«Амаль навагодняя» ці «амаль казка»? — падумаў я, калі пачынаў чытаць «Чужую мару» Алены Стэльмах. — Альбо і тое, і другое разам?» Але як бы я ні камбінаваў гэтыя словы, больш за ўсё мяне бянтэжыла адно з іх — «казка». Не ў якасці жанравага азначэння твора, а ў сэнсе адпаведнасці гэтага жанру ўмовам звяздоўскага конкурсу апавяданняў. Усё стала зразумела, калі «Чужая мара» была дачытана. Ад зусім рэалістычнай, мне нават падалося, асабіста-дакументальнай гісторыі, сапраўды, веяла нечым незвычайным, навагоднім, казачным. Веяла, чарговы раз пераконваючы, што і ў XXІ стагоддзі самае дзівоснае і нават неверагоднае здараецца дзякуючы не навуковаму прагрэсу, а чалавечым адносінам.
Алесь Бадак
— Я ніколі ў жыцці не каштаваў зефір. Які ён? — дзяліўся сваёй запаветнай марай усхваляваны Сахін, калі даведаўся, што ў маёй краіне гэта адзін з любімых ласункаў.
Як было растлумачыць майму індыйскаму сябру, што ўяўляе сабой зефір, смак якога і зараз мне нагадвае дзяцінства?
Паказаць, як зефір выглядае дзякуючы сучасным прыстасаванням, — прасцей за ўсё. Націснуў на мабільніку некалькі кнопак і, калі ласка, любуйся, дарагі сябар.
— О, гэта снег! — узрадаваўся індыец майму фота зефіра ў прыгожай каробачцы. І з замілаваннем прызнаўся, што ён неаднойчы бачыў на малюнках, як дзеці гуляюць у снежкі.
— Так, ён падобны да снежак, — усміхнулася я трапнаму параўнанню чалавека, які ніколі ўжывую не бачыў снег. І дадала, на мой погляд, істотнае: — Толькі зефір не растае.
Але хутка адумалася:
— Чаму не растае? Гэта смаката нават лёгка растае...
— Ён белы, як і твая краіна — Беларусь? — не сунімаўся Сахін.
— Так, ён белы, як і белая, светлая мая краіна. А яшчэ яна зялёная, блакітная, залатая, — апісваю замежніку шматаблічную Беларусь, якая патанае ў высокіх лясах, глядзіць глыбокімі вачыма азёр, калосіцца спелай нівай.
На першы погляд, як цяжка людзям зразумець адзін аднаго! І нічога дзіўнага ў гэтым няма, тым больш, калі яны жывуць на розных кантынентах і маюць прынцыпова іншыя веравызнанні, этнакультуру, нацыянальныя традыцыі. Як і ў нашым з Сахінам выпадку: што для мяне — абсалютна знаёмае і простае, для яго — тайна за сямю пячаткамі. Як і блізкая яму старажытная Індыя для мяне — надзвычай загадкавая, нават містычная. Але калі ёсць узаемнае жаданне дабра, памкненні людзей высакародныя, іх душы чыстыя і адкрытыя, то адшукваюцца і шляхі для ўзаемаразумення, і знаходзіцца агульная мова. Як удалося і нам, валодаючы сваімі роднымі мовамі — мне беларускай, а яму хіндзі, — размаўляць на агульнай мове сяброўства.
Наша інтэрнэт-перапіска з індыйцам Сахінам Вагам доўжыцца ўжо болей за год. Скажу адразу, што да розных віртуальных знаёмстваў стаўлюся асцярожна. Не хочацца марнаваць час на пераліванне з пустога ў парожняе.
А гэты чалавек зачапіў мяне сваім інтэлектам, цікавасцю да літаратуры, павагай да працы пісьменніка.
Тэма, якая звязала нас бліжэй, — індыйскае кіно, такое папулярнае ў Беларусі, асабліва ў савецкі час. Тым больш што Сахін жыве ў Мумбаі, так званым Балівудзе, цэнтры індыйскай кінаімперыі. Падхопліваем вядомы жарт: калі ў амерыканскім або еўрапейскім фільме ружжо, што вісіць на сцяне, абавязкова выстраліць, то ў індыйскім — спяе і станцуе. Шкадуем, што ў красавіку гэтага года не стала нашага агульнага ўлюбёнца — найпапулярнейшага індыйскага акцёра Рышы Капура...
Паступова я ўсё больш пачынаю дазнавацца з вуснаў жыхара самага вялікага горада на захадзе Індыі, яе, дарэчы, і фінансавай сталіцы — Мумбаі, — як жывуць тут людзі розных рэлігій і кастаў.
Сахін працуе ў адной з аўтарытэтных мумбайскіх фірмаў, ахвотна запрашае мяне ў завочнае падарожжа. І я ўяўляю вытанчаныя хмарачосы са шкла і металу, прыгожа апранутых людзей, якія ездзяць на дарагіх машынах, побач таксі і папулярныя аўтарыкшы. Горад стракаціць шматлікімі кіёскамі з традыцыйнымі індыйскімі кветкамі і гірляндамі. Пра кароў — свяшчэных у Індыі жывёл — ведаю са школьнага падручніка. Неверагодна бачыць ажылую гісторыю, ад чаго перахоплівае дых: каровы ля храмаў і на вуліцах, іх лежні нават на стрэхах дамоў.
— Аднак Мумбаі вядомы і сваімі трушчобамі, — заўважае мой гід. — У вочы чалавека, які трапіць сюды ўпершыню, кінецца бедната і ўбогасць жытла. Але той, хто ўнікне ва ўнутраны свет трушчоб, па-іншаму зразумее іх парадак і арганізаванасць. Нягледзячы на беднасць трушчоб, адзенне і хаціны саміх насельнікаў заўсёды чыстыя і ахайныя. Тут за работай кожны працаздольны. Мужчыны занятыя ў розных майстэрнях, жанчыны вядуць хатнюю гаспадарку, гандлююць на мясцовым рынку. У трушчобах ёсць неафіцыйныя школы, дзе дзеці навучаюцца грамаце і вывучаюць азы матэматыкі. Жанчыны, як і паўсюдна, не страчваюць сваю жаноцкасць: у кожнай святочныя сары і некалькі залатых упрыгожанняў.
Разважаем з Сахінам пра шчасце, права на якое мае кожны, на якім бы лапіку зямлі ні жыў, якую б культуру ні нёс. Якое яно, такое жаданае, чаканае чалавечае шчасце? Дзе яму, здарожанаму, сяліцца зручней: пад дахам гарадскога гмаху ці на ўскрайку ў беднай хаціне?
Часта гаворым пра надвор'е, бо менавіта яно ў многім абумоўлівае лад жыцця жыхароў любой краіны. Я распавядаю Сахіну, як на маёй радзіме мяняюцца поры года: чым, напрыклад, вабіць восень, чаруе зіма. Сахін уражаны пачутым. У яго на пытанне пра надвор'е дзяжурны адказ — у нас спякота. А таму большую частку работы мумбайцы стараюцца выконваць раніцай або вечарам, днём адпачываюць у цені дрэў і будынкаў, хоць шматмільённы Мумбаі чымсьці нагадвае гуллівы вулей у любы час сутак. Дзякуючы цёпламу і вільготнаму клімату нават у гэтыя навагоднія дні можна купацца ў Аравійскім моры, на ўзбярэжжы якога знаходзіцца Мумбаі. Чуючы пра такую раскошу ў нашы золкія халады, я летуценна ўздыхаю.
— Беражы сябе! — неаднаразова заклікае Сахін у сваіх пасланнях.
За час нашага знаёмства Беларусь стала да яго значна бліжэй. Ён сочыць за навінамі, цікавіцца падзеямі, ведае пра злашчасны каранавірус і на нашай тэрыторыі.
Сахін расказвае, як Індыя, вельмі густанаселеная краіна, б'е рэкорды па захварэлых, як ад «кароны» церпяць людзі. Некаторыя з-за эканамічных цяжкасцяў страчваюць работу, а гэта дадае трывог, хваляванняў. Так здарылася і з яго сябрам, пазбаўленым месца перакладчыка.
— Беражы сябе! — настойліва паўтарае Сахін. А сам «падхоплівае» вірус, следам хварэе і ўся яго сям'я.
Я жадаю невядомым мне людзям у далёкай Індыі хутчэйшага выздараўлення, гэтак жа шчыра, як і маім землякам беларусам. Хачу, каб яны лёгка перанеслі небяспечную хваробу.
Пакуль цяжка разабрацца, навошта вірус «палюе» на нас. Але тое, што ён выпрабоўвае чалавецтва на чалавечнасць — гэта відавочна ўжо зараз. З гэтым згодны і мой далёкі таварыш Сахін з самай шматнацыянальнай краіны ў свеце.
Пры той велізарнай колькасці думак, што мільгаюць у галаве, усё ж значнай іх частцы ўласціва як нечакана з'явіцца, і гэтак жа хутка знікнуць. А вось тая мая, пра зефір — незабыўная. Яна, як падводная лодка, час ад часу ўсплывае на паверхню і падае напамінальны сігнал:
— Не расслабляйся. Тут я!
Мара Сахіна, які ніколі не каштаваў зефір, становіцца маёй неадчэпнаю марай — дапамагчы яму спраўдзіць яе.
Зефір, па праўдзе кажучы, у свеце і не такая ўжо рэдкасць. Яго называюць спрадвечна рускім дэсертам, да яго прыхільныя французы, і амерыканцам даспадобы яго падабенства — маршмэлоў. Але такога зефіру, як у нашым Бабруйску, напэўна, не вырабляюць нідзе. Традыцыі «Чырвонага харчавіка» — той рэдкі выпадак, калі праз многія гады ён не стаў, як кажуць, іголкай у стозе сене, не страціў натуральны смак гэтага пачастунку. Было, схапіліся і тут за падарунак прагрэсу — новую лінію. Дзве гадзіны і зефір — шпок, шпок, — гатовы. Але ж ён з тым, дзедаўскім метадам робленым, — далёкае сваяцтва, як яблык антонаўка, з якога вырабляюць зефір, і лясная яго сястра — дзічка. Таму вярнуліся майстры да выверанай класікі. Словам, быць сапраўднымі ва ўсім — адметная рыса характару беларусаў.
...Пасля глыбокай і нуднай восені, паснежанае чаканне Новага года надае новыя жыццёвыя рытмы. Асабліва абнадзейвае памятны з дзяцінства спадзеў на ажыццяўленне мар менавіта ў гэтую цудадзейную пару. І ў мяне нараджаецца Ідэя!
Кандытарская фабрыка знакаміты зефір адпраўляе ў 15 краін свету: ЗША, Канаду, Кітай... Індыі ў гэтым спісе няма. Дык, можа, мая маленькая пасылачка пракладзе дарогу беларускай смакаце і на паўднёваазіяцкі рынак? Раблю нясціплы замах на вялікія абставіны. Хоць і пра першую ластаўку кажуць, што яна вясну не робіць. Але як сардэчна, калі яна прыляціць!
— Тэрмінова дашлі мне свой адрас! — прашу пагружанага ў свае справы Сахіна.
— Зефір. Ён атрымае зефір! — радуюся, старанна выводзячы англійскія літары ў змястоўным адрасе на лістку майго адрасата.
Дрыжачымі рукамі працягваю паштарцы каробачку. Яна афармляе пасылку — вельмі спакойна робіць звыклую для сябе справу. А маю душу напаўняе бурлівымі хвалямі Індыйскі акіян узнёслых пачуццяў. Быццам тут, у невялікім паштовым пакойчыку, надаю крылы ружовай мары майго сябра. Праводжу вачыма каробачку, якая павольна плыве па спецыяльнай стужцы, якую запусціла паштарка. Па маіх разліках, Сахін атрымае падарунак менавіта на Новы год.
Спадарожнага табе ветру, мой «лёгкі, салодкі ветрык», як калісьці назвалі зефір грэкі!
...Час захоплівае мяне ў свае абдоймы, надае новых клопатаў. Успамін аб вабнай каробачцы адкладзены на дальнюю палічку памяці. Дзе той Мумбаі? Ад Мінска больш за сем тысяч кіламетраў...
І раптам у мабільніку, там, дзе вяду перапіску з Сахінам, бачу вокладку сваёй кнігі, каробачку з зефірам, іншыя беларускія пачастункі — усё тое, што адправіла яму.
— Прывітанне! Вялікі дзякуй за падарунак! — штабнуе мне Сахін, дасылаючы фотаздымкі ў знак пацверджання атрыманай карэспандэнцыі. — Мы адкрылі пасылку ўсёй сям'ёй. Ад нечаканай радасці на вачах у мяне, маёй жонкі, двух сыноў — слёзы. А мая старая маці літаральна плача. Яна шакіравана тым, як дайшла пасылка з такога далёкага краю! Яна бласлаўляе цябе! Малодшы сын скача: ён вельмі любіць шакалад, а твой — асаблівы.
— Які смачны зефір! Асалода, калі ён растае ў роце! Я не магу нават уявіць, колькі намаганняў ты прыклала для таго, каб ажыццявілася мая мара! Напэўна, у тваёй краіне жывуць вельмі добрыя людзі. Кажуць, яны становяцца такімі ад салодкіх прысмакаў.
Мяне цешаць шчырасць і душэўная прыгажосць гэтага чалавека, яго родных.
— Сахін, дарагі! Ва ўсім свеце вельмі многа добрых людзей. І якое б было шчасце, калі б усе вакол дарылі адно аднаму слёзы радасці. Давай аб гэтым марыць разам! Марам уласціва збывацца — цяпер ты ведаеш гэта дакладна. Праўда, іншым разам для таго неабходна набрацца цярпення...
Дзякуючы Сахіну, і я ўсё больш паглыбляюся ва ўнікальную індыйскую культуру. Нечакана раблю для сябе чарговае цудоўнае адкрыццё. Аказваецца, гэта краіна — рэкардсмен па святкаванні Новага года. Хрысціяне яго надыход адзначаюць 1 студзеня, мусульмане — у першы дзень месяца мухарам (па ісламскім календары). Для некаторых Новы год пачынаецца ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, у дзень Дзівалі — «Фестывалю Агнёў».
Традыцыйны індыйскі год святкуецца 21—22 сакавіка, у першы дзень месяца Чайтра. Акрамя таго, у кожным штаце існуюць свае карэнныя трыдыцыі і даты навагодняй урачыстасці. А гэта азначае, што ў мяне ёсць яшчэ не адна прыемная магчымасць прыпаднесці мумбайскаму сябру сюрпрыз. Самой мне да ўсяго вельмі падабаюцца журавіны ў цукровай глазуры.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/alena-stelmah-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/alena-stelmah-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/alena-stelmah
[6] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau