Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ наведаў ААТ «Агат — электрамеханічны завод» і сустрэўся з яго працоўным калектывам.
Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты парламента, сенатар азнаёміўся з вытворчым працэсам і яго вынікамі, наменклатурай выпускаемай прадукцыі, станам і перспектывамі павелічэння яе экспарту, пацікавіўся ўмовамі працы, заработнай платай, тэмай сацыяльнага развіцця прадпрыемства.
Падчас размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Сяргей Рачкоў расказаў аб дзейнасці Савета Рэспублікі, прынятых падчас восеньскай сесіі законапраектах, іх арыентаванасці на рашэнне ўнутрыэканамічных задач, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва з акцэнтам на павелічэнне экспарту беларускіх тавараў і паслуг.
Парламентарый падрабязна расказаў аб рабоце сенатараў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, правядзенні імі асабістых прыёмаў (у тым ліку выязных) і прамых ліній.
Старшыня Пастаяннай камісіі асобна спыніўся на пытаннях, звязаных з VІ Усебеларускім народным сходам. Ён адзначыў важнасць форуму для абмеркавання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады і вызначэння кірункаў удасканалення палітычнай сістэмы краіны.
Сенатар таксама падзяліўся сваёй ацэнкай сучаснай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, меркаваннем аб практыцы выбараў прэзідэнта ЗША на падставе свайго неаднаразовага ўдзелу ў міжнародным назіранні за выбарамі кіраўніка амерыканскай дзяржавы і растлумачыў, якімі бываюць разбуральныя наступствы «каляровых рэвалюцый» у краінах, у якіх ён працаваў надзвычайным і паўнамоцным паслом.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/parlament
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-isachanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rachkou