Узровень беспрацоўя ў Літве дасягнуў рэкордна высокага ўзроўню, паведаміла грамадскае літоўскае медыя LRT.lt. Як сведчаць даныя службы занятасці краіны, без работы застаецца каля 277 тысяч жыхароў працаздольнага ўзросту — 16,1 працэнта ад агульнай колькасці рабочай сілы. У параўнанні са снежнем 2020-га беспрацоўе ў Літве вырасла на 0,6 працэнтнага пункта, а ў параўнанні са студзенем мінулага года — гэта значыць з перыядам да пандэміі — прырост склаў амаль палову ад цяперашняга паказчыка — 7,4 працэнта. Чаму Літва б'е рэкорды па беспрацоўі і чаго чакаць надалей?
Перакрэсленыя планы
На фоне пандэміі і агульнага эканамічнага спаду летась у Літве былі заўважаны рэкордныя паказчыкі беспрацоўя. Планы краіны аб выраўноўванні ўзроўняў даходаў былі перакрэслены ўспышкамі пандэміі каранавіруса — спачатку ў красавіку, а пасля і ў верасні. У жніўні ўзровень беспрацоўя ў краіне, паводле інфармацыі службы занятасці Літвы, склаў 13,5 %, а ў верасні — ужо 14,3 %.
Пры гэтым дадзены паказчык працягваў расці, дасягнуўшы ў снежні рэкордных адзнак. Як заўважыў 15mіn.lt асацыяваны эксперт Літоўскага інстытута свабоднага рынку Лукас Стравінскас, сітуацыя ў сферы занятасці парадаксальная. Меры дзяржавы, накіраваныя на падтрымку людзей без работы, робяць куды больш прывабным атрыманне дапамогі па беспрацоўі, чым працаўладкаванне за зарплату, амаль роўную выплатам. Гэта, на думку эксперта, не стымулюе шукаць рабочае месца. Прычым такая тэндэнцыя была характэрная для літоўцаў яшчэ да пачатку пандэміі, а з увядзеннем абмежаванняў і зусім узмацнілася.
«Па даных Eurostat, гэтыя «пасткі» ў Літве былі большыя ў параўнанні з іншымі краінамі яшчэ да пандэміі, што дорага абыходзіцца не толькі дзяржаўнаму бюджэту, але і самім літоўцам, паколькі страчваюцца навыкі і кампетэнцыя. Вяртацца да работы становіцца ўсё больш складана, расце працяглае беспрацоўе, з якога чалавеку няпроста выбрацца», — растлумачыў Стравінскас.
Нагадаем, што летась дзяржава ўвайшла ў тройку краін ЕС з самым высокім паказчыкам беспрацоўя. Паводле даных Eurostat, Літву апярэдзілі толькі Іспанія і Італія. Цяпер Вільнюс імкліва набліжаецца да сумнага лідарства. «Сітуацыя на рынку працы працягвае няўхільна пагаршацца — беспрацоўе б'е рэкорды», — заўважыў Лукас Стравінскас.
Паводле даных літоўскай статыстычнай службы, колькасць беспрацоўных у краіне працягвае расці. Узровень беспрацоўя вельмі высокі, аднак горшыя прагнозы яшчэ наперадзе, лічыць кіраўнік літоўскай службы занятасці Інга Балнаносіене. «Гэта, вядома, яшчэ не вяршыня гары, але я лічу, што мы павінны будзем дасягнуць піка [беспрацоўя] у лютым», — цытуе Балнаносіене delfі.lt.
Эканаміст банка SEB Тадас Павілаўскас мяркуе, што зарэгістраванае беспрацоўе, магчыма, дасягне піка толькі ў канцы першага квартала. Гэта можна растлумачыць сезоннасцю: звычайна яно расце ў студзені і лютым. «Але да канца першага квартала, у лютым ці сакавіку, я падазраю, што рэкорд будзе пабіты», — выказаў меркаванне эксперт.
Галоўны эканаміст кампаніі па кіраванні актывамі ІNVLAsset Management Індры Генітэ-Пікчэне адзначыла, што ўся першая палова года для Літвы будзе няпростым перыядам. «У прадпрыемстваў яшчэ не будзе магчымасці вярнуцца да нармальнага рытму і, адпаведна, атрымліваць дастатковы прыбытак ад сваёй дзейнасці для найму людзей і вяртання да нармальнага жыцця, таму ўзровень беспрацоўя можа працягваць расці», — паясніла Генітэ-Пікчэне.
На мяжы галечы
Паводле вынікаў апытання Swedbank, каля 40 працэнтаў рэспандэнтаў «штодня адчувае неспакой з нагоды сваіх фінансаў», а 43 % сцвярджае, што «магчымая страта работы для іх з'яўляецца асноўнай прычынай стрэсу». Між тым 30 % лічыць, што перажыванні з-за грошай негатыўна адбіваюцца на іх адносінах з блізкімі людзьмі, а ў 20 % рэспандэнтаў былі сваркі з-за матэрыяльных пытанняў. Сітуацыю пагаршае і тое, што ў Літве працягваюць расці цэны, якія, на думку жыхароў, неадпаведныя даходам большасці грамадзян. Парадокс заключаецца ў тым, што ўсё гэта адбываецца на фоне агульнаеўрапейскай дэфляцыі.
Кіраўнік Канфедэрацыі прафсаюзаў Літвы Інга Ругінене распавяла, што літоўскія кампаніі і бізнес не заўсёды спраўляюцца са сваімі абавязацельствамі: скарачэнні кадраў працягваюцца, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку. Сітуацыя на рынку моцна адбіваецца на ўзроўні жыцця літоўцаў. Маштабы беднасці прымаюць пагрозлівыя формы. Асабліва гэта адбілася на самых небагатых пластах насельніцтва. Цяпер яны літаральна на мяжы галечы, паколькі страцілі крыніцы даходу, не маючы зберажэнняў. За час каранціну патрэба пажылых людзей у дапамозе вырасла ўтрая.
Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу Літвы правялі акцыі пратэсту з патрабаваннем дазволіць ім аднавіць перапыненую з-за каранціну работу ва ўмовах паляпшэння эпідэмічнай сітуацыі, паведаміла LRT. Каля будынка ўрада ў Вільнюсе і ратушы ў Клайпедзе пратэстоўцы арганізавалі сімвалічныя пахаванні малых прадпрыемстваў. Яны запалілі свечкі і ўстанавілі жалобныя вянкі. Старшыня Савета малога і сярэдняга бізнесу Літвы Даля Матукене заявіла, што пацярпелы бізнес не будзе маўчаць і будзе абараняць свае правы ў судзе.
Песімістычны сцэнарый
Дырэктар літоўскага цэнтра сацыяльных даследаванняў Багуслаў Гружэўскі прадставіў два сцэнарыі для Літвы на 2021 год і прааналізаваў выклікі, з якімі сутыкнецца эканоміка краіны. Як лічыць эксперт, цяпер найбольш рэальны песімістычны варыянт развіцця падзей. Ён мае на ўвазе рост беспрацоўя да 20 працэнтаў, разгортванне хвалі эміграцыі, зніжэнне ўзроўню жыцця і рост цэн, заўважыў delfі.lt.
Па словах прафесара, эканоміка і перспектывы жыхароў Літвы сёлета будуць залежаць ад трох фактараў. Першы звязаны з развіццём пандэміі і поспехам вакцынацыі. Другі — са станам сусветнай эканомікі і адпаведнымі зменамі, трэці — з палітычнай стабільнасцю. «Больш за ўсё на нас адбіваецца становішча ў ЕС, таксама ў 2021—2022 гадах вялікае значэнне будуць мець эканамічныя адносіны паміж ЗША і Кітаем. Што да Літвы, многае будзе залежаць ад рашэнняў урада», — адзначыў Гружэўскі.
