Эканоміка прадпрыемства, інавацыйны праект і работа са зваротамі аказаліся ў цэнтры ўвагі сенатара, які наведаў значныя аб'екты Аршанскага раёна.
У канцы працоўнага тыдня адбылася рабочая сустрэча старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла РУСАГА з працоўным калектывам адкрытага акцыянернага таварыства «Аршанскі мясакансервавы камбінат», на якой абмяркоўваліся перспектывы развіцця прадпрыемства ў бягучым годзе.
Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, падчас рабочай паездкі сенатар таксама наведаў значны аб'ект Віцебскай вобласці, будаўніцтва якога знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Гаворка аб рэалізацыі інавацыйнага сельскагаспадарчага праекта пад Оршай — малочнатаварнага комплексу «Вусце».
Парламентарый звярнуў увагу на выкананне тэхналогіі пры запаўненні племянным пагалоўем буйной рагатай жывёлы гэтага комплексу і захаванне агульнага парадку на тэрыторыі.
Міхаіл Русы таксама вывучыў работу са зваротамі грамадзян у Аршанскім раёне. У прыватнасці, Міхаіл Іванавіч дэталёва азнаёміўся з жыллёвым пытаннем шматдзетнай сям'і, якое не можа вырашыцца працяглы час.
— Паспрабуем дапамагчы разабрацца ў гэтай сітуацыі, — цытуе сенатара «Аршанская газета». — Тут патрэбны індывідуальны падыход.
Старшыня камісіі таксама падкрэсліў, што вывучэнне практыкі работы са зваротамі грамадзян на месцах — гэта добры вопыт, свайго роду вучоба.
Толькі за мінулы год старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні разгледзеў больш за тысячу зваротаў грамадзян. І ў асноўным гэта былі пытанні ЖКГ, якія датычацца прававых аспектаў і зямельнага заканадаўства.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/mihail-rusy