Каб стварыць умовы для эфектыўнай работы сферы культуры і актыўна далучаць беларусаў да культурнага жыцця краіны, прынята новая дзяржпраграма «Культура Беларусі» на 2021—2025 гады. На што будзе зроблена стаўка ў гэтай сферы ў найбліжэйшае пяцігоддзе, расказаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.
Праграма складаецца з пяці падпраграм: «Культурная спадчына», «Мастацтва і творчасць», «Функцыянаванне і інфраструктура сферы культуры», «Беларусы ў свеце», «Архівы Беларусі».
Так, мерапрыемствы падпраграмы «Культурная спадчына» дапамогуць захаваць і эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, павялічыць наведвальнасць музеяў і бібліятэк шляхам пашырэння доступу розных катэгорый насельніцтва да якасных і разнастайных паслуг гэтых устаноў, стварыць умовы для далейшага развіцця культур нацыянальных меншасцяў.
«У прыватнасці, запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 28 помнікаў архітэктуры, якія раней не выкарыстоўваліся, уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі 20 новых нематэрыяльных каштоўнасцяў, распрацоўка і прадстаўленне ў арганізацыі ЮНЕСКА пяці дасье на аб'екты спадчыны і нематэрыяльныя праяўленні творчасці», — расказаў Ігар Петрышэнка.
Падпраграма «Мастацтва і творчасць» дазволіць палепшыць умовы для развіцця мастацкай творчасці (прафесійнай і аматарскай), народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), дасягнуць высокіх мастацкіх вынікаў і эканамічнай канкурэнтаздольнасці ў галіне прафесійнага мастацтва. Чакаецца, што на кінаэкранах і тэлеканалах краіны стане больш беларускай кінапрадукцыі, будуць створаны ўмовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу розных катэгорый насельніцтва. Па словах Ігара Петрышэнкі, урад таксама зацікаўлены ў папулярызацыі дасягненняў беларускай мастацкай творчасці ў краіне і за мяжой.
Тэатральна-відовішчныя арганізацыі будуць праводзіць у год не менш за 13,5 тысячы спектакляў, канцэртаў, прадстаўленняў. У 2021—2025 гадах арганізуюць 34 мерапрыемствы па міжнародным культурным супрацоўніцтве. Сярод іх — дні нацыянальных культур, дні кіно, міжнародныя форумы, выстаўкі, кірмашы. Даходы ад кінапаказу і іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый ацэньваюцца ў Br40,7 млн.
Падпраграма «Функцыянаванне і інфраструктура сферы культуры» дасць магчымасць павысіць сацыяльную і эканамічную эфектыўнасць работы аб'ектаў інфраструктуры ў культурнай сферы, мадэрнізаваць кінатэатры, абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку фонды музычных інструментаў, паскорыць фарміраванне нацыянальнага лічбавага культурнага кантэнту і яго інтэграцыю ў сусветную інфармацыйную прастору.
«Запланаваны будаўніцтва, рэканструкцыя, рэстаўрацыя, капітальны рамонт або мадэрнізацыя 124 аб'ектаў культуры. Да канца 2025 года ўсе кіназалы ў кінатэатрах будуць аснашчаны лічбавым кінаабсталяваннем», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Згодна з падпраграмай «Беларусы ў свеце» будуць зроблены крокі ў распаўсюджванні і папулярызацыі беларускай культуры, гісторыі і мовы ў свеце, захаванні нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў замежжа, духоўных каштоўнасцяў і культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, будуць забяспечаны дыялог дзяржавы з беларускай дыяспарай, доступ суайчыннікаў да аб'ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі, умацаванне супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай на прынцыпах узаемнай павагі і даверу.
Вынікам рэалізацыі падпраграмы «Архівы Беларусі» стануць эфектыўнае фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі, стварэнне ўмоў для захаванасці архіўных дакументаў, прыцягнення ўвагі грамадскасці да архіўнай інфармацыі.
Працягнуць удасканальваць і прававое рэгуляванне ў сферы культуры. Галоўнай задачай стане карэкціроўка Кодэкса аб культуры.
Паводле БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura