Дэпутат Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Вольга КРЭЧ (Гомельская-Навабеліцкая акруга № 36):
— Як вядома, адна з мэт развіцця Беларусі ў будучай пяцігодцы — павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Для яе дасягнення вызначаныя такія прыярытэты, як шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр. Мне як урачу, маці і жанчыне найбольш блізкі першы з іх — шчаслівая сям'я.
Сям'я — гэта база, фундамент, на якім грунтуецца будынак пад назвай «дзяржава». Ад трываласці першага залежыць устойлівасць другога.
У сям'і самае галоўнае — выхаванне дзяцей. Яно павінна быць заснавана на пашане да традыцый, прывучэнні да адказнасці за сябе і клопаце аб старэйшым пакаленні. Лічу, што гэта сёння асабліва важна.
Я амаль 30 гадоў працую педыятрам і бачу, што дарослыя залішне апякаюць дзяцей. Мы не даём ім самастойна прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Думаю, гэту пазіцыю трэба перагледзець. Неабходна адцягваць увагу ад тэлефонаў, тэлевізара, камп'ютара і больш размаўляць адзін з адным.
Калі ў сям'і будзе ўзаемапавага, тады будзе павага і да іншых людзей: да настаўнікаў, дактароў, дворнікаў, прадаўцоў. У грамадстве не будзе хамства. Думаю, з улікам падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, гэта актуальна.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod