На чарговую экскурсію па рэзідэнцыі Прэзідэнта запрасілі ўдзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!» і іншых патрыятычных мерапрыемстваў. Гасцей з усіх рэгіёнаў краіны вітала прэс-сакратар кіраўніка краіны Наталля Эйсмант.
«Мы перадавалі ўражанні мінулых экскурсійных груп кіраўніку краіны. Ён паабяцаў: пакуль апошні патрыёт, удзельнік патрыятычных акцый, які хоча сюды прыйсці, не наведае Палац Незалежнасці, мы будзем іх прымаць», — сказала прэс-сакратар.
У народзе комплекс называюць рабочай рэзідэнцыяй кіраўніка краіны. Але, як дадала Наталля Эйсмант, Прэзідэнт не вельмі любіць такое азначэнне. Некалькі гадоў таму ён загадаў праводзіць для ахвотных экскурсіі па комплексе, тым самым падкрэсліваючы, што палац належыць у першую чаргу народу. Дарэчы, велічныя прасторы, адмыслова аформленыя залы паказваюць беларусам, якую прыгажосць могуць стварыць іх жа суайчыннікі. Абсалютна ўсё, па словах экскурсавода Александрыны, зроблена ў Палацы Незалежнасці рукамі айчынных майстроў і амаль усё (акрамя мармуровых і гранітных падлог) з матэрыялаў, здабытых у Беларусі.
Падчас падарожжа госці рабілі фотаздымкі. Нікому не адказвала ў размове і магчымасці зрабіць сэлфі прэс-сакратар Прэзідэнта. Усяго ў мінулы панядзелак у Палацы Незалежнасці было дзве экскурсіі, у якіх узяло ўдзел каля 100 чалавек. Многія з гасцей прыходзілі на мерапрыемства сем'ямі, таму ў велічных залах гучаў дзіцячы смех і чуліся здзіўленыя воклічы.
Наведвальнік палаца Віталій Леановіч адзначыў у размове з карэспандэнтамі маштаб збудавання: «Наша дзяржава, Беларусь вельмі прыгожая. А гэты Палац — аблічча, сімвал, цэнтр нашай краіны. Прыгажосць неймаверная. Вось такімі і мы, беларусы, павінны быць, як гэта збудаванне, — годнымі, маналітнымі, моцнымі, прыгожымі і ўпэўненымі ў сабе».
Падзяліўся ўражаннямі і работнік прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» Аляксандр Шкадаў. «Грандыёзна! Самае галоўнае, што гэта зроблена нашымі будаўнікамі. Гэта сімвал незалежнасці краіны», — звярнуў увагу ён.
Вольга Сушко разглядала палац разам са сваімі сынамі 12 і 6 гадоў. Разам з імі яна ўдзельнічае ў аўтапрабегах і прызнаецца, што сваёй грамадзянскай пазіцыі не хавае. «Мы звычайная сям'я з прыгарада. І мы за Беларусь, за нашага Бацьку! Марым, каб у нас усё было добра і быў мір», — расказвае жанчына.
Экскурсіі для ўдзельнікаў патрыятычных акцый будуць працягвацца. Некаторыя адбудуцца ўжо на гэтым тыдні.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/palac-nezalezhnasci