Гэты тыдзень багаты на актыўныя цыклоны. У мінулы панядзелак спачатку па паўднёвым захадзе, а ў аўторак па ўсёй тэрыторыі краіны снегу дадаў цыклон «Трыстан». У сераду следам за ім прайшоў «Ульф», але траекторыя яго руху праходзіла на поўдзень, таму снегу ў асноўным намяло толькі па Гомельскай вобласці. У чацвер у наш бок пачаў рухацца чарговы цыклон «Фолкер». У найбліжэйшы час яго атмасферныя франты будуць вызначаць надвор'е на паўднёвым усходзе Беларусі, дзе чакаюцца снег, часам моцны, мяцеліца, снежныя заносы на дарогах. У цэнтральных і паўночна-ўсходніх раёнах краіны снег у асноўным будзе невялікі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сёння да вечара цыклон зрушыцца з тэрыторыі Украіны на Бранскую вобласць Расіі, а Беларусь застанецца пад уплывам яго атмасферных франтоў. У суботу наша краіна застанецца ў ветранай тылавой частцы цыклону, цэнтр якога перамесціцца на Тульскую вобласць Расіі. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца снег, завіруха, уначы і раніцай па паўднёвым усходзе — моцны снег, на дарогах снежныя заносы. У многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Уначы будзе досыць марозна — да мінус 13—18 градусаў, удзень — 7—14 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе краіны — 3—6 марозу.
Рэшткі ападкаў прынясе цыклон і ў нядзелю. У гэты дзень уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 5 градусаў па захадзе да 17 марозу па ўсходзе, удзень — мінус 5—11 градусаў, у заходніх раёнах — 1—4 градусы ніжэй за нуль.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня ўмовы надвор'я ў Беларусі будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса арктычнага паходжання. Чакаецца досыць марознае надвор'е. Напрыклад, у панядзелак уначы месцамі, а ўдзень пераважна па паўднёвым захадзе краіны прагназуецца кароткачасовы снег. Тэмпература паветра складзе 13—20 марозу, пры праясненнях — да мінус 21—26 градусаў, удзень — 7—14 градусаў ніжэй за нуль. Па паўднёвым захадзе ўначы будзе 9—12 марозу, удзень — мінус 4—6 градусаў.
Спецыялісты адзначаюць, што будзе «прыстойна» холадна як мінімум да сярэдзіны наступнага тыдня. У аўторак і сераду ў асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 15—22 градусы ніжэй за нуль, пры праясненнях — 23—26 марозу. Удзень будзе ад мінус 5 да мінус 12 градусаў, месцамі — да 15 марозу. Па падліках экспертаў, тэмпература паветра ў другой дэкадзе лютага чакаецца на 4—8 градусаў ніжэй за кліматычную норму.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1