У студзені ў Беларусі стартавала кампанія вакцынацыі насельніцтва супраць інфекцыі COVІD-19 расійскім прэпаратам «Спадарожнік V». Першыя вакцыну атрымліваюць медыцынскія работнікі. У Мінскай вобласці на мінулым тыдні пачалі прышчапляць медыкаў Слуцка, Салігорска, Барысава, а таксама некаторых раённых цэнтраў. Пасля медыкаў вакцынаваць будуць педагогаў, работнікаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых, работнікаў гандлю і іншых сфер, што кантактуюць з вялікай колькасцю людзей, а таксама ўсіх ахвотных ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.
Загадчык аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анжэла Галенчык растлумачыла некаторыя асаблівасці правядзення вакцынацыі.
— Вакцына супраць каранавіруснай інфекцыі «Гам-Ковід-Вак» вытворчасці Расійскай Федэрацыі з 18 студзеня транспартам РУП «Мінская Фармацыя» з выкананнем умоў «халадзільнага ланцуга» дастаўляецца ў арганізацыі аховы здароўя Мінскай вобласці, і ў найбліжэйшы час пачнецца вакцынацыя тых, каму з прычыны сваёй прафесіі даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю людзей, — кажа Анжэла Васілеўна.
— Вакцынаваць будуць толькі ахвотных?
— Так. Ад іх колькасці, а таксама ад графікаў вакцынацыі ў арганізацыях аховы здароўя будзе залежаць колькасць праведзеных прышчэпак.
— Ці ёсць асаблівасці перавозкі, захоўвання, а таксама ўвядзення новай вакцыны?
— Вакцына «Гам-Ковід-Вак» павінна транспартавацца і захоўвацца пры тэмпературы не вышэй за мінус 18 °С, што ўдалося забяспечыць на ўсіх этапах перавозкі. Вакцына складаецца з двух кампанентаў, якія ўводзяцца ўнутрымышачна з інтэрвалам у тры тыдні.
— Наколькі эфектыўная расійская вакцына?
— Паводле інструкцыі ад вытворцы па ўжыванні гэтай вакцыны,
эфектыўнасць па даных прамежкавага аналізу складае больш за 91 %, што лічыцца вельмі добрым вынікам.
— Ці трэба рабіць прышчэпку ад каранавіруса, калі ўжо перахварэў?
— Зноў-такі, згодна з інструкцыяй, перанесеная інфекцыя COVІD-19 не з'яўляецца супрацьпаказаннем для ўвядзення вакцыны. Але па рэкамендацыях Міністэрства аховы здароўя прышчапляцца можна не раней, чым праз шэсць месяцаў пасля выздараўлення.
— Пацыент мусіць неяк рыхтавацца да вакцынацыі?
— Перад прышчэпкай неабходны абавязковы агляд урача, падчас якога вымяраюць тэмпературу цела і сатурацыю, аглядаюць зеў, збіраюць эпідэміялагічны анамнез.
— Што нельга рабіць пасля прышчэпкі?
— Пасля вакцынацыі пацыент павінен знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персаналу на працягу 30 хвілін. Далей на працягу трох дзён пасля працэдуры рэкамендуецца не мачыць месца ін'екцыі, не наведваць саўну і лазню, не ўжываць алкаголь, пазбягаць празмерных фізічных нагрузак. Пры ўзнікненні якіх-небудзь змен у самаадчуванні трэба звярнуцца ў медыцынскую ўстанову і праінфармаваць свайго ўчастковага ўрача.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: tverlife.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/gramadstva
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue