З 28 студзеня ў тэставым рэжыме пачынае працаваць сістэма цеплавізійнага кантролю на ўваход у аэравакзальны комплекс Нацыянальнага аэрапорта Мінск, паведамілі [1] ў прэс-службе аэрапорта.
Новае абсталяванне ўстаноўлена ў сектары прылёту 1-2 (1-ы паверх) і ў сектары вылету 3-4 (2-гі паверх, эстакада). Трапіць у аэрапорт можна будзе толькі праз гэтыя ўваходы, астатнія будуць зачыненыя. На выхад з аэравакзальнага комплексу абмежаванні не распаўсюджваюцца.
Калі абсталяванне зафіксуе павышаную тэмпературу, наведвальніку аэрапорта прапануюць прайсці медагляд.
Абсталяванне пастаўлена ў Нацыянальны аэрапорт Мінск за кошт фінансавай дапамогі СААЗ. Камеры з функцыяй вызначэння тэмпературы цела і высокадакладныя дэтэктары падключаныя да камп’ютараў. Абсталяванне дазваляе рабіць фотафіксацыю чалавека з указаннем яго тэмпературы.
Акрамя таго, такая ж цеплавізійная сістэма ўстаноўлена ў кантраляванай зоне аэрапорта ў сектары міжнароднага прылёту. Тут маніторынг будзе праводзіцца для пасажыраў, якія прыбываюць, яшчэ да пашпартнага кантролю.
Фота: airport.by
Спасылкі
[1] https://airport.by/press-sluzba/news/izmenena-shema-dvizenia-na-vhod-v-aerovokzal
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-aeraport-minsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus