тады нашы падраздзяленні, вайсковыя часці і адрэагавалі, калі спынілі магчымыя нядобразычлівыя нападкі на нашу краіну і спробы стварыць нам залішнія праблемы, — лічыць ён. — Апошнім часам я вельмі блізка ўбачыў вас у справе».
Час і зараз няпросты, спробы раскачаць краіну будуць працягнутыя, дадаў Прэзідэнт.
«Мы гэта ведалі і разумелі разам з кіраўніцтвам Расіі яшчэ ў сярэдзіне мінулага года, — сказаў ён. — Для нас і для іх нечаканасцяў тут ніякіх няма. Але тым не менш, мы павінны навучыцца ў гэты цяжкі час супрацьстаяць і ўнутраным нашым праціўнікам, і асабліва — знешнім».
«Сённяшняе прызначэнне на вялікую пасаду для мяне нечаканасць, — прызнаўся журналістам Аляксандр Вальфовіч. — Вялізны давер кіраўніка дзяржавы, але, напэўна, не столькі мне, колькі Узброеным Сілам».
Перад дзяржсакратаром Саўбеза пастаўлены шэраг новых задач, дадаў ён і выказаў упэўненасць, што паспяхова з імі справіцца.
«У краіне створаная сістэма дзяржаўнай бяспекі, якая, перш, за ўсё, забяспечвае бяспеку краіны, бяспеку народа, — сказаў новы дзяржсакратар. — Але тым не менш, ёсць, што падкарэктаваць».
Карэкціроўка будзе звязаная з сістэмай кіравання ўсім сілавым блокам, мяркуе Аляксандр Вальфовіч, каб мінімізаваць знешнія і ўнутраныя пагрозы. Яна закране і нарматыўную прававую базу.
Васіль Герасімаў, які зараз выконвае абавязкі старшыні КДК і з’яўляецца першым намеснікам гэтага ведамства, узначаліць Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Пра работу Камітэта дзяржаўнага кантролю кіраўнік дзяржавы сказаў: «Мне аператыўнасць апошнім часам падабаецца. Малайцы. І далей трэба дзейнічаць жорстка, адстойваючы інтарэсы беларускай дзяржавы. Па законе. У нас хапае — уся заканадаўчая база створаная, каб спыняць усякія спробы дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне».
Сфера кантролю КДК, перш за ўсё, — фінансаванне дэструктыўнай дзейнасці з-за мяжы, акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
«І дзейнасць камерцыйных, так званых, структур і прадпрыемстваў, асобных дзялкоў, — дадаў ён. — Камітэт дзяржкантролю навучыўся ў гэтым кірунку працаваць і ў гэтым кірунку мы павінны дзейнічаць».
Застаюцца і традыцыйныя задачы КДК — кантроль за папаўненнем дзяржаўнага бюджэту і выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці.
«Вазьміце, калі ласка, на кантроль заканчэнне будаўніцтва недабудаваных аб’ектаў, — распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — У нас вельмі шмат даўгабудаў. Вядома, значна менш, чым гэта было пяць гадоў таму, але яны ёсць».
Даручэнне адносна бюджэту — пазбавіцца ад фінансавых мерапрыемстваў, без якіх можна абысціся.
Колькасць праверак змяншаецца, і не толькі з боку КДК, расказаў журналістам Васіль Герасімаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам.
Апроч незаконнага фінансавання дэструктыўнай дзейнасці з-за мяжы, кантролю за выкананнем бюджэту, эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, у сферы ўвагі Камітэта дзяржкантролю застаецца пасрэдніцкая дзейнасць і падаткаабкладанне.
«Некалькі разоў, напрыклад, абмяркоўвалася пытанне адносна індывідуальных прадпрымальнікаў, якія па сутнасці пераўтварыліся ў юрасобы, толькі з мінімальнымі падаткамі, а не займаюцца тымі кірункамі, якія абазначаліся раней, — сказаў новапрызначаны кіраўнік ведамства. — Плюс усе астатнія даручэнні Прэзідэнта, якія ёсць, а вы ведаеце, што Камітэт якраз кантралюе выкананне даручэнняў Прэзідэнта».
Юрый Шулейка (памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці) прызначаны кіраўніком Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што абмяркоўваў гэтае прызначэнне з самім кандыдатам яшчэ месяц таму. Новы кіраўнік Брэстчыны будзе прадстаўлены калектыву аблвыканкама ў панядзелак.
«Пасля Гродзенскай вобласці (у мяне ў плане Гродзенская вобласць) я прыеду да вас», — папярэдзіў ён Юрыя Шулейку і выказаў меркаванне, што шмат часу для ўваходжання ў курс новай справы таму не спатрэбіцца. — Вы працуеце на пасадзе ў канкрэтным рэгіёне, ведаеце кірунак работы, вопыт у вас вялікі. І вы ўжо канкрэтна праінфармуеце пра болевыя кропкі Брэстчыны і асабліва Брэста, з улікам апошніх падзей канца мінулага года, поствыбарнага перыяду, каб мы маглі зарыентавацца па далейшай рабоце».
Брэст і Брэсцкая вобласць — рэгіён добры, адзначыў Прэзідэнт.
«Людзі там нармальныя. Я там служыў, ведаю гэтых людзей. Але ёсць тыя, хто заблукаў, з імі трэба працаваць. Вы ведаеце і ўмееце з імі працаваць. У Гомельскай вобласці вы гэтаму навучыліся», — дадаў ён.
Юрый Шулейка шмат часу працаваў на роднай Гродзеншчыне, у тым ліку на кіраўнічых пасадах. Даўжэй за сваіх папярэднікаў, па яго словах, ён займаў і пасаду памочніка Прэзідэнта на Гомельшчыне.
«Ну а Брэстчына — гэта, вядома, вельмі прыемна. Моцны сельскагаспадарчы рэгіён, наймагутнейшая перапрацоўка краіны, транспартная артэрыя, як чыгуначная, так і аўтамабільная, вялікі кавалак дзяржаўнай мяжы — з Захадам, з суседняй Украінай. Гэта добрыя людзі, якія працуюць там. Заўсёды брастаўчане славіліся сваёй працавітасцю», — пералічыў ён і дадаў, што сярод асноўных задач кіраўніка дзяржавы — людзі і далейшае развіццё рэгіёна.
Кандыдатура Ігара Ляшэнкі, які зараз узначальвае прадстаўніцтва ААТ «Гомельстранснафта Дружба» у Мінску, узгодненая на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Гродна Азот».
«Гэта ваша прадпрыемства, калі вы працавалі і на пасадзе міністра, і віцэ-прэм'ера. Вельмі важнае прадпрыемства, стратэгічнае, — сказаў новаму кіраўніку «Гродна Азота» Прэзідэнт. — Мы шмат казалі пра тое, што ніякіх хістанняў на гэтым прадпрыемстве быць не можа, бо не дай бог, што здарыцца, зараза накрые ўвесь горад Гродна. Таму там павінна быць жорсткая дысцыпліна. Не толькі тэхналагічная, але і ў арганізацыйным плане».
«У сістэме Белнафтахіма гэта адно з найважнейшых прадпрыемстваў», — адзначыў у гутарцы з журналістамі пра ААТ «Гродна Азот» новы генеральны дырэктар.
Ігар Ляшэнка заўважыў, што новы комплекс на «Гродна Азот», прыкладны кошт якога 1,3 мільярда долараў, глабальны не толькі для канцэрна «Белнафтахім», але вельмі важны для ўсёй краіны, у прыватнасці, для сельгасспажыўцоў, ён таксама будзе садзейнічаць росту экспарту.
«Другая задача, якую трэба рэалізаваць, — глыбокая мадэрнізацыя магутнасцяў, якія ўжо там маюцца, з іх прыростам, — дадаў ён. — Прычым мадэрнізацыя павінна прайсці без спынення асноўнай вытворчасці».
Вакансію генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» зойме Кірыл Казакоў (намеснік генеральнага дырэктара гэтай кампаніі).
«Так атрымалася, што я асабіста ўбачыў вас у справе, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Канал вельмі падцягнуўся. Вось я, напрыклад, ужо амаль не бачу розніцы паміж СТБ і, як гэта прынята ў нас казаць, вядучымі каналамі. Хоць вы таксама адзін з вядучых каналаў».
Кіраўнік дзяржавы пахваліў СТБ за тое, што там з’явілася шмат новых твараў, у тым ліку маладых і патрыятычна настроеных, новыя праграмы.
Новы кіраўнік тэлеканала СТБ падзякаваў сваёй камандзе за работу ў апошнія паўгода і заўважыў, што задачы, якія перад ім паставіў Прэзідэнт, не новыя.
«Мы павінны асвятляць шчыра тое, што адбываецца зараз у Беларусі. Мы зрабілі акцэнт на аўтарскую журналістыку, гэта было ацэнена, і думаю, што менавіта ў гэтым кірунку тэлеканал СТБ будзе рухацца далей», — пракаментаваў Кірыл Казакоў прадстаўнікам СМІ сваё прызначэнне.
На пасаду старшыні Клімавіцкага райвыканкама ўзгоднена кандыдатура Міхаіла Дзямідава з Бялынічаў (які працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама).
«Што тычыцца вашага раёна, адкуль вы сыходзіце, — добры раён, — звярнуўся да яго Прэзідэнт. — У нас вечна на слыху Лапацентаў (Аляксандр Лапацентаў — старшыня СВК «Калгас „Радзіма“» Бялыніцкага раёна — «Зв.») з яго вопытам, і калі я вывучаў вашыя асабістыя матэрыялы, я падумаў пра тое, што вы, як чалавек, які ўсё жыццё прапрацаваў з жывёламі, (і людзьмі, натуральна, але як спецыяліст, як заатэхнік, як урач) вы перанясеце гэты вопыт на Клімавіцкі раён».
У гэтым новаму кіраўніку раёна будзе аказаная падтрымка, запэўніў Аляксандр Лукашэнка і таксама анансаваў свой візіт у Клімавіцкі раён сёлета.
У рабочым парадку членам Віцебскага аблвыканкама ўзгодненая кандыдатура начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў гэтага рэгіёна Андрэя Любімава.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kadry