Шчаслівая сям'я, эфектыўная занятасць, прыстойныя даходы, сямейнае прадпрымальніцтва і актыўнае даўгалецце. Як беларусам атрымаць усё гэта, разважалі ў Навукова-даследчым інстытуце працы ў межах грамадскага абмеркавання праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады.
Шчаслівая сям'я — шматдзетная
Эксперты закранулі пытанні ўмацавання дэмаграфічнага патэнцыялу, развіцця сямейнай палітыкі, садзейнічання эфектыўнай занятасці і ўстойліваму росту дабрабыту, паляпшэння сацыяльнага абслугоўвання.
— Усе меркаванні экспертаў будуць накіраваны распрацоўшчыкам праекта праграмы, каб узмацніць навуковую абгрунтаванасць палажэнняў гэтага дакумента і падтрымаць пазітыўныя пасылы, якія ён утрымлівае, — паабяцала Наталля МІРОНАВА, дырэктар Навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сярод мяркуемых кірункаў праекта — падтрымка нараджальнасці, стымуляцыя да росту прадукцыйнасці працы ў рэальным сектары, меры па пашырэнні даступнасці сацыяльных паслуг і павышэнні якасці сацабслугоўвання з укараненнем шэрагу інавацыйных формаў абслугоўвання, каб людзі маглі атрымаць дапамогу больш якасную і ў большым памеры.
У праграме падкрэсліваецца, што шчаслівая сям'я — шматдзетная. І дакумент скіраваны на тое, каб падтрымліваць каштоўнасці беларускага грамадства, якія склаліся за гады яго існавання. Гэта і свядомае бацькоўства, і магчымасць мець больш часу даглядаць малых жанчынам, якія сумяшчаюць работу і выхаванне дзяцей.
Плануецца таксама падтрымаць сямейнае прадпрымальніцтва — гэта кірунак праграмы, які скіраваны на забяспечанасць сем'яў работай (магчымасць развіваць свой сямейны бізнес), нават у тых рэгіёнах, дзе ёсць праблемы з работай на буйных прадпрыемствах, дадала яна.
Перавучваць моладзь, беспрацоўных і працуючых
Абмеркаванне палажэнняў праграмы з экспертамі вельмі важнае, бо за стратэгічнымі кірункамі можна ўпусціць нейкія дэталі, якія здольныя падказаць толькі знаўцы, падкрэсліў Валерый ГАЛУБОЎСКІ, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі:
— Каб змены адбыліся, неабходна звярнуць увагу на кваліфікацыю персаналу. Прычым не толькі інжынерна-тэхнічнага або кіраўнікоў з вышэйшай адукацыяй, але і тых, хто рэальна будзе ўкараняць гэтыя навацыі. Тут і энергаэфектыўнае будаўніцтва, індустрыя 4.0 у прамысловым сектары, электрамабілі і іншае. Праектам праграмы закладзены паказчык павелічэння на 30 % прадукцыйнасці працы, а прадукцыйнасць гэта якраз кваліфікацыя, здольнасць у больш кароткія тэрміны якасна выконваць работу.
На думку дырэктара ўстановы, дасягнуць запланаваных паказчыкаў можна, калі больш увагі аддаць механізмам перанавучання і павышэння кваліфікацыі людзей, якія працуюць на прадпрыемствах. І не рабіць акцэнт толькі на тых, хто ўжо атрымаў статус беспрацоўнага і вырашаць праблему з іх занятасцю.
У інстытуце займаюцца навукова-метадычным забеспячэннем падрыхтоўкі кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А сумесна з Мінпрацы ствараюць метадалогію і падыходы па навучанні і перанавучанні дарослых, у тым ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Па ўсёй краіне размеркавана каля 50 рэсурсных цэнтраў, дзе сканцэнтраваны самыя перадавыя тэхналогіі для ўсіх сектараў эканомікі. І педагогі, майстры патэнцыйна гатовыя навучаць не толькі моладзь, але і дарослых, — дадаў Валерый Галубоўскі. — І ў наступную пяцігодку з боку дзяржавы трэба распрацаваць і ўкараніць механізм фінансавання перанавучання працуючых.
Ірына СІДАРОК
Прэв’ю: altblog.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pradprymalnictva
[6] https://zviazda.by/be/tags/pragrama-sacyyalna-ekanamichnaga-razviccya-belarusi