Чыстая праўда: адзiн мужчына (ды цi толькi адзiн?!.) за навагоднiм сталом загадаў жаданне, каб яго жонка ўрэшце стала эканомнай, а цешча — паразумнела.
I што вы думаеце? Усё збылося: як толькi гадзiннiк прабiў 12, жонка прыняла са стала каньяк, задзьмула свечкi i выключыла тэлевiзар, а цешча ў гэты ж час завяла размову пра камету Галея... Вось тады мужчына i не вытрымаў: узяў гармонiк i выйшаў на вулiцу.
Так было цi не так — справа цёмная, i асвятляць яе намераў няма. А вось расказаць, што было далей, на той самай вулiцы, прыйдзецца, бо здагадак у пошце, як заўжды, хоць вазамi вазi.
Пачнём здалёк: «Колькi ж успамiнаў, колькi розных пачуццяў абудзiў апошнi конкурсны здымак! — пiша спадар Iван Астроўскi з Мiнска. — Некалi ў нас на Вiцебшчыне падчас калядных свят Цярэшку жанiлi. З самых паважаных гаспадароў выбiралiся «бацька», «мацi» i «сваты», у хлапцоў ды дзяўчат з'яўлялася магчымасць падабраць сабе пару i для пачатку хай жартам, але ж справiць вяселле. Для гэтага пад спеўнае «Цярэшачка, чаху, чаху, а што ў цябе ў мяху, у мяху?..» сваты апытвалi маладых-несямейных i ў адпаведнасцi з iх пажаданнямi вялi перамовы з процiлеглым полам...
Калi пары ўжо неяк склалiся, хлопцам (а потым i дзяўчатам пад умольнае: «Ой, дзядулька, здайся...») трэба было паказаць свой спрыт — злавiць «нарачоную» альбо «нарачонага». «Старт» быў цiкавы: ходзiць тая ж дзяўчына, адну за адной выдае прыпевачкi, а як толькi збiлася цi запнулася, — усё: бяжы i ведай, што табе могуць даць падножку, затрымаць, затулiць у
абдымкi... А ўрэшце, як і належыць, «бацькi блаславяць» ды распачнуць застолле.
Неслi на яго — хто што мог. I выпiвалi — не без таго, — згадвае шаноўны чытач, — але ж галоўнае — спявалi, танцавалi аж да ранiцы!
А па вёсцы ў гэты час хадзiлi «чэрцi»: каму дровы раскiдвалi, каму вароты здымалi, каму на страху зацягвалi санi (гурбы вышэй вокнаў былi) цi кавалкам шкла закрывалi комiн... Потым расказаў ды рогату было — аж да наступных Каляд!..»
Што iншымi словамi, але тым жа аўтарам апiсана так:
Не ўспомнiць без усмешкi
Як жанiлi ў нас Цярэшку:
Уключалiся ў гулi —
Ад малых i да бабуляў:
Тады шмат было двароў,
А на iх — гаспадароў!
...Сёння — сум
i цiшыня:
Нi кароў там, нi каня —
Люд «тусуецца» абапал
Тэлевiзара з канапай.
«Абапал» гумнаў ды хлявоў, трэба разумець, ужо «адтусавалiся» — хапiла ў свой час. Трэба ж i адпачыць — дай бог, па-людску, але... Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Вось i гераiня здымка (паводле спадара Вiктара Сабалеўскага з Узды) сведчыць:
Шмат што ў вёсцы зачынiлi:
Не хаджу на пошту я,
I «загклубам» скарацiлi,
Бо — аптымiзацыя...
Ды гармонiк як пачую,
Мне на месцы
не ўстаяць!
За ваколіццу гляджу я —
Кавалераў не вiдаць...
Хiба адзiн з iх застаўся (на думку спадара Мiкалая Старых з Гомеля) — музыкант:
Вельмi любiць цётка Волька
Пад гармонiк выдаць польку.
Няма хлопцаў нi пагудкi, —
Выпускае Жульку з будкi:
Можна з ёй i танцаваць,
I дыстанцыю трымаць.
Што, вядома ж, важна ў рамках барацьбы з паўзучай заразай... Асаблiва — на думку спадарынi Любовi Чыгрынавай з Мiнска — калi расслабiўся i не ўцёк, прычым — загадзя, як вось гэтыя двое:
Ад мiкробаў i хваробаў,
Ад мiтрэнгаў гарадскiх
Збегла пара на прыроду
I назад — не клiчце iх...
Будуць тупаць каля хаты,
Зрэдку —
граць ды танцаваць
I навошта iм дэбаты:
З-за кагосьцi сэрцы рваць?!
«На прыроду», трэба сказаць, уцякаюць не толькi ад «мiкробаў-хваробаў-мiтрэнгаў». З'язджаюць (паводле спадарынi Чыгрынавай) ад сямейных «разборак», ад зяцёў ды нявестак:
Цётка яўна не з вясковых,
З пасяленак, мусiць, новых?
Каб зяцьку не замiнаць,
Хатку мусiла прыдбаць.
Ад'язджала
без аглядкi...
Даглядала летам градкi,
А зiмой — палёгка ручкам —
Вальс-бастон вучыла з Жучкам.
Ну чаму б i не, калi сабакi i сапраўды чуюць у дзесяць разоў лепей за людзей, могуць распазнаваць чалавечыя эмоцыi, разам з намi перажываць...
Гэта, што называецца, навукай засведчана, а ўжо вiдавочцамi...
У пiўной, кажуць, мужчыны сваiх гадаванцаў расхвальвалi: маўляў, мой сабака ключы ад машыны прыносiць, мой газету падае, мой дзверы адчыняе, а мой... размаўляе!
Вось тут прысутныя не паверылi. Чалавек — у заклад. Прывёў сабаку. А далей... I загадваў яму, i просам прасiў, той... нават не гаўкнуў!
«Ну што ж ты мяне так падвёў?! — наракае мужчына па дарозе дамоў. — Дурнем выставiў, на грошы кiнуў...» Сабака ў адказ:
«Не бядуй, гаспадар! Уяўляй, колькi заўтра падымем!»
Згадзiцеся: разумны сабака — умее выгаду шукаць, а ўжо прадбачыць... Паводле спадарынi Зоi Наваенкi з Глыбоччыны:
Гаспадыню Рэкс раўнуе:
Адпусцi ў клуб такую, —
Стопудова — быць бядзе,
Нехта возьме i звядзе.
Той жа Янка сёння рана
Ужо ля лавачкi
з баянам....
Умее iграць! I каб толькi! На думку спадарынi Валянцiны Гудачковай з Жыткавiч,
Гарманiст вясковы Ясь
Развучыў «сабачы вальс»,
Ён жа выдумаў фiгуры...
Добра выйшла —
у натуры!
Уся вулiца гудзе —
Рэпетыцыя iдзе!
А можа, i зусiм не яна: мо, героi падчас здымкi
Не вяселле сустракалi,
Не гасцей з замежжа —
Дзетак з горада чакалi
Цэлы доўгi снежань.
А яны усё не едуць,
Бо пытаецца дачка:
«Як вы там, бабуля з дзедам,
Цi калолi парсючка?»
Рацыянальны, цвярозы падыход — уласцiвы сучаснай моладзi, што заўважана не толькi спадаром Сабалеўскiм з Узды, але i спадарыняй Соф'яй Кусянковай з Рагачоўшчыны, якая пiша (пра сябе, не пра сябе — справа дзясятая):
Палюбiла я Iвана —
Добра польку танцаваў!
Толькi вось адна загана:
Кожны вечар выпiваў...
А з п'яным якiя скокi?
Хіба толькi «Пайдзі спаць»...
Ну й паслала...
Недалёка:
Лепей з цюцькам танцаваць!
Кожны выбiрае па сабе — i, дай бог, не п'янку! А то — у адной вёсцы казалi — мужчына ў студню ўвалiўся. Пяць сутак шукалi — думалi, загiнуў. Аж не: знайшлi, дасталi... Той паверыць не мог, што пяць дзён не пiў!.. I пасля гэтага, думаеце, ні-ні? А як жа: «Ён кiнуў пiць, бо спiць» — ёсць такi надпiс на помнiку.
А вось той, хто спаць не ўлёгся, хто жывы i больш-менш здаровы, — чаго толькi не зробiць! Альбо не вытварыць. Ну вось, напрыклад (паводле той жа спадарынi Кусянковай):
Бравы дзядзька Феакцiст —
Самы лепшы гарманiст!
Калi «Барыню» зайграе, —
Нават Жулiк падвывае!
I жанкi наперабой
Запрашаюць на пастой...
Кожнай
дзядзька адмаўляе:
«Жонка, бачыш, не пускае».
(Адзiн такi ж — да слова — з санаторыя вярнуўся, дома расказаў, як яго лячылi-кармiлi, а потым жонцы па сакрэце: «I ты без мяне туды не паедзеш, i сябе больш нiколi не пушчу»).
Карацей, яно файна, калi ў чалавека нейкi тормаз ёсць, а то ж, паводле спадара Аляксандра Матошкi з Расоншчыны,
Ноты —
птушкамi ў нябёсы
Пасылае гарманiст!
Нават цюцька —
вось дзiвосы —
Можа лёгка выдаць твiст...
Хоць...
З напарнiцай такою
Грэх i мне б не вальсаваць...
Шкода,
ў жонкi пад пятою:
Цяжка потым
«адграбаць».
Хоць тут, магчыма, i нiякай рэўнасцi: бо на здымку (што заўважана спадарыняй Наваенкай), муж i жонка, у якiх
Хоць не тая маладосць, —
Цуд,
якая прыгажосць!
Выступаць сужэнцы рады:
Ну яшчэ б — прыйшлi Каляды!
I ўжо тады:
Не гадамi маладыя,
А пявучаю душой...
Калi сэрцайка заные
З iмi крышачку пастой.
