Пра гэта заявілі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па выніках правядзення чарговага цанавога маніторынгу.
Па выніках студзеньскага маніторынгу (у параўнанні са снежнем мінулага года) у нацыянальным прафцэнтры канстатавалі, што спажывецкія цэны на каўбасныя вырабы, масла, муку, рыс засталіся на ранейшым узроўні. Трохі ўпалі ў цане ялавічына, малако, свініна, смятана, тварог, хлеб.
«Разам з тым, у чарговы раз адзначаны рост цэн практычна на ўсе віды традыцыйнай для харчавання беларусаў гародніны — капусту, бульбу, цыбулю, моркву, буракі. Калі параўноўваць са студзенем мінулага года, то па асобных пазіцыях рост склаў да 25 %», — падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў.
Варта адзначыць, што ФПБ ужо не раз звяртала ўвагу ўрада на значны рост цэн на беларускія гародніну і садавіну.
«Аналіз сітуацыі з пастаянным і значным ростам цэн на гародніну, асабліва ў зімова-вясновы перыяд, паказаў недасканаласць сістэмы ўзаемадзеяння вытворцаў і прадстаўнікоў рознічных сетак. Ёсць сур'ёзныя нараканні і ў дачыненні да фарміравання стабілізацыйных фондаў. Нацыянальны прафцэнтр выступіў з прапановай увесці прынцыпова новыя механізмы па фарміраванні стабілізацыйных фондаў і ў цэлым паставак гэтай групы тавараў на рынак. У прыватнасці, прапаноўвалася ўвесці ў практыку сістэму доўгатэрміновых кантрактаў паміж вытворцамі і прадаўцамі з гарантаванай аплатай на ўвесь зімова-вясновы сезон. Акрамя таго, прапаноўвалася прапрацаваць пытанне выдачы льготных крэдытаў і субсідый для пакрыцця часткі выдаткаў на выплату працэнтаў за выкарыстанне крэдытамі на стварэнне міжсезонных запасаў, прымянення паніжальных каэфіцыентаў да стаўкі зямельнага падатку юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць захоўванне і рэалізацыю стабілізацыйных фондаў, нарыхтоўку ў сельскагаспадарчых вытворцаў і насельніцтва».
Тым не менш на сённяшні дзень сітуацыя застаецца ранейшай: цэны на прадукцыю айчынных сельгасвытворцаў упарта працягваюць расці ўверх. У сувязі з гэтым Федэрацыя прафсаюзаў выступае з прапановай сабраць на сваёй пляцоўцы ўсіх зацікаўленых прадстаўнікоў экспертнага савета па пытаннях цэн і тарыфах, вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, рознічных сетак, а таксама адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fpb
[4] https://zviazda.by/be/tags/inflyacyya