Па словах эксперта, песімістычны сцэнарый звязаны з магчымым працягам каранціну да мая — у сувязі з чым зацягнецца і эканамічная рэцэсія. «У выніку ў бюджэце будзе адчувальны недахват сродкаў, паколькі знізіцца занятасць, абарот і іншае. Рост беспрацоўя, недахоп сацыяльнай дапамогі, бюджэтных сродкаў знізяць выплаты, не кажучы ўжо аб індэксацыі пенсій, а ў выніку — зніжэнне ўзроўню жыцця і сацыяльнае раз'яднанне», — заўважыў Гружэўскі.
Паводле яго слоў, у рамках песімістычнага сцэнарыя ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў студзені-лютым вырасце да 30 працэнтаў. «З лютага-сакавіка з'явіцца неабходнасць у зніжэнні заробкаў, у першую чаргу ў дзяржсектары. Акрамя таго, павялічыцца доўгатэрміновае беспрацоўе, таксама служба занятасці будзе вымушана ў меншым аб'ёме дапамагаць працаўладкаванню», — прагназуе эксперт.
Што датычыцца змен у сферы дэмаграфіі, то Гружэўскі запэўніў, што тут сітуацыя будзе неадназначная. Падчас пандэміі дэмаграфія ў Літве палепшылася, паколькі павялічылася міграцыя, з-за мяжы вярнулася нямала літоўцаў. «Я думаю, будзе расці смяротнасць ад COVІD-19 і іншых хвароб. У рамках песімістычнага сцэнарыя прагноз такі, што нам не ўдасца наладзіць належны доступ да паслуг аховы здароўя, таму павялічыцца смяротнасць і ад іншых хвароб. Знізіцца нараджальнасць. Ёсць верагоднасць, што цяпер людзі свядома не будуць нараджаць дзяцей», — дадаў даследчык, заўважыўшы, што гэта прывядзе да скарачэння насельніцтва.
«І самую вялікую небяспеку я бачу ў тым, што граніцы прыадкрыюць, уплыў пандэміі знізіцца, а эканоміка Літвы не зможа хутка аднавіцца. І тут ёсць наступны эфект: з аднаго боку, рост смяротнасці з-за пандэміі, а з другога — у людзей з'явіцца матывацыя з'ехаць дзеля лепшай зарплаты, калі наша эканоміка доўга будзе аднаўляцца. Тады шмат людзей эмігрыруе», — папярэдзіў эксперт. Песімістычны сцэнарый азначае таксама скарачэнне працягласці жыцця, зніжэнне прывабнасці Літвы для інвестараў.
Росту чакаць не выпадае
Яшчэ ў кастрычніку Літва ўвайшла ў лік краін ЕС з самай высокай рызыкай беднасці. Такую выснову зрабілі эксперты Eurostat, прааналізаваўшы даныя за 2019 год, згодна з якімі больш за чвэрць насельніцтва краіны падвяргалася рызыцы беднасці або сацыяльнай ізаляцыі. Цяжка ўявіць, да якіх высноў прыйдуць эксперты ў выніку аналізу паказчыкаў за 2020-ы, заўважае baltnews.lt. Відавочна, што меры, якія прымаюцца кіраўніцтвам прыбалтыйскіх дзяржаў па павышэнні дабрабыту насельніцтва, можна лічыць неэфектыўнымі. Прычым улады, падобна, слаба звяртаюць увагу на існуючыя ў краіне эканамічныя праблемы. Прынамсі, ім больш цікава дагаджаць просьбам ЗША і НАТА, павялічваючы фінансаванне ваеннай сферы, бесперапынна апраўдваючы свае дзеянні фантомнай «расійскай пагрозай», адзначае baltnews.lt. Так, напрыклад, Літва, нягледзячы на негатыўныя наступствы каранавіруса для эканомікі, плануе павялічыць свае абаронныя выдаткі да ўзроўню 2,5 працэнта ВУП да 2030 года.
Паводле апошняга эканамічнага прагнозу Swedbank, «нягледзячы на тое, што навіны аб вакцынах абнадзейваюць, працэс вакцынацыі будзе павольны, і большасць абмежаванняў на эканамічную актыўнасць, верагодна, захаваецца на працягу першага квартала гэтага года. Апошняе прыводзіць да перагляду тэмпаў росту ВУП у бок паніжэння ў 2021-м». Згодна з прагнозам літоўскага банка SEB bankas, напрыклад, сёлета Літва сутыкнецца з эканамічным спадам на 8,7 працэнта. Іншымі словамі, чакаць бурнага эканамічнага росту ў 2021 годзе не выпадае.
Сёння нават адносна аптымістычныя прагнозы рэдагуюцца ў бок больш песімістычнага сцэнарыя. Аднак менавіта такога развіцця падзей і варта чакаць, калі ўлады больш клапоцяцца аб павелічэнні выдаткаў на абарону, чым аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу, росце фінансавання медыцынскай і сацыяльнай сфер. Відавочна, краіны Балтыі і раней з'яўляліся аднымі з самых бедных у ЕС, адзначыў baltnews.lt, аднак цяпер пандэмія каранавіруса разам з неэфектыўнай палітыкай улад канчаткова замацавала за імі гэты статус — і, падобна, надоўга.
Пётр ДУНЬКО
У тэму
Вяршыня крывадушнасці
Рашэнне Бруселя і Вільнюса датычна работы санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі — гэта вяршыня крывадушнасці і двудушнасці. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас пасяджэння Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД, перадае карэспандэнт БелТА.
Па словах міністра, беларускі бок працягвае адсочваць сітуацыю. «Некаторы час таму, калі з боку нашых еўрапейскіх партнёраў зайшла гаворка пра тое, што трэба ўвесці санкцыі ў адносінах да Беларусі, выразна гучала думка, што гэтыя санкцыі не павінны аказаць уплыў на простага чалавека, народ Беларусі, прадстаўнікоў іншых краін. Што мы бачым сёння: гэтыя 350 чалавек, грамадзян Літвы, апынуліся ў бяспраўным стане», — звярнуў увагу Уладзімір Макей. Ён заўважыў, што супрацоўнікам санаторыя прапануюць знайсці новую работу — у 12-тысячным горадзе, дзе ўжо дзве тысячы беспрацоўных.
«Для мяне гэта вяршыня крывадушнасці і двудушнасці: з аднаго боку, заяўляюць аб неабходнасці абароны правоў чалавека, з другога боку, прымаюцца рашэнні, каб стварыць негатыўную сітуацыю для шараговых грамадзян, і такім чынам нібыта выклікаць пратэсны настрой у адносінах да ўлад у Беларусі. Абсалютна крывадушны і двудушны падыход», — падкрэсліў міністр.
«Беларускія «гастралёры», якія раз'язджаюць па еўрапейскіх гарадах і вёсках, заклікаюць да ўвядзення чарговых санкцый супраць краіны і беларускага народа. Калі паўстала гэтая сітуацыя з санаторыем у Друскінінкаі, яны адразу ж паспрабавалі адхрысціцца: «Не, гэта ўлады Беларусі вінаватыя, мы тут ні пры чым». Тэатр абсурду», — так ахарактарызаваў гэтыя дзеянні Уладзімір Макей.
Ён таксама заявіў пра спробы адкрытай хлусні з боку літоўскіх суседзяў. У Літве заяўляюць, што санаторый летась не працаваў з-за пандэміі. Але, паводле інфармацыі міністра, там прайшло аздараўленне васьмі тысяч грамадзян, з іх 1,5 тысячы дзяцей, сярод якіх амаль 200 — дзеці-інваліды.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/litva
[4] https://zviazda.by/be/tags/bespracoue