I тады сплывуць памалу
Крыўда, боль i каламуць,
Схлыне чорная навала,
Струны сэрца ажывуць!
З таго самага канверта, ад спадарынi Чыгрынавай, i кароткi заклiк:
Грай, музыка мой, iграй,
Праганяй самоту!
Ўспамiнай,
мой любы край,
Як жылi ў ахвоту:
Як масцiлi мы дарогi,
Не баялiся пагроз,
Працавалi да знямогi
I смяялiся да слёз.
Зрэшты, пра гэта, як лiчыць спадар Сабалеўскi, варта не толькi ўспамiнаць:
Меней клубаў i людзей,
Чым было калiсьцi?
Многа страчаных надзей?
Але ж знойдзем выйсце!
Жытка часта — не мядок,
Ды гармонiк грае!
Гэта вёска Новы год
Зноўку сустракае!
I, дасць бог, будзе сустракаць! Можа, нават з гармонiкам i з прыпеўкамi. Ну вось як вам (ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў):
Гэта, дзеўкi, не падман,
Гэта ўжо традыцыя
Расцягнуў баян Раман —
Будзе рэпетыцыя.
***
Танцавала я з Валерам, —
Ногi потым — не пазнаць.
Чым такiя кавалеры,
З цюцькам буду танцаваць!
***
Нам прышчэпкi ад «кавiд»
Раiць медыцына.
Але й танцы пад баян —
Файная вакцына!
***
Каля хаты новы плот,
Каля плота — лавачка...
Як зайграе Ясь факстрот,
Мiгам выйдзе Клавачка!
***
Запрашаем мы суседзяў
На Каляды ў хату,
Хто не хоча пiць гарэлку,
Будзе пiць гарбату!
Не адстала па колькасцi прыпевак i спадарыня Гудачкова:
Рады, рады, што Каляды
I сняжку падсыпала.
Мы зайграем-заспяваем
I станцуем «лысага».
***
Каля дома цётка Стася
З Рэксам танчыць узялася...
Значыць, з вёскi не цяпер
Збег апошнi кавалер.
***
Не глядзiце вы праз вокны,
Не сядзiце ў хатах!
Разам добра пагуляем
На зiмовых святах!
I, нарэшце (з даўняга, з народнага, але ж тут сапраўды дарэчы!):
Iграй, iграчу,
Я табе заплачу.
Як сучку прадам,
Тады грошы аддам...
Так, на ўсялякi выпадак: абяцанка цацанка, а дурню...
Працяг тэмы ў спадара Сабалеўскага:
***
На Каляды — першы снег,
Што сабаку ў свята.
Усiм здароўя цэлы мех
I ў дом — дастатак!
***
Музыкант харошы з Колi
Граць пачне — сапраўдны ас...
Нават Шарык з цёткай Поляй
Выдае «сабачы вальс».
Гэта — ад спадарынi Наталлi Шкут са Светлагоршчыны.
Эх, гады мае гады!
Так здаўна вядзецца,
Як пабачыш маладых, —
Маладосць прачнецца!
***
Грай, гармонiчак, iграй —
Лепей не спыняцца!
Ў новым годзе будзем жыць,
Лiху не здавацца!
Вось на гэтых апты-мiстычных нотах (ад спадарынь Зоi Наваенкi i Таццяны Новiк з Клецка) можна было б паставiць кропку, але ж, па традыцыi, трэба падвесцi вынiкi папярэднiх «баталiй». Такiм чынам, на здымку (гл. нумар «Звязды» за 9.12. 2020) быў мужчына з нагружанай тачкай, следам за якiм iшла група юных таварышаў.
Дык вось, паводле мер-каванняў вялiкага чытацкага журы, найлепшыя радкi пра гэты «калектыў» склалi спадарынi Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Зоя Максiмава з Вiцебска, Валянцiна Гудачкова з Жыткавiч, Любоў Чыгрынава з Мiнска, спадары Вiктар Сабалеўскi з Узды, Мiкалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Iван Астроўскi з Мiнска.
Iншымi словамi, малайцы ўсе! Маленькаму рэдакцыйнаму журы зноў давялося паспрачацца i... Прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам газету «Звязда» на другi квартал 2021 года застаецца ў сталіцы, у сужэнцаў Астроўскіх.
Вы таксама хацелi б пяць разоў на тыдзень атрымлiваць «родную газету на роднай мове»? Тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпiску, альбо ўважлiва паглядзець на новы конкурсны здымак i прыдумаць да яго найлепшы подпiс — не больш чым з васьмi радкоў.
Поспехаў!
Валянцiна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Ад iх жа шчырыя пра-бачэннi ўсiм, чые творы не прайшлi строгага конкурснага адбору — на гэты раз. Затое ў наступны...
Шанцы ёсць у кожнага. Пiшыце! I помнiце: «Пакуль мы смяёмся — з намi ўсё ў парадку», бо «Смех — гэта сонца: яно праганяе зiму з чалавечага твару».
Да сустрэчы вясной!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago