Роўна праз год, 4 лютага 2022 года, на Нацыянальным стадыёне «Птушынае гняздо» будзе запалены агонь XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Сусветны ажыятаж вакол галоўных стартаў чатырохгоддзя з кожным днём узрастае. Сабралі важныя факты, якія неабходна ведаць пра Алімпійскія гульні 2022.
- З 4 па 20 лютага 2022 года спартсмены з 95 краін будуць выступаць на спаборніцтвах па 7 відах спорту. Усяго атлеты разыграюць 109 камплектаў медалёў — на сем больш, чым у Пхёнчхане ў 2018 годзе. У ліку новых дысцыплін — жаночыя адзіночныя спаборніцтвы па бабслею ці монабоб. Праграма спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы папоўнілася мужчынскім і жаночым біг-эйрам і змешанымі каманднымі спаборніцтвамі. Спартсмены ўпершыню будуць выступаць у змешаных камандных спаборніцтвах у скачках на лыжах з трампліна. У Пекіне дэбютуюць змешаныя эстафеты па снаўбордзе-кросу і шорт-трэку.
- Пекінская Алімпіяда стане самай гендарна збалансаванай у гісторыі зімовых Гульняў. У параўнанні з 2018 годам, працэнт жанчын-удзельніц вырасце з 41 да 45. Плануецца, што на алімпійскіх аб’ектах паспрабуюць свае сілы каля 3000 спартсменаў.
- Беларускія спартсмены плануюць выступіць на зімовай алімпіядзе 2022 у біятлоне, лыжных гонках, фрыстайле, канькабежным спорце, фігурным катанні, горных лыжах, хакеі з шайбай. Адбор на Гульні ў многіх дысцыплінах вядзецца па сусветнаму рэйтынгу. Канчатковы састаў беларускай алімпійскай дэлегацыі будзе вядомы ў снежні 2021 года.
- Пекін стане першым горадам, які прымаў і летнія, і зімовыя Алімпійскія гульні. За права правядзення гульняў Пекін спаборнічаў з казахскім горадам Алма-Ата. Кітайская сталіца перамагла з перавагай у чатыры галасы.
- З моманту атрымання права на правядзенне Алімпійскіх гульняў на 128-й Генеральнай асамблеі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў 2015 годзе, кітайскія арганізатары стараюцца эфектыўна выкарыстоўваць спадчыну летніх гульняў, якія прайшлі ў Пекіне ў 2008 годзе. Комплекс «Водны куб», дзе ў 2008 годзе праходзілі старты па плаванні, у 2022 годзе прыме каманды па кёрлінгу. Дзяржаўны палац спорту, што прымаў алімпійскія турніры па гандболе, спартыўнай гімнастыцы і скачках на батуце, у наступным годзе стане галоўнай хакейнай пляцоўкай. Комплекс мае дзве хакейныя каробкі — для афіцыйных спаборніцтваў і для трэніровак. Усяго будзе задзейнічана 25 спартыўных аб’ектаў.
- Алімпійскія спаборніцтвы пройдуць у трох кітайскіх гарадах. Пекін прыме фігурнае катанне, канькабежны спорт, шорт-трэк і хакей з шайбай. Чжанцзякоў — лыжныя віды, біятлон і снаўборд, Яньцын стане цэнтрам бабслею, горных лыж і саннага спорту. У Чжанцзякоў, які размешчаны ў 193 кіламетрах ад Пекіна, ужо працуе міжнародны аэрапорт і пабудавана хуткасная чыгунка з Пекіна.
- Афіцыйны талісман зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 у Пекіне — вялізная Панда па імені Бін Дуньдунь. «Бін» — у перакладзе з кітайскага «лёд». Гэта слова таксама азначае чысціню і сілу. «Дуньдунь» сімвалізуе дзяцей. Талісман увасабляе сілу цела і волі спартсменаў. «Валодаючы ледзяным касцюмам, залатым сэрцам і любоўю к усім зімовым відам спорту, панда Бін Дуньдунь гатова падзяліцца сапраўдным духам Алімпійскіх гульняў з усім светам», — адзначалі арганізатары. Эмблема гульняў заснавана на іерогліфе «зіма». Яна адлюстроўвае канькабежца зверху і лыжніка знізу. Пасярэдзіне — маляўнічыя горы, лыжныя трасы і лядовыя каткі.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц