Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму «Аб эфектыўнасці і выніках працы адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе» адбылося сёння на базе адміністрацыі Маскоўскага раёна, паведамляе БЕЛТА [3].
«Выязныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі сталі ўжо традыцыйнымі. Гэта практыка апраўдала сябе. Таму што гэта зваротная сувязь, магчымасць пачуць, якія рашэнні неабходна прыняць у плане карэкціроўкі законапраектаў або распрацоўкі новых заканадаўчых актаў, — сказала Наталля Качанава. — Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб для органаў улады і дэпутацкага корпуса — не новая. Разам з тым мы бачым, што з’яўляюцца новыя формы, якія сябе нядрэнна зарэкамендавалі. Гэта дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, выязныя мерапрыемствы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Сустрэчы з людзьмі — гэта тыя ж звароты грамадзян, якія паступаюць ужо асабіста. Галоўнае, што ў гэтай працы не павінна быць цяганіны і фармалізму. Бо па гэтай працы судзяць аб працы дзяржаўнай улады».
Своечасовы і якасны разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з’яўляецца адным з прыярытэтаў для ўсіх дзяржаўных органаў. У 2020 годзе члены Савета Рэспублікі разгледзелі амаль 4 тыс. пісьмовых зваротаў, у тым ліку члены прэзідыума — больш за 60 %.
Найбольшая колькасць зваротаў у Савет Рэспублікі паступіла ад мінчан — 1080. Іх аналіз паказаў, што грамадзяне паднімаюць шырокае кола пытанняў, якія тычацца ў асноўным жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвай палітыкі, архітэктуры і будаўніцтва, гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, дзейнасці таварыстваў уласнікаў. Жыхароў многіх рэгіёнаў рэспублікі, якія з’яўляюцца трымальнікамі жыллёвых аблігацый ТАА «Жылбудкамплект», турбуе сітуацыя з незавершаным будаўніцтвам жылога комплексу «Грушаўскі Пасад» (жылыя дамы № 3 і № 4 у межах пр-та Дзяржынскага і вул. Шчорса, заказчыкам якіх выступае дадзенае таварыства). Гэтае пытанне таксама сёння было разгледжана падчас пасяджэння. Было адзначана, што ў кіраўніцтва ўжо ёсць шляхі яго вырашэння.
Старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Андрэй Бугроў акцэнтаваў увагу, што рашэнне праблем жыхароў горада — прыярытэт у рабоце мясцовых уладаў. «І, вядома, праца службы «Адно акно» дала каласальны эфект. Гэта значыць, чалавек сёння можа вырашыць любую сваю праблему, звярнуўшыся ў дзяржорган. Акрамя таго, у працы са зваротамі грамадзян актыўна прымаюць удзел дэпутаты мясцовых саветаў і парламентарыі. Таму пытанні грамадзян вырашаюцца якасна і, самае галоўнае, мы выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць нам заўсёды даць своечасовы адказ заяўніку», - распавёў ён.
За 2020 год у Мінгарвыканкам паступіла 15 227 зваротаў. З іх крыху больш за 13 тыс. — звароты фізічных асоб і каля 1,6 тыс. — юрыдычных асоб. Рост склаў у межах 10 %. «Усе звароты, якія паступілі, прайшлі апрацоўку. У цэлым звароты сталі больш якаснымі. Гэта значыць, заяўнік разумее, што неабходна, і звяртаецца з той праблемай, якая цікавіць не толькі яго, але і жыхароў яго дома, двара, раёна ў цэлым», — дадаў старшыня Мінгарсавета.
Удзельнікі пасяджэння таксама азнаёміліся з дзейнасцю службы «Адно акно» адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Яна размешчана на 4-м паверсе адміністрацыі раёна. У працоўныя дні служба працуе з 8:00 да 20:00, у суботу — з 9:00 да 13:00. Усю неабходную даведачную інфармацыю грамадзяне могуць атрымаць, набраўшы кароткі нумар 142. Акрамя таго, для зручнасці грамадзян у анлайн-рэжыме працуе відэакамера. Зайшоўшы на сайт, жыхары раёна могуць убачыць, ці ёсць у дадзены момант чарга, і выбраць найбольш аптымальны для сябе час наведвання службы. Яшчэ адно наватарства — наяўнасць электроннай чаргі.
Па выніках сённяшняга абмеркавання выпрацаваны прапановы па паляпшэнні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і рэкамендацыі па рашэнні шэрагу актуальных пытанняў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/society/view/kochanova-v-rabote-s-obraschenijami-grazhdan-ne-dolzhno-byt-volokity-i-formalizma-427013-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki