Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства.
«Падстаў для самазаспакаення я не бачу»
Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства.
Па яго словах, мінулы год стаў для ўсіх павучальным. «Вулічныя шэсці, заклікі да забастовак на прадпрыемствах, дыверсіі на чыгунцы, пагрозы і гвалт у дачыненні да прадстаўнікоў улады, хакерскія атакі на дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы — далёка не поўны пералік таго, з чым нам давялося сутыкнуцца», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўся падрыўная дзейнасць накіроўвалася і фінансавалася з-за мяжы, каардынацыя незаконных акцый ішла праз сацыяльныя сеткі і месенджары, укідвалася інфармацыя, нацэленая на дыскрэдытацыю намаганняў па навядзенні парадку ў Беларусі.
«Час прайшоў, і ўсё, што я кажу, пацвердзілася, з бегам часу, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Праваахоўныя і іншыя дзяржаўныя органы дазволілі нашай краіне не зваліцца ў прорву чарговай каляровай рэвалюцыі, як бы таго ні хацелі замежныя спонсары пратэстаў. Хоць найбольш яркія праявы пратэстнай актыўнасці мы спынілі, падстаў для самазаспакаення я не бачу».
«Пуцін паўтарае тое, што рабіў Лукашэнка. Ды не, нам трэба вучыцца ў расіян»
Патлумачыў свае думкі Аляксандр Лукашэнка на прыкладзе пратэстных падзей у Расіі. «Кажуць Пуцін паўтарае тое, што рабіў Лукашэнка. Ды не, нам трэба вучыцца ў расіян, як рэагаваць на падобныя рэчы. І не толькі ў плане сілавога кампаненту», — канстатаваў ён.
Па яго словах, нязгодныя, носьбіты «свайго» меркавання былі заўсёды — і гэта нармальна. Нічога новага, на думку кіраўніка краіны, за выключэннем павелічэння працягласці перыяда пратэстаў не адбылося.
«Гэта было заўсёды. Пасля таго, як стаў Прэзідэнтам, я зламіў нацыяналістычны, нацмэнаўскі, фашысцкі курс, які праводзілі да гэтага. І адразу адбылося падпальванне, пераварочванне аўтамабіляў, “трызубцы” з Украіны, Польшчы, бчбэшныя сцягі і іншае. Усё гэта мы праходзілі. Адзінае — пандэмія наклала пэўны адбітак», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Заўтра будзе палітычная амністыя, калі мне хтосьці пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе»
Прэзідэнт заявіў, што «палітычная амністыя будзе заўтра», калі яму хоць пакажуць аднаго асуджанага па палітычных прычынах.
«Сёння некаторыя стогнуць і рыдаюць: вось амністыя. Палітычная амністыя і іншае. Заўтра будзе палітычная амністыя, калі мне хтосьці пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе і што яны асуджаныя ці затрыманыя, арыштаваныя па палітычных матывах. Я іх імгненна памілую, — сказаў Прэзідэнт».
Ён заявіў, што не трэба мець ілюзій пра палітычных заключаных: сядзяць у турме за злачынствы эканамічнага характару.
«Калі чалавек не хоча сядзець у турме за злачынства эканамічнае, фінансавае, крымінальнае, аддай апошняе, калі ў цябе ёсць. Калі не, суд вырашыць. Як вырашыць суд, так і будзе. Вось і ўся палітычная і іншая амністыя», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Нам хаваць няма чаго. Грамадства павінна ведаць нашу пазіцыю»
Прэзідэнт заявіў, што гатовы актыўна працаваць, весці дыялог з тымі, хто «заблытаўся». Па яго словах, усе, хто хацелі выказаць сваю пазіцыю, выступалі на дыялогавых пляцоўках.
«На гэтых дыялогавых пляцоўках мы выкрышталізоўваем меркаванні і падымаем іх наверх, на Усебеларускі народны сход. Нас пачынаюць зараз крытыкаваць: “Гэта не тое, што гэта за сход?” Гэта робяць перш за ўсё збеглыя», — сказаў Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што прадстаўнікі апазіцыі за мяжой аб’явілі свой альтэрнатыўны сход і адмовіліся прызнаваць Усебеларускі народны сход.
«Вы яго не прызнаеце. Хто вас будзе выбіраць на гэты Усебеларускі народны сход? Хто вас будзе туды запрашаць? Аб’явілі альтэрнатыву — праводзьце яго ў замежжы», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Як ён заявіў, нягледзячы на тое, што ўсе дэлегаты абраны, прадстаўнікоў апазіцыі, хто хоча размаўляць, запросяць.
«Нам хаваць няма чаго. Грамадства павінна ведаць нашу пазіцыю. Вы ведаеце, што ўсё больш людзей адкрыта заяўляюць аб сваёй пазіцыі ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта і ўлады. І ў папрок мне ставяць: “Перадайце Прэзідэнту, каб ён больш не казаў, што не хоча быць Прэзідэнтам”. Я гэта пачуў, маўчу. Па-другое, просяць адкрыта і шчыра казаць, што думаеце. Улада павінна адкрыта казаць. Не выкручвацца. Мы мабыць, таксама гэта робім», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны.
З цягам часу, запэўніў Аляксандр Лукашэнка, КДБ абнародуе факты, як дэструктыўныя сілы збіраліся ўзрываць дамы і вуліцы, і адкуль для гэтага ішла ўзрыўчатка.
«Я пакуль не называю людзей, не называю групы. Некаторыя ўжо вядомы. Я мяркую, у бліжэйшы час мы гатовы гэта прадэманстраваць нашаму грамадству. І вось, калі б узарвалі хаця б адзін дом, то нашы ачумелыя ў Мінску, што перажываць за гвалт, шмат бы зразумелі. Ды дзякуй, КДБ і міліцыі, якія нейтралізавалі гэтых “дзеячаў”», — канстатаваў кіраўнік краіны.
Прэзідэнт, нагадаў, што абараняць сваю краіну — яго канстытуцыйны абавязак: «І я буду абараняць, чаго б мне гэта не каштавала. Трэба — на танку, на БМП, з аўтаматам у руках».
«Сёння нам важна вызначыцца, чаго рэальна не хапае ў заканадаўстве для надзейнага выяўлення і спынення любых дзеянняў, накіраваных супраць дзяржавы»
Прэзідэнт заявіў, што з дзеячамі, што парушалі закон, трэба разабрацца і самы галоўны тут механізм — прававы. «За апошнія гады мы шмат зрабілі ў напрамку лібералізацыі прававых нормаў. Аднак падзеі, якія адбыліся, востра ставяць пытанне: ці не занадта мы захапіліся? Заканадаўства павінна не толькі аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы. І гэта самае галоўнае», — канстатаваў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што шэраг неабходных нормаў па прапановах грамадзян ужо ўключаны дэпутатамі ў новыя кодэксы аб адміністрацыйнай адказнасці, а таксама ў папраўкі да крымінальнага заканадаўства.
«Ці дастаткова гэтага, ці трэба нешта яшчэ, напрыклад у сферы барацьбы з экстрэмізмам, тэрарызмам? Можа варта таксама вярнуцца да заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і іншых актаў, што тычацца грамадскай бяспекі? Паглядзець, як за мяжой, у тых жа Францыі і Германіі ды і ў суседняй Расіі?», — задаў пытанні прысутным кіраўнік краіны.
Ён дадаў, што адказы на гэтыя пытанні павінны быць у органаў, якія знаходзяцца сёння на перадавой процідзеяння спробам дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Каардынуе адпаведную дзейнасць Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі, нагляд за выкананнем заканадаўства ажыццяўляе Генеральная пракуратура. Вярхоўны Суд забяспечвае судовы разгляд матэрыялаў, падрыхтаваных праваахоўнымі і іншымі ўпаўнаважанымі органамі.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў прысутных не захапляцца прыватнасцямі і ведамаснымі інтарэсамі, а падумаць аб глабальным, перш за ўсё пра наступствы для бяспекі краіны.
«Сёння нам важна вызначыцца, чаго рэальна не хапае ў заканадаўстве для надзейнага выяўлення і спынення любых дзеянняў, накіраваных супраць дзяржавы», — заявіў Прэзідэнт.
«Ніхто Пуціну не даруе, што ён аб’яднаў Расію»
Аляксандр Лукашэнка заявіў: падзеі ў Расіі сведчаць, што летась абсалютна дакладна ўлавілі кірунак дзеяння замежжа супраць нас — Беларусь ім патрэбна была як трамплін для атакі на Расійскую Федэрацыю.
«Я закранаю пытанне Расіі яшчэ і таму, што ў Расіі, асабліва іх пратэстуны, занепакоіліся: чаму Лукашэнка маўчыць, нічога не кажа? Мы пра гэта казалі не аднойчы. Сёння гэта пацвярджаецца. Глыбінная прычына ў тым, што спакойна Беларусі і Расіі жыць не дадуць. Расія не падуладная, як модна казаць у народзе, вашынгтонскаму абкаму і іншым еўрасаюзам. Такая Расія ў свеце нікому не трэба. Яе трэба загнаць у стойла», — такую ацэнку цяперашніх дзеянняў з замежжа даў кіраўнік краіны.
Па словах Прэзідэнта, галоўнае адрозненне беларускіх пратэстных падзей ад расійскіх у тым, што ў нас разлічвалі ажыццявіць бліцкрыг, а Расію будуць раскачваць доўга.
«Гэта расследванне беглага, але прынятага назад у Расію нямецкага пратэстуна (Аляксея Навальнага. — «Зв.») — гэта толькі пачатак. Яму я хачу сказаць, паколькі ў свой час мне давялося займацца пытаннямі барацьбы з карупцыяй. Калі хтосьці вырашыў змагацца супраць моцных, улады, Прэзідэнта, ажыццяўляць барацьбу з карупцыяй, трэба быць самому крыштальна чыстым», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт задаўся пытаннем, як знаходзячыся ў Германіі на лячэнні амаль у непрытомнасці, Аляксей Навальны мог зрабіць двухгадзінны фільм.
«Я пра змест нічога не кажу і казаць не збіраюся. Я не даследваў фактаў. Я кажу толькі пра тое, каб весці гэта барацьбу трэба быць самому па-за падазрэннем», — сказаў Прэзідэнт.
Ён працягнуў: «Ніхто Пуціну не даруе, што ён аб’яднаў Расію. Ніхто яму не даруе, што ён спыніў войны ў Расіі, у кучу сабраў у краіну. Яму гэта не даруюць ні амерыканцы, ні Еўрасаюз, ні ўнутраныя лібералы. І я ведаю, што ён да гэтага гатовы, вопытны чалавек. Не трэба тут апраўдвацца. Людзі ва ўсім разбяруцца самі».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, «гульня» ў Расіі будзе доўгая — выбары ў Дзяржаўную Думу будуць першай рэпетыцыяй пратэстных падзей.
«Расію зноў хочуць вярнуць у сярэдзіну 90 гадоў, калі ва ўрадзе, ФСБ, Адміністрацыі Прэзідэнта сядзелі дарадцы са Злучаных Штатаў Амерыкі і НАТА і раілі, што рабіць са зброяй, атамнай зброяй і гэтак далей», — упэўнены кіраўнік краіны.
Ён дадаў, што пастаянна з калегамі з Расіі абмяркоўвае гэтыя пытанні і яны адзіныя ў сваёй пазіцыі.
«Мы да гэтага былі на адным баку барыкад. Будзем і далей ваяваць за тое, каб людзьмі звацца», — заявіў Прэзідэнт.
Ён яшчэ раз акцэнтаваў, што абараняць сваю краіну будзем па закону. Усе змены неабходна прапісаць у нарматыўна-прававых актах і данесці іх да людзей.
«Пакуль ёсць час давайце будзем працаваць, выдаляць гэтыя касякі, каб людзі ўбачылі, што мы чуем нават меншасць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аляксандр РАХМАНАЎ, намеснік дзяржсакратара Саўбеза паведаміў пасля нарады, што сёлета на працягу першага квартала неабходна ўнесці змены ў нацыянальнае заканадаўства.
«Неэфектыўнасць дзеючага заканадаўства, яго няздольнасць своечасова рэагаваць на выклікі і рызыкі, што ўзнікаюць, з’яўляецца недапушчальнай. У гэтай сувязі сёння на нарадзе разглядалася шырокае кола пытанняў удасканалення нацыянальнага заканадаўства, магчымасці яго актуалізацыі на перспектыву, каб яно своечасова і аператыўна рэагавала на любыя рызыкі і пагрозы, накшталт тых, з якімі сутыкнулася наша краіна ў другім паўгоддзі 2020 года», — паведаміў ён.
Будучыя змены, па словах Аляксандра Рахманава, закрануць не толькі адміністрацыйны, крымінальны, крымінальна-выканаўчы кодэкс, але і ў працоўнае, выбарчае заканадаўства.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva