Развіццё сістэмы дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі і асноўныя праблемныя пытанні сацыяльнай падтрымкі шматдзетных, пытанні аховы здароўя, аховы мацярынства і дзяцінства разгледзелі на круглым стале «Дзяржаўная падтрымка сям'і з дзецьмі — адзін з ключавых кірункаў сацыяльнай палітыкі» ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У абмеркаванні ўдзельнічалі парламентарыі, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і іншыя.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна КУРСЕВІЧ:
— Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, — адзін з ключавых кірункаў сацыяльнай палітыкі ў Беларусі. Сямейная палітыка ўключае ў сябе шырокамаштабную колькасць мер ад нараджэння і выхавання дзіцяці да дзяржаўнай падтрымкі сем'яў пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля, а таксама льготы і гарантыі ў сферах адукацыі, аховы здароўя, камунальнай сферы, пенсійнага і падатковага заканадаўства. Сёння сем'і, якія выхоўваюць дзяцей, атрымліваюць у нас 11 відаў дапамог. Гэтай дапамогай ахоплена больш за 460 тысяч малых. Такім чынам, кожнае чацвёртае дзіця знаходзіцца пад апекай дзяржавы. Акцэнт робіцца на шматдзетныя сем'і. З 2015 года дзейнічае праграма сямейнага капіталу, якая даказала сваю эфектыўнасць, таму што за апошні час колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася на 40 працэнтаў, а гэта 112 тысяч сем'яў, якія выхоўваюць трэцяга, чацвёртага і наступных дзяцей. Праграма сямейнага капіталу працягнута да 2024 года ўключна. Яе навацыі ў тым, што яна вылічваецца ў беларускіх рублях, і ёсць магчымасць наступнай індэксацыі. Акрамя таго, пашыраны асноўныя кірункі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу па патрэбах шматдзетнай сям'і. Самае асноўнае пытанне, якое хвалюе маладыя і шматдзетныя сем'і, — жыллёвае. Так, сярод заяў на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу, якія паступілі ад шматдзетных сем'яў, 90 працэнтаў — просьбы аказаць садзейнічанне пры будаўніцтве жылля. Сур'ёзная работа праводзіцца парламентарыямі ў плане ўдасканалення заканадаўства. Гэта пенсійнае забеспячэнне, працоўныя адносіны, ахова працы, сацыяльнае абслугоўванне. Так, у 2017 годзе ўступіў у сілу закон аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, які быў накіраваны на падтрымку найбольш уразлівых слаёў насельніцтва. Над гэтым законапраектам працавала камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Калі гаварыць пра пенсійнае забеспячэнне, то з 1 студзеня 2021 года ўжо ўступілі ў сілу папраўкі, што датычацца зніжэння страхавога стажу для жанчын, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, — гэта будзе 10 гадоў, а для жанчын, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, страхавы стаж для налічэння пенсіі будзе раўняцца 5 гадам. Акрамя таго, павялічыцца з 9 да 12 гадоў тэрмін, які ўвойдзе ў агульны стаж для налічэння пенсіі. У далейшым найбліжэйшыя пяць гадоў дзяржаўная падтрымка сем'яў будзе рэалізоўвацца ў рамках праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», зацверджанай літаральна на днях. У праграме аддадзена ўвага комплекснаму ўдасканаленню мер падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ:
— Я хацела б канкрэтызаваць лічбы: больш за Br5 млрд выдзелена ў 2021 годзе на восем асноўных напрамкаў падтрымкі, самая істотная частка (Br2,7 млрд) — на дзяржаўныя дапамогі сем'ям. Вы ведаеце, што шматдзетныя сем'і — гэта прыярытэт для нашай краіны. Неабходна, каб шматдзетная сям'я стала нормай у Беларусі.
У 1992—1994 гадах колькасць насельніцтва ў краіне была больш за 10 млн чалавек. З 1992 года назіраецца скарачэнне нараджальнасці. Толькі ў 2015—2016-м мы выйшли на ўзровень больш за 100 тысяч народжаных, а сёння зноў назіраем спад.
Сумарны каэфіцыент нараджальнасці (СКН) — гэта колькасць дзяцей, што прыходзяцца на адну жанчыну. У 1958 годзе было тры дзіцяці. У 1990-м — 1,91, і ўжо да 2000—2005-га мы выйшлі на ўзровень 1,25. Міжнародныя эксперты кажуць, што калі апусціцца на ўзровень ніжэй за 1,3, то аднавіць узнаўленне насельніцтва будзе нерэальна. Таму краіне трэба хоць бы стабілізаваць нараджальнасць... Змяняецца свет, змяняюцца пакаленні і іх каштоўнасці. І трэба распрацоўваць дзяржпраграмы, лічачыся з гэтымі зменамі. Сур'ёзная праблема — «познія» шлюбы. Калі раней жанчына ў 20 гадоў нараджала, у яе заставалася яшчэ 20 гадоў на нараджэнне іншых дзяцей. А сёння ў нашага дзетароднага насельніцтва ёсць толькі 10 гадоў, каб паспець нарадзіць, а за 10 гадоў нарадзіць траіх — задача складаная.
Даволі сур'ёзная мера па падтрымцы шматдзетных — будаўніцтва жылля, але мы яе актуальнасць страцілі, калі не выканалі абяцанне будаўніцтва жылля на працягу года пасля пастаноўкі на ўлік. Не выконваючы на працягу шэрагу гадоў гэтыя абавязацельствы, мы страцілі давер шматдзетных сем'яў. Але ёсць добрыя навіны — у апошнія тры гады мы актыўна ўвайшлі ў фазу будаўніцтва і таму чакаем станоўчыя водгукі ад сем'яў. Сёння мы звярнулі ўвагу, што 24 працэнты шматдзетных сем'яў звяртаюцца па індывідуальную адрасную дапамогу, і для таго, каб дапамагчы ўцягнуць яшчэ больш сем'яў у гэты ўнікальны дзяржаўны механізм дапамогі, мы з 1 верасня 2020 года павялічылі перыяд аказання адраснай дапамогі. Цяпер замест шасці месяцаў такую дапамогу можна будзе атрымліваць на працягу года. Таксама мы павялічылі крытэрыі наяўнасці патрэбы. І за чатыры месяцы мінулага года ўбачылі вялікі водгук на гэтую меру ад шматдзетных сем'яў. Аказалася, гэта адчувальная падтрымка для іх.
Першы намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН:
— Хацелася б сказаць пра здароўе нацыі. Калі ў нас не будзе здаровых маці, то ў нас не будзе здаровых дзяцей. Чым пазней жанчына прыходзіць нараджаць першае дзіця, тым больш у нас праблем з гэтай жанчынай, мы з хваляваннем і вялікай увагай ставімся да такой жанчыны і яе народжанага дзіцяці.
Мы знаходзімся сёння на нізкім узроўні мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, і гэта наша дасягненне. Але ва ўмовах падзення нараджальнасці і прыняцця жанчынамі рашэннем нарадзіць першае дзіця пазней, узнікаюць праблемы з зачаццем дзіцяці, я ўжо не кажу, як складана потым такое дзіця вынасіць і нарадзіць.
Таму з першага студзеня мы пачалі работу па стварэнні сістэмы для магчымасці зрабіць першую спробу ЭКА бясплатна. Спадзяёмся, што дзякуючы такой меры сёлета народзіцца яшчэ дзве тысячы маленькіх беларусаў... Хацелася б пагаварыць і пра такую бяду грамадства, як аборты. Права жанчыны вызначаць, захоўваць жыццё дзіцяці або не, ніхто адбіраць не будзе. Тысячы жанчын за апошнія некалькі гадоў прынялі рашэнне перапыніць цяжарнасць, і ў сённяшніх умовах падзенне нараджальнасці — гэта проста недапушчальна. Хацелася б, каб рашэнне, нараджаць ці не, маці і бацька прымалі разам. Тады, я думаю, з 23 працэнтаў эфектыўнасці перадабортнага кансультавання мы прыйдзем да 50 працэнтаў. Я ўпэўнена, што калі тату расказаць і паказаць, што такое аборт, ён знойдзе патрэбныя словы для жанчыны і магчымасць для сям'і выхаваць дзіця. Неабходна выбудоўваць нацыянальную сістэму планавання сям'і. Пакаленне 90-х, якое прыводзіць сваіх дзяцей сёння ў школу, нематываванае на традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. І мы павінны сумесна з сістэмай адукацыі распрацаваць падыходы да распаўсюджвання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў сярод моладзі.
Ірына КАСЦЕВІЧ:
— Яшчэ хацелася б пагаварыць аб праблеме разводаў. У краіне зніжаецца ўзровень шлюбнасці і павялічваецца колькасць разводаў. Пры 62 тысячах заключаных шлюбаў у год у нас 34 тысячы разводаў. Наша задача прыдумаць, як знізіць такую іх вялізную колькасць. Каб вырашыць гэтую праблему, трэба вырашыць, як умацаваць інстытут сям'і і захаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.
Прызнаём, што сярод шматдзетных ёсць праблемныя сем'і, але іх на самай справе зусім няшмат. Асноўная маса — гэта шчаслівыя і добрыя сем'і. І я ў гэтым асабіста пераканалася, працуючы ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Пра гэта мала кажуць, і мы павінны паказаць гэта так, каб усім дваццацігадовым захацелася мець вялікую і моцную сям'ю.
Важна яшчэ выканаць баланс для жанчын: сям'я — работа. Мы стартанулі летась і далі нашым татам двухтыднёвы адпачынак, каб мужчыны маглі пераканацца, наколькі жанчыне важная падтрымка. Неабходна зняць з жанчыны двайную нагрузку. Таму задача на будучую пяцігодку — прыцягнуць мужчын да актыўнага выхавання дзяцей. Гэта важны кірунак для развіцця адказнага бацькоўства ў нашай краіне. Трэба сёння ісці ў школу і тлумачыць дзецям, што такое сям'я і наколькі гэта важна. Казаць пра тое, што працягласць жыцця мужчыны ў сям'і вышэйшая, чым у мужчыны без сям'і і гэта таксама трэба прызнаваць.
Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Таццяна ЛУГІНА:
— Я як работадаўца лічу, што для шматдзетных зроблена больш чым дастаткова. У мяне самой двое дзяцей, мой сын нядаўна ажаніўся. Яны з жонкай шмат працавалі і вырашылі самі пабудаваць жыллё. Узялі крэдыт. Калі ж зайшла гаворка пра дзяцей, ён адмовіўся ад гэтай ідэі на пэўны час. Бо, калі яго жонка пойдзе ў дэкрэт, сям'я не зможа забяспечваць аплату ўзятых абавязацельстваў перад банкам і выхоўваць дзіця. Я хачу сказаць, што сёння многія маладыя людзі занепакоеныя рызыкай недаатрымліваць даходы, калі ў іх народзіцца дзіця. Таму трэба больш увагі звярнуць на маладыя сем'і, дапамагчы ім рашыцца на дзіця. Прыдумаць, якія меры можа прыняць дзяржава ў гэтым кірунку.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/dyyalog
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/krugly-stol
[7] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta