Падчас распаўсюджвання COVІD-19 Беларускі Чырвоны Крыж стаў той арганізацыяй, якая імгненна ўключылася ў дапамогу людзям. Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.
Гэтымі днямі Беларусь наведвае выконваючы абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Расіі, Беларусі і Малдове Аляксандр Мардовін. Ён расказаў, якая дапамога аказваецца нашаму нацыянальнаму таварыству з боку гэтай арганізацыі і які беларускі вопыт па рэагаванні на пандэмію аказаўся карысны для іншых краін.
«Гарачая лінія» і многае іншае
— З пачатку пандэміі федэрацыя імкнулася падтрымліваць нацыянальныя таварыствы ў іх рабоце ў адказ на распаўсюджанне захворвання. Беларускі Чырвоны Крыж уключыў увесь свой патэнцыял. У першую чаргу, гэта хуткая і зладжаная работа. Максімальна былі задзейнічаны ўсе службы Беларускага Чырвонага Крыжа. Неадкладна вызначылі асноўныя прыярытэты, мэтавыя групы, сфарміравалі план дзеянняў па рэагаванні на надзвычайную сітуацыю, — кажа Аляксандр Станіслававіч. — Асабліва хочацца адзначыць тую работу, якая вялася на «гарачай лініі», і работу па псіхасацыяльнай падтрымцы, — той кірунак, які мы прапануем пераймаць у Беларускага Чырвонага Крыжа. Гэта аказалася вельмі эфектыўным, асабліва ў перыяд першай хвалі, калі мала хто ведаў і разумеў, што гэта за захворванне і наколькі яно небяспечнае. І тое, як супрацоўнікі ўключыліся ў работу з рознымі групамі насельніцтва, рэагавалі на ўсе змены, успрымалі інфармацыю і распаўсюджвалі,— гэта вельмі добры прыклад. Асобна трэба адзначыць работу, якая вялася з найбольш уразлівымі групамі — гэта і пажылыя людзі, і малазабяспечаныя сем'і, і асобы без пэўнага месца жыхарства, якія атрымлівалі максімум той дапамогі, што была магчымая.
— Міжнародная федэрацыя ў сваю чаргу аказвае дапамогу Беларускаму Чырвонаму Крыжу...
— Садзейнічанне з боку міжнароднай федэрацыі было першапачаткова вызначана: гэта максімальная падтрымка нацыянальных таварыстваў — і экспертная, і метадалагічная, і фінансавая, калі ёсць такая магчымасць. Гэта дапамога ў падрыхтоўцы персаналу, метадалагічныя і інфармацыйныя матэрыялы. Стараемся знаходзіць фінансавыя рэсурсы для падтрымкі ўсіх праектаў Беларускага Чырвонага Крыжа, і гэта будзе працягвацца па ўсіх кірунках.
Падчас першай хвалі каранавіруса з боку федэрацыі аказвалася найперш інфармацыйная падтрымка, бо была менавіта такая патрэба. Гэта адаптаваныя інфармацыйныя матэрыялы на рускай мове, якія Беларускі Чырвоны Крыж змог эфектыўна выкарыстоўваць. Другая задача была звязана з падрыхтоўкай спецыялістаў, якія рэагуюць на СOVІD-19. Гэта правядзенне семінараў, трэнінгаў, пераважна ў рэжыме анлайн, дзе абмяркоўвалася спецыфіка работы з уразлівымі групамі, у тым ліку, з пажылымі людзьмі. Аказвалася і метадычная падтрымка, напрыклад, як арганізаваць службы па дастаўцы прадуктаў. І канешне, фінансавая дапамога — у цэлым гэта каля трох мільёнаў рублёў.
— Выдаткаваныя нам грошы пайшлі на сацыяльную падтрымку ўразлівых катэгорый, на закупку сродкаў аховы, інфармацыйныя матэрыялы, — дадае начальнік аддзела па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі і вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Віталь Тарашкевіч. — Сярод катэгорый, якім аказвалася дапамога, акрамя асоб без пастаяннага месца жыхарства, былі людзі, што вызваліліся з месцаў зняволення, людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем'і, тыя, хто пацярпеў з-за страты работы або кармільца. Мы іх выяўлялі і дапамагалі. Праграма рэалізуецца і цяпер. Падтрымка міжнароднай федэрацыі дазволіла паклапаціцца і пра валанцёраў, якія былі задзейнічаны з канца сакавіка мінулага года. Яны былі забяспечаны сродкамі аховы, застрахаваны і экіпіраваны.
Віталь Тарашкевіч кажа, што цяпер вопыт такой работы аналізуецца: што больш карысна — прадуктовыя наборы, грашовая дапамога ці ваўчары, каб на будучае існаваў алгарытм дзеянняў у той ці іншай сітуацыі. І магчымасць падзяліцца з іншымі сваімі напрацоўкамі.
— Ведаю, што беларускі вопыт па псіхасацыяльнай падтрымцы актыўна выкарыстоўваўся і ў Расіі, — кажа Аляксандр Мардовін. — Пэўны досвед перанялі і беларусы ў Расійскага Чырвонага Крыжа. Пандэмія пакуль працягваецца, і ў рабоце ў бягучым годзе рэагаванне на яе — гэта асноўная задача. Тут узнікае і пытанне
будучай вакцынацыі. Міжнародная федэрацыя рыхтуе з гэтай нагоды інфармацыйныя матэрыялы.
