Сёння на першы план выходзіць выхаваўчы патэнцыял школы. Такое меркаванне падчас выступу на VI Усебеларускім народным сходзе выказаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антон Лабаноўскі, інфармуе БЕЛТА [2].
«Упэўнены, што чалавеку для пачатку трэба ўсвядоміць і зразумець сваё значэнне ў тых месцах, дзе ён нарадзіўся і вырас. І што як не родная мова дапамагае адчуць сябе часцінкай гісторыі і культуры свайго народа. Мы развіваем гэта багацце, якое дасталося нам ад продкаў, — адзначыў Антон Лабаноўскі. — Я нарадзіўся і вырас у вёсцы. Стаў тут настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, мовы, якая гучыць у кожным кутку нашай краіны. Вельмі важна не толькі данесці да дзяцей веды, але перадаць і прышчапіць любоў да радзімы. І для мяне, як і для кожнага шчырага настаўніка, важна, які жыццёвы шлях выберуць мае вучні. І я не здымаю з сябе адказнасці не толькі за навучанне, але і за выхаванне маладога пакалення».
Як адзначыў Антон Лабаноўскі, зараз віртуальная прастора адрывае моладзь ад традыцый і каштоўнасцей беларускага народа.
«Сёння на першы план выходзіць выхаваўчы патэнцыял школы, што сур’ёзна змяняе ролю сучаснага настаўніка. І гэтая роля — сваім асабістым прыкладам укласці ў душы вучням часцінку любові і павагі да сваёй радзімы. Прышчапіць жаданне жыць і працаваць на сваёй зямлі. І настаўнік павінен рабіць гэта сваім уласным прыкладам. Зварот да гісторыі і культуры — гэта шлях да сэрца юных беларусаў», - падкрэсліў дэлегат.
У выхаванні маладога пакалення важна захаваць пераемнасць пакаленняў і павагу да гістарычнай памяці. «Я з задавальненнем назіраю, якое моцнае ўражанне застаецца ў дзяцей пасля знаёмства з творамі беларускіх аўтараў пра гераізм нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў нас ёсць магчымасць праводзіць такія ўрокі і за сценамі школы. Я маю на ўвазе музеі, выставы, помнікі культуры, — адзначыў Антон Лабаноўскі. — Захаваць пераемнасць пакаленняў, цікавасць падлеткаў да гераічнай гісторыі дапамагае іх удзел у пошукавай дзейнасці. Ад імя гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Магілёўскай вобласці прашу разгледзець пытанне аб магчымасці для пошукавых фарміраванняў самастойна праводзіць выведвальныя і пошукавыя працы. Сёння такая магчымасць ёсць толькі ў 52-га батальёна Міністэрства абароны. Самастойна дакрануцца да гераічнага мінулага — гэта шлях развіцця асобы грамадзяніна і будучыні абаронцы сваёй краіны».
У патрыятычным выхаванні моладзі дапамагаюць і розныя інтэрактыўныя праекты.
«Не навязваць, а абуджаць і выхоўваць пачуццё любові да сваёй радзімы дапамагае на Магілёўшчыне праект з хэштэгам #Моя_земля_Приднепровье. Гісторыі населеных пунктаў і людзей сталі асновай стварэння інтэрактыўнай карты гісторыі рэгіёна. Магчымасць наведаць знакавыя месцы вобласці, прамысловыя прадпрыемствы, аб’екты сферы АПК дапамагае школьнікам свядома выбраць будучую прафесію — залог станаўлення майстра сваёй справы. Дасягненні краіны ва ўсіх сферах жыцця, працоўныя подзвігі тых, хто побач, ствараюць рэальныя ўмовы для актыўнай грамадзянскай пазіцыі», - падкрэсліў Антон Лабаноўскі.
«Маладое пакаленне мяняецца. І каб моладзь была рэсурсам развіцця краіны, трэба павялічыць матывацыю для іх ідэй, якія адпавядаюць абранаму шляху нашай краіны. Мы, настаўнікі, разумеем, што ўменне выхаваць лідара, які будзе працаваць у авангардзе, у камандзе, прыдумляць, рэалізоўваць важныя ідэі і несці за іх адказнасць, магчыма толькі ва ўзаемадзеянні з сям’ёй і іншымі інстытутамі, створанымі ў нашай краіне. Усё гэта дазволіць і далей працаваць на карысць нашай дзяржавы», - падсумаваў Антон Лабаноўскі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/regions/view/segodnja-na-pervyj-plan-vyhodit-vospitatelnyj-potentsial-shkoly-uchitel-belorusskogo-jazyka-428438-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod