У дзяцінстве наша гераіня марыла стаць настаўніцай, любіла прыдумляць гісторыі і потым расказваць іх сваім сябрам, запісвала першыя літаратурныя творы ў сшытак, з хваляваннем чакала іх з'яўлення на старонках друкаваных выданняў... Тое, што калісьці было марай, спраўдзілася — сёння яе творы перакладаюцца на іншыя мовы, а ў творчай скарбонцы 18 кніг для дзяцей і падлеткаў, яна з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Пра натхненне, квэсты-падарожжы, сям'ю і чароўнае ператварэнне ў Кніжную фею пагаворым з нашай госцяй — дзіцячай пісьменніцай, настаўніцай і мамай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.
— Кацярына, у адным інтэрв'ю вы пагадзіліся з выслоўем: «Той, хто піша для дзяцей, сам ніколі не пакідае краіну дзяцінства»... Давайце прыгадаем ваша дзяцінства, чым захаплялася будучая казачная фея, якія кніжкі чытала, кім марыла стаць?
— Мне сапраўды думаецца, што нават калі я стала дарослай, для мяне не зачыніліся чароўныя дзверы, якія вядуць у краіну дзяцінства. У мяне ёсць ключ ад тых дзвярэй, і час ад часу ўдаецца вяртацца туды. Няхай толькі госцяй, як кніжная фея, якая піша для дзяцей. Там, у дзівоснай краіне дзяцінства, жывуць ні з чым не параўнальныя адчуванні і вобразы, якія назаўсёды застаюцца з намі. Там я — маленькая дзяўчынка Кацярынка з доўгімі светлымі коскамі і блакітнымі вачыма, якія глядзяць на свет з цікавасцю, шчырасцю і любоўю. Я любіла слухаць казкі, якія чытала мая бабуля Жэня. Яна пастаянна купляла нам, унукам, кнігі, выбірала выданні толькі на беларускай мове. Я і сёння, як вялікую каштоўнасць са свайго дзяцінства, беражліва захоўваю ў хатняй бібліятэцы купленыя ёю зборнікі «Бацькаў дар», «Людзей слухай, а свой розум май», «Беларускія народныя казкі», «Жаронцы»...
З маленства марыла быць настаўніцай, як мая мама Галіна. Абрала педагогіку, працую ў школе. І журналістам я ў свой час хацела стаць. На гэта сваё жаданне таксама не забылася і нават пэўным чынам ажыццявіла: час ад часу супрацоўнічаю з некаторымі рэспубліканскімі выданнямі, а яшчэ стварыла ў сваёй Ждановіцкай школе творчае аб'яднанне «Школьны прэс-цэнтр». Магу адзначыць, што пяць выпускнікоў нашай школы, якія наведвалі заняткі аб'яднання, абралі прафесію журналіста.
— У кожнай маленькай прыгажуні ў дзяцінстве ёсць свой прыклад жанчыны, да якой яна хацела б быць падобнай. У кагосьці гэта настаўніца, у кагосьці — маміна сяброўка. Хто для вас быў такім прыкладам? І ці адчуваеце, што цяпер вы з'яўляецеся для многіх своеасаблівым ідэалам?
— Аб прыкладзе з майго дзяцінства вы адгадалі! Мая першая настаўніца Лілія Уладзіміраўна сапраўды была і застаецца прыгожай жанчынай. Эфектная, стройная, яркая. Яна ўсім нам вельмі падабалася, і мы часта рабілі ёй кампліменты, звярталі ўвагу на яе прыгожыя сукенкі і нязменна высокія абцасы. Я і сёння выразна памятаю некаторыя яе ўборы, туфлі, залаты бранзалет-гадзіннік і колцы-завушніцы. Вучні звяртаюць увагу на ўсё!
І я, калі прыйшла працаваць у школу таксама настаўніцай пачатковых класаў, чула шмат кампліментаў-захапленняў ад дзяцей. Гэта, канешне, радавала. Напрыклад, выклікалі ў мяне прыемныя эмоцыі і ўсмешку іх непасрэдныя параўнанні, калі пра кагосьці казалі: «Вельмі прыгожая, амаль як вы»...
Што да ідэала... Я сябе ідэалам не лічу, але прыемна, калі дзяўчынкі прызнаюцца, што хочуць быць падобнымі да мяне.
— Кацярына, на кожную сваю сустрэчу з дзецьмі вы бераце сваіх сяброў — персанажаў вашых казак Падабайку, Вухуціка, ВасільВасю, Пухліка... Зразумела, што яны нараджаюцца ў вашым уяўленні. А хто дапамагае вам ствараць іх у рэальнасці, у якасці цудоўных цацак?
— Я вялікую ўвагу аддаю прэзентацыям і творчым імпрэзам, дзе сустракаюся з чытачамі і прадстаўляю ім свае кнігі. Я пішу для дзяцей і зацікавіць іх хочацца нечым незвычайным, каб ім запомнілася, каб захацелася чытаць. Для гэтага сама я магу завітаць да дзяцей у вобразе феі, а са старонак сыходзяць мае героі, з'яўляюцца розныя казачныя атрыбуты і інтэрактыўныя рэчы. Як гэта адбываецца? Нічога дзіўнага, звычайнае чараўніцтва! Мне пашчасціла пазнаёміцца з цудоўнай майстрыхай-чараўніцай Вольгай Лапінай, якая можа ўвасобіць мае самыя крэатыўныя ідэі. За што я ёй вельмі ўдзячна.
— Калі казаць пра фею, якая стварае казкі, адразу ў думках з'яўляецца вобраз чароўнай істоты, якая лунае на сваіх паўпразрыстых тонкіх крылах, трымаючы ў руцэ пяро з аркушам паперы... Як сапраўды выглядае рабочы кабінет пісьменніцы-феі?
— У мяне няма спецыяльнага кабінета, я нават пісьмовым сталом не карыстаюся. Гэта праўда. Проста я сапраўды лунаю на паўпразрыстых крылах натхнення ў сваім сусвеце фантазіі. Там жывуць мае персанажы, з імі адбываюцца цікавыя прыгоды, а я толькі назіраю за дзеямі і занатоўваю тое, што ўбачыла і пачула. Часам я запісваю новыя казкі на аркушы паперы выкшталцоным залацістым пяром, якое атрымала ў падарунак ад майстрыхі саламяных спраў Алены, але часцей мне дапамагае мой сябар ноўтбук. Калі вам стала цікава, як адбываецца мой творчы працэс, зазірніце ў кнігу «Знаёмцеся — #Падабай.к@!», на там адкрываюцца некаторыя таямніцы. Буду рада вітаць усіх зацікаўленых на маіх старонках у «Фэйсбуку» і «Інстаграме» @kacіarіna_khadasevіch_lіsavaya і, вядома, чакаю сустрэч на старонках маіх кніг!
— Якія пачуцці былі ў пачынаючай феі-казачніцы, калі яна ўбачыла на паліцах кнігарні сваю першую надрукаваную кнігу?
— Гэта быў цёплы сонечны ліпеньскі дзень 2008 года. У кнігарні «Светач» разам з кнігамі сапраўдных пісьменнікаў стаяла і мая першая дзіцячая кніга «Падарожжы ў Чароўны лес»! Я памятаю, якой прыгожай і асаблівай яна мне бачылася, згадваю водар друкарскай фарбы, радаснае тахканне ўласнага сэрца. Такія ўспаміны застаюцца ў памяці назаўсёды.
— Вы ствараеце не толькі квэсты-падарожжы на старонках сваіх кніг, аднак самі пастаянна выпраўляецеся ў дарогу па гарадах ды мястэчках Беларусі... Можаце прыгадаць мясціны, у якіх вы пабывалі ўпершыню дзякуючы сваёй творчасці і куды хацелася б вярнуцца зноў?
— Я недастаткова падарожнічала па роднай Беларусі. Такую выснову я зрабіла, калі стала актыўна ездзіць па нашай краіне па запрашэнні бібліятэк. На пытанне «А вы былі ў нас раней?», часта адказвала адмоўна. Але вельмі рада, што за апошнія два гады я наведала Нясвіж, Гарадзею, Магілёў, Гомель, Браслаў, Дзяржынск, Докшыцы, Бягомль, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Іўе, Пружаны, Слонім... Дзесьці я бывала, але ў многія гарады і мястэчкі, якія зараз не назвала, бо можна доўга пералічваць, я завітала ўпершыню. Удзячна Выдавецкаму дому «Звязда» за шматлікія творчыя камандзіроўкі, у якія мы выпраўляліся разам. Шчырыя словы падзякі бібліятэкам і кнігарням за запрашэнні, вельмі прыемна, калі едзеш туды, дзе цябе чакаюць, гасцінна сустракаюць, арганізоўваюць сустрэчы з дзецьмі і іх бацькамі. Колькі сяброў-чытачоў у мяне з'явілася па ўсёй краіне! Буду рада зноў прыехаць, пабачыцца, прадставіць новыя кнігі, якія я напісала для вас, мае дарагія!
— Аб чым вы марыце?
— Мара павінна быць дзівоснай! Хачу паляцець да зорак, бо я іх вельмі люблю! Дарэчы, касмічная тэма часта прысутнічае ў маіх кнігах. Фея-пісьменніца можа здзейсніць касмічны палёт у сваім уяўленні. Таму прапаную не чакаць развіцця міжпланетнага турызму, а ўжо сёння падарожнічаць разам на старонках маіх кніг. Запрашаю зазірнуць у маю новую касмічна-рамантычную кнігу «Зорка нябесная. Зорка зямная».
А яшчэ вельмі чакаю, калі ў выдавецтва з'явіцца тэхнічная магчымасць выдаць кнігу-галаграму. Уявіце сабе: адкрываеце кнігу, героі ажываюць, рухаюцца над старонкамі і пачынаецца чароўнае дзейства…
— А ці можаце выдзеліць сярод сваіх кніг самую любімую, дарагую для вас?
— Выдзеліць адну? Гэта немагчыма! Кожная для мяне дарагая, любімая і па-свойму адметная.
— Вядома, пісьменніцкая праца патрабуе больш вольных гадзін, пры гэтым існуе шмат іншых спраў — работа, сям'я... Адкажыце, калі ласка, як удаецца знаходзіць час для творчасці?
— Калі любіш творчасць, лічыш яе справай свайго жыцця — час знаходзіцца. А яшчэ я ўдзячна маёй сям'і за паразуменне і падтрымку. Калі, напрыклад, пасля работы ці ў выхадны дзень мне вельмі хочацца сесці за ноўтбук і, як праз чароўны партал, выйсці ў сусвет сваёй фантазіі, я магу зрабіць гэта. Муж і сын самі прыгатуюць вячэру ці абед. Яшчэ і фею пакормяць, калі яна праз некаторы час вернецца з казачнай краіны ў рэальнасць.
— Неяк вы казалі, што можаце быць рознай феяй, напрыклад Кветкавай. У залежнасці ад чаго фея можа памяняць свой вобраз?
— У кожным творы я пакідаю частку сябе, застаюся жыць у сваіх кнігах. А калі прэзентую кнігу чытачам, то сыходжу са старонак, увасабляючыся ў розных вобразах. Кветкавыя казкі прадстаўляе Кветкавая фея, пра таямнічыя касмічныя далячыні раскажа Зорная фея, пра чароўныя дзіцячыя сны распавядзе фея краіны Сноў, з серыяй розных кніг пазнаёміць Кніжная фея...
— Калі не памыляюся, вашы кніжкі адрасаваны дзеткам малодшага школьнага ўзросту. Вядома, што першы ваш крытык — гэта сын Станіслаў, ён, дарэчы, з'яўляецца прататыпам многіх вашых герояў. Аднак дзеці хутка растуць, і ваш хлопчык ужо падлетак. Плануеце пашырыць узроставы дыяпазон сваёй аўдыторыі?
— Так, Стасік вырас, яму зараз шаснаццаць гадоў. Я па-ранейшаму пішу для школьнікаў пачатковых класаў, гэта мая асноўная чытацкая аўдыторыя, але ёсць у мяне і кнігі для падлеткаў: «Код геніяльнасці», «Зорка нябесная. Зорка зямная», «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці», жахліўчыкі... На прэзентацыях для 5—7 класаў трэба мяняць вобраз, і я прыходжу да чытачоў, напрыклад... Кікімарай.
— Кацярына, раскрыйце сакрэт, дзе бераце ідэі для напісання твораў?
— Я і сама для сябе не раскрыла гэтую таямніцу. Няма такой валізкі, якую можна пры неабходнасці адчыніць і проста ўзяць цікавую ды прывабную новую ідэю. Задума, бывае, узнікае сама па сабе, альбо перажытыя ўражанні праходзяць праз глыбіні твайго сэрца і патрабуюць падзяліцца з чытачамі. Часам заўважыш цікавы прататып — і сюжэт пачынае вымалёўвацца сам.
P. S. Кацярына Хадасевіч-Лісавая запрашае чытачоў на ХХVІІІ Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, дзе адбудзецца прэзентацыя яе зборніка казак «Загадкі прынцэсы Агнэсы», а таксама знаёмства з кнігамі «Жахліўчыкі», «Палёт на Вухуцію», «Знаёмцеся — #Падабай.к@!», якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда». Прыходзьце 18 лютага а 15-й гадзіне (Дзіцячая пляцоўка) і 20 лютага а 13-й гадзіне. Для ўсіх ахвотных штодня будуць праходзіць аўтограф-сесіі каля стэнда «Звязды». Запрашаем!
Гутарыла Надзея Зуева
Фота з асабістага архіва пісьменніцы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-hadasevich-lisavaya-0