Дэпутат Крывошынскага сельскага Савета Ляхавіцкага раёна Надзея ПАТАПЧЫК.
Яна неаднарозова ўзнагароджвалася падзякамі за шматгадовую добрасумленную працу. Па адукацыі Надзея Пятроўна — настаўнік біялогіі, але ў пачатку сваёй кар'еры працавала загадчыцай дзіцячага садка, потым дваццаць гадоў была дырэктарам дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка» ў Ляхавіцкім раёне. Пасля таго як выйшла на пенсію, яе запрасілі ўзначаліць ферму ЗАТ «Белпрампрыбор». А цяпер вось вылучылі дэлегатам на УНС.
— Калі я даведалася пра гэта, то вельмі расхвалявалася, — расказвае Надзея Пятроўна. — Быць дэлегатам ганарова, гэта значыць, маю працу заўважылі. Першае, аб чым мне б хацелася сказаць на сходзе, — каб у краіне з большай павагай ставіліся да настаўнікаў, цанілі іх працу і не забывалі аб іх, нават калі педагог стаў пенсіянерам. Настаўнікі нясуць добрае і светлае дзецям — гэта вельмі важна. Сёння, як мы бачым, упушчана патрыятычнае выхаванне моладзі. Памятаю, як мой бацька расказваў мне пра вайну, як я плакала... Магчыма, таму маё пакаленне выхавана такім: мы цэнім сваю Радзіму, свой куток.
Дэлегата вельмі хвалюе праблема вымірання маленькіх вёсак. Яна ўсімі сіламі стараецца даглядаць пустуючыя дамы і спадзяецца, што людзі калі-небудзь вернуцца да сваёй зямлі.
— А яшчэ неабходна звярнуць увагу на нашу беларускую мову, больш актыўна папулярызаваць яе, — упэўнена Надзея Пятроўна. — Бо мова — душа нацыі. Без яе, без павагі да помнікаў і ведання сваёй гісторыі не будзе і нас як нацыі.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod