Падчас пандэміі каранавіруса трапіць да стаматолага — няпростая задача. Калі планавая дапамога не аказвалася, гэта было ўвогуле немагчыма.
Ды і не кожны адважыцца пайсці лішні раз у паліклініку ў такі неспакойны час. Тым не менш, лячэнне зубоў лепш не адкладваць надоўга. Спецыялісты расказалі, як COVІD-19 адбіўся на рабоце стаматалагічнай службы, чаму беларусы сталі прыходзіць на прафілактыку часцей і якія вынаходніцтвы беларускіх медыкаў высока ацанілі за мяжой.
— Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з эпідэмічнай абстаноўкай, стаматалагічная служба працавала ўстойліва і аказвала неабходную дапамогу. Ва ўсіх рэгіёнах былі арганізаваны выязныя брыгады для аказання неадкладнай стаматалагічнай дапамогі пацыентам з COVІD-19 і людзям, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. І цяпер аказанне такой дапамогі працягваецца, — расказвае галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па стаматалогіі Андрэй Матвееў.
Ён адзначыў, што яшчэ ў першую хвалю распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі знізілася наведвальнасць урачоў-стаматолагаў. Колькасць зваротаў упала на 20—30 %, праўда, ў канцы мінулага года яна вырасла да 90 % ад звычайнай.
— І ў вясеннюю хвалю, і цяпер урачы-стаматолагі прымяняюць усе сродкі аховы, якія неабходны. І іх у нашай краіне дастаткова. Стаматолагі Еўропы канстатавалі, што дакументальна не адзначана ніводнага захворвання COVІD-19, атрыманага ад урача-стаматолага ў еўрапейскіх краінах, — паведаміў суразмоўнік.
Пры гэтым пэўная колькасць урачоў-стаматолагаў і сярэдняга персаналу перанесла дадзеную інфекцыю ці працягвае хварэць.
Нягледзячы на тое, што большую частку мінулага года граніцы былі закрытыя, стаматалагічныя служба выканала паказчыкі аказання платных паслуг на 90 %. А збояў у пастаўках матэрыялаў у перыяд пандэміі не было. Спектр матэрыялаў, што прымяняецца ў нашай краіне, нічым не адрозніваецца ад тых, з якімі працуюць стаматолагі ў Маскве, Гамбургу ці Нью-Ёрку.
Андрэй Матвееў паведаміў, што на сёння ў дзяржаўным сектары стаматалагічнай службы працуе больш за 10 тысяч медыцынскіх работнікаў, з якіх 37,2 % — урачы-стаматолагі, прычым 2/3 іх занята ў бюджэтным сектары. Забяспечанасць урачамі-стаматолагамі ў нашай краіне складае 5,3 праміле на 10 тысяч насельніцтва, а агульная колькасць урачоў-стаматолагаў ад агульнай колькасці ўрачоў складае 9,8 %. Гэтыя лічбы супастаўляльныя з аналагічнымі па Еўропе.
У структуры асноўных стаматалагічных захворванняў на першым месцы традыцыйна знаходзіцца карыес, ён займае 56 %, на другім месцы — апікальны перыядантыт (запаленне злучальнатканкавага комплексу), або ўскладненне карыесу (18 %), далей ідуць пульпіт (11 %) і зубныя адклады (5 %).
Андрэй Матвееў заўважыў, што летась каля 21 % пацыентаў звярнулася да стаматолагаў з прафілактычнымі мэтамі, з іх 10 % абсалютна здаровыя ці раней былі саніраваны. Адметна, што за апошнія дзесяць гадоў колькасць людзей, якія з прафілактычнай мэтай прыходзілі да стаматолага, вырасла ў 1,5–2 разы.
— З пачатку дзеяння праграм прафілактыкі стаматалагічных захворванняў толькі кожны 10-ы прыходзіў па прафілактыку, а сёння ўжо — кожны 5-ы. Першая праграма прафілактыкі, а яе роданачальнікам быў прафесар Пётр Леус, ахапіла ўсе рэгіёны краіны. Адчувальныя паказчыкі былі ў Магілёўскай вобласці і ў Мінску. У сталіцы яна дагэтуль працуе. Ёсць пілотныя праекты, напрыклад, у адной са школ у мінскім мікрараёне Лошыца. Мы адсочваем змены ў колькасці выпадкаў карыесу сярод дзяцей, якія пад кантролем чысцілі зубы з першага класа і да заканчэння школы. У іх захваральнасць зніжана ў два–тры разы, — падзяліўся суразмоўнік. — Сучаснае жыццё падштурхоўвае да таго, што наша ўсмешка павінна быць белая. Такое імкненне і папулярызацыя здаровага спосабу жыцця таксама сыгралі сваю ролю.
Паводле правіл, кожны з нас двойчы на год павінен наведваць урача-стаматолага з прафілактычнай мэтай. Паводле статыстыкі, за мінулы год кожны беларус пабываў ва ўрача-стаматолага 1,6 раза.
— Такіх паказчыкаў удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», дзе адным з раздзелаў было стаматалагічнае здароўе. З гэтай мэтай праводзіліся абследаванні, закупкі і нанясенні фторпрэпаратаў і індыкатараў для выяўлення зубнога налёту. Разам з тым варта працягнуць дадзеную практыку, што і будзе зроблена ў новай праграме прафілактыкі стаматалагічных захворванняў, — падкрэсліў Андрэй Матвееў.
Сёння, нягледзячы на мінімізацыю міжнародных зносін з-за эпідэмічнай абстаноўкі, працягваецца работа з Міжнароднай стаматалагічнай асацыяцыяй, галіновымі арганізацыямі краін СНД. А беларускія вучоныя-стаматолагі праводзяць даследаванні па прыярытэтных кірунках навуковай дзейнасці.
Сяргей Рубніковіч, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, які раней узначальваў кафедру артапедычнай стаматалогіі і артадантыі з курсам дзіцячай стаматалогіі БелМАПА і стаіць каля вытокаў беларускай школы клетачных тэхналогій, расказаў пра апошнія распрацоўкі:
— За апошнія сем гадоў сумеснай дзейнасці з Нацыянальнай акадэміяй навук мы дасягнулі добрых вынікаў. Вынайдзены арыгінальныя метады лячэння, створаны біятрансплантаты, распрацаваны спосабы імплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння розных стаматалагічных захворванняў, у прыватнасці, хвароб перыядонта, рэцэсіі (апускання) дзясны, хранічнага перыядантыту сярэдняй і цяжкай ступеняў. Яны дазваляюць у больш цяжкіх выпадках — страце зубоў — пры перыядантыце цяжкай ступені, пры станах, якія прыводзяць да выдалення зубоў, праводзіць органазахавальныя аперацыі і паляпшаць якасць жыцця пацыентаў. Гэта быў пілотны праект на постсавецкай прасторы, распрацаваны сумесна з інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук і акадэмікам Ігарам Валатоўскім.
Сутнасць метаду ў тым, што з тлушчавай тканкі пацыента атрымліваюць ствалавыя клеткі, якія затым уводзяць у праселыя ўчасткі дзясны. Ад эксперыментальных даследаванняў, накіраваных на ацэнку біятрансплантатаў, беларускія вучоныя ўжо дайшлі да практычнага выкарыстання гэтага метаду. Сёння ён прымяняецца на базе клінікі эстэтычнай стаматалогіі, у Нацыянальнай акадэміі навук на базе паліклінікі і клетачнага цэнтра. У межах навуковага даследавання такое лячэнне праводзілася за бюджэтныя сродкі, цяпер — на платнай аснове.
— Сёння гэта даступныя методыкі — яны зарэгістраваны і могуць выкарыстоўвацца ў клінічнай практыцы, — кажа Сяргей Рубніковіч.
Цяпер стаматолагі вядуць сумесную работу з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі па выкарыстанні геномных тэхналогій, у прыватнасці, высокапрадукцыйнага ДНК-секвеніравання ў дыягностыцы і ацэнцы мутацыі генаў эпітэлію ў пацыентаў з пухліннымі і перадпухліннымі захворваннямі слізістай поласці рота, у прыватнасці, з лейкаплакіяй.
Яшчэ адзін новы кірунак — лячэнне пацыентаў з дысфункцыяй скронева-сківічнага сустава ў спалучэнні з бруксізмам (скрыгатаннем зубоў з іх далейшым сціраннем). Ён стартаваў нядаўна, хоць фундаментальнымі даследаваннямі ў гэтым кірунку беларускія навукоўцы займаюцца апошняе дзесяцігоддзе.
— Даследаванне па ўстанаўленні прычын гэтага захворвання праводзім сумесна з Інстытутам фізіялогіі НАН Беларусі. Яно дастаткова распаўсюджанае, у розных узроставых групах складае ад 20 да 60 %. Захворванне цяжка паддаецца лячэнню і карэкціроўцы, усе нашы тэрапеўтычныя і артапедычныя рэстаўрацыі ў пацыентаў зводзяцца на нішто, — расказвае Сяргей Рубніковіч.
Шмат цікавых праектаў рэалізуецца на працягу апошніх дзесяці гадоў рознымі ўніверсітэтамі, у прыватнасці БНТУ. Кампанія «Палітэхнік» стварыла спецыяльную інтэраральную прыладу для лячэння пацыентаў з сіндромам абструктыўнага апноэ і храпу. Гэтая рапрацоўка заняла першае месца і атрымала залаты медаль як найлепшы інавацыйны медыцынскі прадукт на выстаўцы ў Санкт-Пецярбургу ў верасні 2020 года.
— Гэта сведчыць пра тое, што нашы вынаходніцтвы выкарыстоўваюцца не толькі ў беларускай клінічнай практыцы, але маюць прызнанне і за мяжой, — адзначае рэктар БДМУ.
Сумесна з «Палітэхнікам» створаны арыгінальныя ўльтрагукавыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца для паляпшэння якасці пламбіроўкі каранёвых каналаў. Створана арыгінальная прылада, якая прымяняецца для перыядантальнай імплантацыі пры астэаінтэграцыі (ужыўленні імплантаў).
Як расказала выконваючая абавязкі загадчыка кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Наталля Новак, у эстэтычнай стаматалогіі навукоўцамі распрацаваны малаінвазійныя метады лячэння зубоў са змененым колерам, з частковай адэнцыяй (адсутнасцю зубнога рада), пры якіх распрацаваны выраб адгезійных пратэзаў, метады лячэння шчылін і траўмаў зубоў, шыніравання зубоў пры рухомасці пасля траўмаў ці пры захворваннях тканак перыядонта. Усе метады малаінвазійныя і прадугледжваюць найменшае прэпараванне зубоў і органазахавальныя маніпуляцыі. Штогод на кафедры БелМАПА праходзіць навучанне прыкладна 500 урачоў.
Алена КРАВЕЦ
Фота garantdental.com, stommaster.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/stamatalogiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pandemiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya