Каналы Беларускага радыё далучацца да глабальнай ініцыятывы ЮНЕСКА ў сферы радыёвяшчання. Да Сусветнага дня радыё, які адзначаецца 13 лютага, радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі для сваіх слухачоў інтэрактыўныя конкурсы і флэшмобы.
Дата свята выбрана невыпадкова, таму што менавіта ў гэты дзень у 1946 годзе пачало вяшчанне Радыё ААН. Юбілейная глабальная акцыя пройдзе пад дэвізам «Новы свет — новае радыё: эвалюцыя, інавацыі, збліжэнне». Арганізатары акцыі асабліва падкрэсліваюць жыццяздольнасць радыё і яго ўстойлівасць да розных трансфармацый. У сваім пасланні да Х Сусветнага дня радыё генеральны дырэктар ЮНЕСКА Адрэ Азуле адзначыла: «Сёння, як ніколі раней, нам патрэбны гэты ўніверсальны інструмент распаўсюджвання інфармацыі, гэты носьбіт ідэй гуманізму».
Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі таксама традыцыйна возьмуць удзел у глабальнай ініцыятыве, прымеркаванай да Сусветнага дня радыё. Так, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё запускае ў сацыяльных сетках флэшмоб #радыё аб'ядноўвае, дзе ўдзельнікам прапаноўваюць размяшчаць на сваіх акаўнтах фотаздымкі ў момант праслухоўвання радыё (дома, на рабоце, на прагулцы і г. д.) з хэштэгамі #радыё95, #беларускае радыё, #радыё1. Аўтары найлепшых фотаздымкаў атрымаюць прызы і магчымасць наведаць з экскурсіяй Дом радыё.
Марафон з падарункамі, розыгрышамі і конкурсамі чакае і слухачоў «Радыус FM». Тэматычныя віктарыны тут распачнуцца напярэдадні свята ў пятніцу ў ранішнім эфіры. А вось непасрэдна 13 лютага падпісчыкі радыёстанцыі ў сацыяльных сетках будуць мець магчымасць выйграць фірменную талстоўку ці партатыўную калонку з лагатыпам «Радыус FM». Працягнуцца розыгрышы і ў Дзень усіх закаханых.
Розыгрышамі прызоў будуць радаваць таксама на «Сталіцы», радыёканале «Культура», а вось у эфіры Міжнароднага радыё «Беларусь» будуць гучаць віншаванні ад слухачоў са ўсяго свету. Таксама з нагоды свята падрыхтаваны святочныя праграмы, якія пачуем на ўсіх радыёстанцыях краіны.
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: tvkinoradio.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen