Якія звароты жыхароў Гомельшчыны сёння прыняў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей?
На асабісты прыём грамадзян да кіраўніка рэгіёну з просьбай вырашыць зямельную спрэчку звярнулася жыхарка пасёлка Забіяка Гомельскага раёна. Яна распавяла, што ў 2015 годзе вырашыла прыватызаваць свой участак — 25 сотак. Была вызначана мяжа. Камісія зрабіла ўсё замеры. У выніковым жа дакуменце аказалася 19,92 соткі. Паводле яе слоў, з боку ўладальнікаў сумежнага ўчастка ёсць парушэнні. Генадзь Салавей адзначыў, што сітуацыю можна разгледзець толькі з выездам на месца і падрабязна разабраўшыся ў канфліктным пытанні.
У сваю чаргу жыхарка Буда-Кашалёўшчыны папрасіла дапамагчы вырашыць жыллёвае пытаннем яе ўнука і яго сям’і. Мужчына працуе на прадпрыемстве «Беларуснафта-Асобіна», з жонкай выхоўвае дваіх дзяцей.
— Падышла чаргу будаваць жыллё як маладой сям’і ў Касцюкоўцы. 90 % крэдытуе банк, астатнія грошы — 14 тысяч рублёў — унук хацеў узяць на прадпрыемстве. Напісаў заяву, у якой прасіў утрымліваць для пагашэння гэтай сумы 80 % заробку. Аднак пытанне ніяк не вырашылася, — распавяла пенсіянерка.
Генадзь Салавей паабяцаў, што сітуацыю яшчэ раз разглядзяць на месцы працаўладкавання галавы сямейства, бо падобныя аспекты рэгламентуюцца калектыўнай дамовай. Аднак узнікаюць пытанні: колькі сродкаў застанецца сям’і на жыццё і як работнік будзе выплачваць крэдыт банка і пагашаць суму на прадпрыемстве.
— Мы зацікаўлены ў тым, каб людзі заставаліся на прадпрыемствах, тым больш гэта вёска. Трэба зрабіць дакладныя разлікі, падумаць па гэтым пытанні больш дэталёва. Маладых трэба падтрымліваць, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама.
Жыхарка Гомеля звярнулася на прыём з ініцыятывай стварэння грамадскіх інстытутаў прадстаўнікоў уразлівых груп: дзяцей, пажылых, людзей з інваліднасцю і іншых.
— Ёсць патрэбна ў структуры з грамадскім удзелам, каб падыходзіць да вырашэння праблем гэтых груп людзей комплексна, — пераканана гамяльчанка. Агучаную прапанову вывучаць.
На прыёме былі агучаны пытанні аб дарожных праблемах у Гомельскім раёна, будаўніцтве дзіцячай паліклінікі ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Усе звароты ўзялі на кантроль.
Між тым на прыёме старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў Генадзя Салаўя за падтрымку ў правядзенні ў рэгіёне літаратурных фестываляў. Пісьменнік распавёў, якім чынам будзе развівацца літаратурная работа ў рэгіёне ў бягучым годзе, аб’яўленым Годам класічнай літаратуры і чытання.
— Пісьменнікі вобласці звярнуць асаблівую ўвагу чытачоў на творчую спадчыну народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа, 100-годдзе з дня нараджэння якіх адзначаецца ў гэтым годзе. Бо без класічнай літаратуры, без чытання немагчыма выхаваць сапраўднага грамадзяніна, — адзначыў Уладзімір Гаўрылавіч. Ён распавёў, што юбілею класікаў будзе прысвечаны таксама фестываль «#ЧытайГомель». У фармаце міжнароднага навуковага форуму сёлета пройдуць «Славянскія літаратурныя дажынкі».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0