У кожнага ўладальніка смартфона ўсталявана шмат праграм, якімі мы карыстаемся штодня і ў якія не заходзім тыднямі, захоўваючы на ўсялякі выпадак, пакуль у мабільніку хапае аперацыйнай памяці. Каб «прапампаваць» жаночыя тэлефоны, карэспандэнт «СГ» падрыхтавала сваю версію рэйтынгу найбольш цікавых і карысных праграм з Play Mаркет для прыгожага полу.
Здароўе і спорт
Пачну свой топ з адной з самых вядомых у свеце жаночых праграм «Flo». Па даных распрацоўшчыкаў, гэтым трэкерам жаночага цыкла і календаром авуляцыі карыстаецца больш за 165 мільёнаў жанчын па ўсім свеце. «Flo» — жаночы каляндар № 1 у ЗША па колькасці актыўнай аўдыторыі. Дарэчы, праграму стварала беларуская каманда.
Перад выкарыстаннем «Flo» можна выбраць сваю мэту — сачыць за цыклам, зацяжарыць ці адсочваць цяжарнасць. У першым варыянце выкарыстання каляндар разлічвае, які сёння дзень вашых месячных, падказвае, калі пачнецца авуляцыя і колькі дзён да пачатку новага цыкла. Штодня праграма інфармуе пра верагоднасць зацяжарыць, таму яна асабліва неабходна тым, хто жадае (ці наадварот, не хоча) стаць маці. У раздзеле «Парады» можна знайсці карысныя невялікія артыкулы пра жаночае здароўе, метады кантрацэпцыі, спартыўныя трэніроўкі, рэжым харчавання. Больш за тое: інфармацыя не проста разнастайная, але і персаналізаваная — тэмы нататак мяняюцца ў залежнасці ад дня цыклу.
Ёсць у праграме і курсы: «Месячныя без боляў», «Каранавірус: фертыльнасць і цяжарнасць», «Фітнес для маладых мам» і іншыя. На жаль, большасць з іх даступная для прэміум-акаўнтаў. Але да некаторых курсаў беларускі як жанчыны з радзімы праграмы нядаўна атрымалі бясплатны доступ. Функцыянаванне «Flo» забяспечвае, акрамя праграмістаў, больш за 80 урачоў з Еўропы і Паўночнай Амерыкі, якія ствараюць кантэнт пра здароўе. За навуковую інфармацыю адказваюць партнёры праекта, сярод якіх UNFPA, Еўрапейскі савет Калегія акушэрства і гінекалогіі і іншыя.
Адвечная тэма для большасці жанчын — жаданне скінуць некалькі кіло. Шмат праграм у Play Mаркет раяць, як дасягнуць такога выніку. Раскажу пра свой уласны вопыт на прыкладзе праграмы «Пахудзець для жанчын». Пры ўстаноўцы яна «спытала», якая мэта яе выкарыстання — скінуць вагу і трымацца ў тонусе, падцягнуць ягадзіцы, прыбраць тлушч з жывата, умацаваць і ўзмацніць мышцы? У залежнасці ад выбару праграма рэкамендавала комплекс трэніровак, разлічаны на 30 дзён, за якія павінен быць дасягнуты неабходны вынік. Займацца прыйшлося кожны дзень прыкладна па 10—15 хвілін. Хто хутчэй спраўляецца з заданнямі, можа, і раней выканаць дзённую норму. Адна трэніроўка змяшчае ад 15 да 20 практыкаванняў. Па кожным з іх ці ёсць таймер, ці напісана неабходная колькасць паўтораў. Для навічкоў у спорце, як я, асабліва карыснае будзе апісанне практыкаванняў і відэаролікі правільнага іх выканання прафесіяналамі. Курс я яшчэ не скончыла, але за два тыдні жаданага «мінуса» на вагах не ўбачыла. Усё ж такі, якімі б прадуманымі праграмы ні былі, але нельга цалкам ігнараваць «жывыя» кансультацыі з трэнерам і забываць пра абмежаванні ў ежы.
Сакрэты догляду
Тут для жаночай аўдыторыі — і ўрокі макіяжу, і пакрокавае навучанне прычоскам (пра гэта ніжэй), і парады па «Доглядзе за сабой». Менавіта на праграме з такой назвай я і спынюся. Праграма дзеліцца на пяць блокаў — «Аблічча», «Валасы», «Цела», «Фітнес», «Навінкі». Ёсць укладка «Выбранае», куды для зручнасці рэкамендуецца дадаць найбольш важныя артыкулы.
Крыху пра тое, якія рэкамендацыі знаходзяцца ў раздзелах. Напрыклад, першая катэгорыя («Аблічча») змяшчае парады па павелічэнні вуснаў у хатніх умовах, выдаленні налёту на зубах, доглядзе за кантактнымі лінзамі, практыкаванні фэйсбілдынгу і гімнастыку для вачэй, рэцэпты крэмаў, масак, скрабаў. У катэгорыі «Валасы» акцэнт зроблены на стварэнні дамашніх апалосківальнікаў для валасоў і масак для іх прыгажосці і росту. Ва ўкладцы «Цела» знойдзеце парады па доглядзе за рукамі, нагамі, рэкамендацыі па эпіляцыі ды іншае.
Праграма робіць акцэнт на «водным кантролі» — то-бок разлічвае, колькі вам неабходна выпіваць вады ў залежнасці ад вагі і фізічнай актыўнасці. Таксама прапануе настроіць напамін «выпіць кубачак».
Падобная да апісанай і наступная праграма — «ІLady». Яна нагадвае анлайн-часопіс для жанчын, які змяшчае шмат карысных (і не вельмі) артыкулаў на розныя тэмы. Рубрыкі тут — «Прыгажосць», «Здароўе», «Каханне», «Кулінарыя», «Дзеці» і «Псіхалогія». Гартаючы раздзелы, можна знайсці разнастайныя парады: ад таго, што рабіць, калі разбілі ртутны градуснік, да тэм для размовы на першым спатканні. Такая праграма — вартая ўвагі альтэрнатыва жаночым часопісам. Але, як я заўважыла, артыкулаў не вельмі шмат і яны рэдка мяняюцца (а па апісанні праграмы, павінны мяняцца штодня). Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, сярод пераваг «ІLady» — магчымасць занесці ўпадабаны артыкул у «Выбранае» і пачытаць яго ў любы час (нават без інтэрнэту).
Яшчэ адна тыповая праблема жанчын (ці, прынамсі, уладальніц доўгіх валасоў), акрамя таго, што сёння надзець, — якую прычоску зрабіць. На дапамогу прыйдзе праграма «Прычоскі пакрокава». Рубрыкатар тут наступны — «Базавыя», «Косы», «Крэатыўныя», «Хвасты», «Шышкі», «Для дзяцей». Усяго ў той версіі, што я ўстанавіла, налічыла апісанне амаль ста прычосак! Толькі адных хвастоў — 14 варыянтаў.
Тыя, каму надакучылі пастаянна раскіданыя валасы ці стандартныя «коскі» і «гулькі», — паспрабуйце. Рэкамендую!
Нататнікі
Для тых, хто любіць аналізаваць свой дзень, дзяліцца навінамі і ўражаннямі, але залішне сарамлівы ці скрытны, каб рабіць тое ў сацыяльных сетках, існуе праграма «Мой дзённік». Гэта лічбавізаваны варыянт упадабаных многімі дзяўчынкамі асабістых дзённікаў. Толькі тут з дапамогай пін-кода магчыма забяспечыць прыватнасць запісаў.
Націскаеш на «плюсік» у цэнтры галоўнай старонкі праграмы, і адкрываецца нататнік. А ў ім усё, як у звычайным месенджары, — смайлікі, карцінкі, магчымасць выбраць колер і шрыфт тэксту. Для тых, хто лянуецца набіраць, прадугледжана магчымасць запісаць свае разважанні ў аўдыяфармаце. Выдатная, на мой погляд, магчымасць для карыстальнікаў — экспарт нататкаў у ТХТ- і PDF-фарматы. Хто ведае, можа, з часам вырашыце апублікаваць свае мемуары!
Увогуле, існуе шмат разнастайных варыяцый тых праграм, якія я вам апісала. Спампоўвайце фарматы, што падабаюцца вам найбольш. І, нагадаю, у Play Маркет ёсць кароткае апісанне і каментарыі карыстальнікаў амаль для кожнай праграмы.
Марыя ДАДАЛКА
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya