Удзельнікамі фотавыставы «Мой горад — наш горад» сталі ўсе жадаючыя магіляўчане-аматары.
Атрымалася нечакана і цікава. На фота — гарадскія пейзажы, архітэктура, прырода. Куратар выставы — Дар’я Лазоўская, выпускніца акадэміі моладзі «CreatiWe» ад Цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Праект распрацаваны ў рамках праграмы развіцця моладзі «Далучайся!».
— Спачатку было жаданне зрабіць ананімную выставу, каб людзі, якія баяцца пачуць негатыўныя каментарыі, не саромеліся прэзентаваць свае фота, — кажа дзяўчына. — Яны проста б слухалі тыя каментарыі, якімі б дзяліліся гледачы і нешта з гэтага бралі для сябе карыснага. Але потым мы ўсё перайгралі, не сталі абязлічваць фота. Прымалі ўсе работы без абмежаванняў, зробленыя на тэлефон, плёначны або лічбавы фотаапарат, квадракоптар. Прыйшло шмат здымкаў, у тым ліку вясельныя, дамашнімі ўлюбёнцамі, але я выбірала гарадскую інфраструктуру і цікавыя загарадныя здымкі.
Усяго на выставе прадстаўлена болей за 70 фота. Даша падзялілася і сваімі здымкамі. Яна вучыцца ў магілёўскім каледжы мастацтваў па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і захапляецца фатаграфіяй. Праект, які яна прапанавала, аб’яднаў людзей, якія, магчыма, далей за інтэрнэт і не сталі б распаўсюджваць свае творы. Мама Дар’і — Таццяна першы яе глядач і кансультант. Ганарыцца, што дачка часта становіцца пераможцам у розных конкурсах. А вось выстава — гэта яе першая проба ў ролі арганізатара.
Убачыць работы можна будзе на працягу тыдня ў душэўнай краме «Чытайбург», якая нядаўна пераехала з памяшкання ў гандлёвым цэнтры «Аліса» ў іншае — па адрасе вуліца Ленінская, 7. Паралельна фота дэманструюцца ў вокнах крамы — у такім фармаце яны будуць даступныя гледачам на працягу трох тыдняў.
— Горад павінен ведаць сваіх герояў, — перакананы кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый СТУКАЛАЎ. — Аўтары фота выкладваюць свае работы ў інтэрнэце, і ў іх упершыню з’явілася магчымасць зрабіць гэта ў «фізічнай» прасторы. Гэта зусім іншыя адчуванні. Прыйшло болей за сто работ і мы падумаем, як далей развіць праект, каб была магчымасць убачыць усё.
Дарэчы, гэта толькі адзін з праектаў, падтрыманых Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў. Адзін з іх — «Гарачы фэст» прайшоў у суботу на этнахутары «Зялёны гай» у традыцыйным народным стылі, з песнямі, танцамі, ежай на свежым паветры, гульнямі і майстар-класамі. А сёння, другога лютага, кніжная крама «Чытайбург» запросіць на маладзёжны праект па асновах права. Адбудзецца так званы інтэрактыўны суд. Моладзь падрыхтавала «праграму» з удзелам суддзі, пракурора і абвінавачаных у махлярстве. Куратар праекта — Дар’я Францікава. Прыходзьце, будзе цікава.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/magilyou