Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, галоўны рэдактар рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова» Андрэй ШЫШКІН падзяліўся ўражаннем ад удзелу ў VІ Усебеларускім народным сходзе ў адной з сацсетак.
— Імгненна праляцелі два дні форуму. Шчыра кажучы, уражанні дагэтуль перапаўняюць. Што і зразумела, бо не часта чалавеку выпадае шанц стаць удзельнікам гістарычнай падзеі, якая мае вялікае значэнне як для сённяшняга, так і для заўтрашняга дня нашай краіны і народа.
Ключавым момантам УНС, бясспрэчна, сталі выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі ў Палацы Рэспублікі 11 і 12 лютага. З уласцівай для беларускага лідара прастатой і шчырасцю ў іх была дадзена ацэнка няўдалай спробе беларускіх апазіцыянераў сілавымі метадамі захапіць уладу ў краіне, зроблены дакладны і ўсёабдымны аналіз бягучай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і свеце, падведзены вынікі мінулай пяцігодкі, падрабязна разгледжаны асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады.
Дарэчы, адабрэнне ўдзельнікамі УНС гэтага праграмнага дакумента — самая надзейная гарантыя таго, што развіццё краіны будзе ісці не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам. Больш за тое, галоўныя прынцыпы гэтага руху наперад застаюцца ранейшыя — сацыяльна арыентаваная дзяржава і справядлівае грамадства.
А яго дарожная карта ўключае ў сябе такія важныя крокі, як правядзенне канстытуцыйнай рэформы, умацаванне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, заканадаўчае замацаванне асаблівага прававога статусу УНС.
Актуальна сёння гучыць дэвіз УНС — «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Кожнае з гэтых слоў — неабходная ўмова выканання плана нашай агульнай перамогі, паспяховага руху па шляху, які выбралі беларусы на народным вечы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod