У Жодзіне адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы сумесна з Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.
Мэта паездкі — пошук аптымальнага заканадаўчага вырашэння праблем насенняводства сельскагаспадарчых раслін. З гэтай нагоды ў рамках падрыхтоўкі да разгляду ў другім чытанні праекта закона «Аб селекцыі і насенняводстве сельскагаспадарчых раслін» было вырашана з удзелам навукоўцаў і практыкаў правесці абмеркаванне верагодных змяненняў і карэкціровак у дадзены дакумент. Ці, інакш кажучы, зверыць падыходы і пазіцыі.
Месцам правядзення сумеснай заканатворчай работы дэпутаты і сенатары абралі Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве невыпадкова. Гэта адна з вядучых навукова-даследчых устаноў аграрнай галіны краіны. Супрацоўнікі Цэнтра ўносяць значны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Беларусі, пастаянна ўдасканальваюць кірункі даследаванняў у земляробстве, селекцыі і насенняводстве.
У Жодзіне сваімі ідеямі і прапановамі па рэалізацыі дадзенага праекта, думкамі наконт яго ўдасканалення, у прыватнасці, па падрыхтоўцы пакета нарматыўных прававых актаў па забяспечэнні рэалізацыі закона аб селекцыі і насенняводстве, падзяліліся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Мікалай Шаўчук, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, генеральны дырэктар Цэнтра, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Фёдар Прывалаў, іншыя вядомыя навукоўцы і практыкі-аграрнікі.
Удзельнікі пасяджэння ў другой палове дня наведалі і пазнаёміліся з работай селекцыйна-насенняводчага комплексу, дзейнасцю РУП «Шыпяны-АСК» — шматгаліновай гаспадаркі са спецыялізацыяй на вытворчасці мяса і малака, бульбы, кукурузы на зерне, рапсу, пшаніцы, жыта, піваварнага ячменю, трыцікале, проса і грэчкі.
У «Шыпяны-АСК» дзейнічае ўнікальны завод па сушцы, ачыстцы і дапрацоўцы элітнага насення.
Леанід ТУГАРЫН
Прэв’ю: izis.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/pastayannaya-kamisiya-palaty-pradstaunikou-pa-agrarnay-palitycy
[4] https://zviazda.by/be/tags/pastayannaya-kamisiya-saveta-respubliki-pa-regiyanalnay-palitycy-i-myascovym-samakiravanni