Замерзлыя ў горадзе і на дарозе
Аднак вядома, што Беларускі Чырвоны Крыж прыходзіць на дапамогу і ў іншых надзвычайных сітуацыях. Гэтай зімой такой сталі нізкія тэмпературы цягам некалькіх дзён. Найбольш уразлівымі ў студзеньскія маразы аказаліся людзі без пэўнага месца жыхарства. Нярэдка падтрымка ў выглядзе кубка гарачага чаю была дарэчы і звычайным гараджанам, якія вымушаны былі доўгі час правесці на вуліцы. Больш істотная дапамога была патрэбна аўтамабілістам, у якіх у экстрэмальных умовах на дарозе замярзалі машыны. Сурацоўнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа пастараліся дапамагчы ўсім. Як удалося гэта зрабіць, расказаў Віталь Тарашкевіч.
— З наступленнем халадоў мы вызначылі ўразлівыя катэгорыі. Найперш гэта людзі без пэўнага месца жыхарства, якія ў такія перыяды патрабуюць асаблівай увагі. Мы ўстанавілі тэмпературны парог у мінус 15 градусаў — пры такіх і мацнейшых маразах мы разгортваем мабільныя пункты абагрэву з раздачай гарачага чаю, а таксама харчавання для людзей без пэўнага месца жыхарства. Гарачы чай, дарэчы, маглі атрымаць усе, хто бачыў наш аўтамабіль і заходзіў у тэрмапункт. Вялікая ўвага была аддадзена асобам без пэўнага месца жыхарства, ім раздавалі прадуктовыя і гігіенічныя наборы, цёплыя рэчы (шкарпэткі, шапкі, шалікі, курткі, пальчаткі) і сродкі аховы — маскі і антысептыкі.
Палаткі з абагрэвам і аўтамабілі Беларускага Чырвонага Крыжа можна было сустрэць каля цэнтраў часовага знаходжання людзей без пэўнага месца жыхарства. Таксама ў тых месцах, дзе гэтыя людзі звычайна збіраюцца. Прычым не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў іншых гарадах і населеных пунктах.
— У Гомелі была выстаўлена палатка, дзе людзі без пэўнага месца жыхарства маглі пераначаваць. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дало раскладушкі. З 15 да 17 студзеня там начавалі 33 чалавекі. Ёсць людзі, якія аказваюць падтрымку, у прыватнасці, раздаюць ежу асобам без пэўнага месца жыхарства, у сталіцы такі пункт знаходзіцца ў раёне вуліцы Школьнай. Мы па дамоўленасці з гэтым чалавекам таксама прыязджалі, высвятлялі патрэбы і аказвалі дапамогу.
З 14 да 21 студзеня па ўсёй краіне дапамогу атрымалі звыш 3000 чалавек, да работы было прыцягнута звыш 200 валанцёраў, праведзена 32 аўтарэйды, арганізаваны 121 стацыянарны пункт абагрэву і сем мабільных пунктаў. Актыўна дапамагалі і аўтамабілістам.
— Былі выяўлены месцы, дзе людзі трапілі ў затор, выязджалі да тых, у каго на дарозе замерзлі машыны, ажыццяўлялі эвакуацыю кіроўцаў. Часам дапамога патрабавалася сем'ям з дзецьмі — у Ваўкавыскім раёне і Гомельскай вобласці. Нашы валанцёры своечасова пад'ехалі і даставілі людзей у населеныя пункты, — расказвае суразмоўца.
Доўгая дарога дадому
Здараюцца выпадкі, калі дапамога патрэбна грамадзянам Беларусі, якія за мяжой трапілі ў складаныя сітуацыі — знаходзяцца ў бальніцы з траўмамі ці засталіся без сродкаў да існавання. У іх вяртанні на радзіму таксама дапамагае Беларускі Чырвоны Крыж, прычым удзельнічаюць нацыянальныя таварыствы некалькіх краін.
— Зусім нядаўна ў Сімферопалі грамадзянін Беларусі, які там працуе, трапіў у складаную сітуацыю, — расказвае Віталь Тарашкевіч. — Ён знаходзіцца ў бальніцы з абмаражэннямі, двухбаковым запаленнем лёгкіх. Пра сітуацыю мы даведаліся праз міжнародную федэрацыю, папрасілі забяспечыць чалавека сродкамі сувязі. Зараз гэты грамадзянін знаходзіцца пад наглядам медыкаў, атрымлівае дапамогу, сітуацыю кантралюе Расійскі Чырвоны Крыж. Нядаўна быў выпадак, калі эвакуявалі беларуса з Украіны ў Гродзенскую вобласць. Ён аказаўся без сродкаў да існавання, некалькі дзён жыў у памяшканні Чырвонага Крыжа. Аперацыя па вяртанні заняла два тыдні. На радзіме яго сустрэлі блізкія.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-chyrvony-kryzh