Гераіня тыдня
Біятланістка Ганна Сола заваявала бронзу ў спрынтарскай гонцы на чэмпіянаце свету ў Паклюцы (Славенія). Дыстанцыю ў 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі Ганна пераадолела, прайграўшы пераможніцы з Нарвегіі Цірыль Экхаф 14,4 секунды. Беларуска не дапусціла ніводнага промаху падчас стральбы. Для Ганны гэты медаль — першы ў асабістых гонках у дарослай кар'еры. Дагэтуль найлепшым вынікам беларускі было чацвёртае месца ў спрынце на этапе Кубка свету ў Рупольдынгу летась.
Што датычыцца выступлення іншых беларускіх біятланістак у спрынце, то Дзінара Алімбекава заняла 40-е месца, Алена Кручынкіна прыехала да фінішу 49-й, а Ірына Крыўко — 75-й.
Герой тыдня
Лёгкаатлет Мацвей Волкаў устанавіў новы сусветны рэкорд у скачку з шастом сярод юнакоў. На міжнародным турніры Orlen Cup Lodz 2021 спартсмен пакарыў вышыню 5,60 метра і «перапісаў» найлепшы вынік у свеце сярод спартсменаў свайго ўзросту.
Перамога тыдня
Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-18) тройчы перамаглі венгерскіх сапернікаў, усяго каманды правялі тры таварыскія матчы. Сустрэча з равеснікамі са зборнай Венгрыі скончылася з вынікам 7:2. Затым беларускія хакеісты перамаглі маладзёжную каманду Венгрыі (U-20): у першым матчы з вынікам 6:1, у другім — 3:2. Турнэ ў Венгрыю стала чарговым этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які пройдзе ў ЗША з 26 красавіка да 6 мая.
Няўдача тыдня
Хакеісты зборнай Беларусі занялі трэцяе месца на турніры ParіMatch Qazaqstan Hockey Open 2021. Беларусы пацярпелі тры паражэнні і не выйгралі ніводнага матча. Сапернікамі беларускіх хакеістаў былі прадстаўнікі Казахстана і алімпійскай зборнай Расіі.
Турнір тыдня
Беларускія тэнісісты выступаюць на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Сярод беларусаў найлепшае выступленне паказвае Арына Сабаленка. У адзіночным разрадзе ў матчы чацвёртага круга яна сустракалася з Серэнай Уільямс, якой прайграла з вынікам 6:4, 2:6, 6:4. Так Арына скончыла сваё выступленне на Australіan Open у адзіночным разрадзе. Разам з бельгійкай Элізэ Мертэнс яны перамаглі дуэт Лауры Зігемунд з Германіі і Веры Званаровай. Вынік матчаў 6:3, 6:7(5), 6:2 забяспечыў Арыне і Элізэ выхад у 1/4 фіналу парнага разраду. Вікторыя Азаранка выбыла яшчэ ў першым крузе, уступіўшы амерыканскай тэнісістцы Джэсіцы Пегула з вынікам 7:5, 6:4. На гэтай жа стадыі турнір пакінула і Аляксандра Сасновіч. У першым матчы яна прайграла эстонцы Анэт Кантавейт з вынікам 7:5, 6:2. Стартавы паядынак прайграў Ілья Івашка. Вынік сустрэчы с расіянінам Раманам Сафіуліным — 6:4, 6:3, 6:4. Ягор Герасімаў дайшоў да другога круга, дзе ўступіў Аслану Каратцаву з Расіі, — 0:6, 1:6, 0:6.
Цытата тыдня
«Для заняткаў фізічнай культурай і спортам створаны ўсе ўмовы. Намі пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Будуюцца новыя спартыўныя аб'екты. Па загадзе кіраўніка дзяржавы мы аднавілі ўласную вытворчасць лыж, 35 тысяч пар якіх закуплена для ўстаноў адукацыі. Радуе, што ўсё больш беларусаў выбірае для сябе здаровы спосаб жыцця. Згодна са статыстычнымі данымі за мінулы год, у краіне 25,3 % насельніцтва займаецца фізкультурай і спортам. Мы плануем падняць гэтыя паказчыкі да 30 %, а лепш будзем выходзіць на 50-працэнтны ахоп насельніцтва. Здаровая нацыя павінна займацца фізічнай культурай і спортам», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, вітаючы пераможцаў і прызёраў фінальнага этапу рэспубліканскіх стартаў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Снежны снайпер». Фінал турніру прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Усяго за медалі спрачаліся 196 школьнікаў з усёй краіны.
Падзея тыдня
Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні падарыў аматарам каралевы спорту неверагодную барацьбу і эфектныя вынікі. У бегу на 60 метраў з бар'ерамі ў мужчын з вынікам 7,71 секунды перамог Віталь Парахонька. Гарачая спрэчка ў гэтай дысцыпліне разгарнулася сярод дзяўчат, перамагла ў ёй Эльвіра Герман з вынікам 7,91 секунды. У скачках у вышыню пераможнік Максім Недасекаў пакарыў вышыню ў 2,20 метра, а Карына Дзямідзік узляцела на 1,94 метра. Пераможнік забегу на 400 метраў Аляксандр Васілеўскі паказаў вынік у 48,01 секунды. У скачках у даўжыню роўных не было Настассі Мірончык-Івановай, якая ў найлепшай спробе скокнула на 6,73 метра. Разам з Эльвірай Герман і Карынай Дзямідзік Настасся была адзначана як найлепшая спартсменка турніру. У мужчын найлепшымі былі прызнаны Віталь Парахонька, пераможнік у штурханні ядра Дзмітрый Карпук і лідар у трайным скачку Максім Несцярэнка.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/shtotydnyovy-spartyuny-aglyad-zvyazdy