Хто хоча дзейнічаць, той шукае магчымасці, хто не хоча — шукае прычыны, вучыў матывацыі старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат. Добра гэта засвоіў... хакей на траве, які няўпынна развіваецца і набывае папулярнасць ва ўсім свеце. Для таго каб паспяхова працаваць, прыйшлося нават стварыць новы від спорту — індорхакей, ці ў перакладзе з англійскай мовы «хакей у памяшканні». Алё ён даўно перастаў быць «малодшым братам» хакея на траве, а стаў самастойнай захапляльнай гульнёй са сваімі турнірамі, аматарамі і сусветным прызнаннем. Праўда, у адрозненне ад хакея на траве, не ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў. Але гэта не робіць яго менш цікавым і вартым увагі.
Акрамя відавочнага адрознення месцам правядзення, хакей у памяшканні ад хакея на траве адрозніваецца і пэўнымі нюансамі ў правілах, і падабенствам да розных гульняў. Пляцоўка для індорхакея адпавядае пляцоўцы для гандбола — 20 на 40 метраў. У кожнай камандзе — па шэсць чалавек, як у валейболе. Матч працягваецца чатыры таймы па дзесяць хвілін, як у міні-футболе. У хакеі на траве адзінаццаць чалавек у кожнай камандзе гуляюць два таймы па 35 хвілін на полі памерам 91 на 55 метраў. Клюшкі і мячы падобныя, але ў індорхакеі яны лягчэйшыя.
Моцныя клубы — моцная зборная
У Беларусі хакей на траве і індорхакей развіваюцца з 1978 года. За 42 гады зроблена нямала, а яшчэ больш чакае наперадзе, упэўнены старшыня Беларускай федэрацыі хакея на траве Аляксандр Якіменка: «Мала хто ведае, што ў 1999 годзе наша жаночая зборная па індорхакеі да 21 года была чэмпіёнам Еўропы. Гэта, канешне, не самае гучнае дасягненне, але для нас важнае. Хакейны клуб «Мінск» — бронзавы прызёр Кубка клубных камандаў Еўропы ў 2020 годзе. Гродзенскі «Рытм» добра выступае ў індорхакеі. У краіне пакуль няма належных умоў, спецыялізаваных залаў для заняткаў менавіта індорхакеем. Клубы самі шукаюць рашэнне, рыхтуюцца ў звычайных спартыўных залах. І многія калегі часам здзіўляюцца, як у такіх умовах можна так выдатна рыхтавацца да выступлення на міжнародных турнірах. Ад гэтага нашы поспехі яшчэ больш значныя».
Аляксандр Якіменка нагадвае галоўны прынцып камандных відаў спорту: моцныя клубы — моцная зборная. Гэты пастулат не словам, а справай у 2020 годзе пацвердзіла нацыянальная жаночая зборная па індорхакеі. Упершыню ў айчыннай гісторыі гульнявых відаў спорту беларуская каманда выйграла чэмпіянат Еўропы. «Дзяўчаты абыгралі немак, якія 15 разоў станавіліся чэмпіёнкамі. Нашы спартсменкі перамаглі галандак, а ў Нідэрландах хакей на траве — нацыянальны від спорту, там 310 тысяч чалавек займаецца. Тая перамога стала грандыёзным поспехам усяго беларускага хакея. Зразумела, што такі поспех склаўся не за адзін дзень, гэта вынік шматгадовай каманднай працы спартсменаў, трэнераў, федэрацыі», — адзначае Аляксандр Якіменка.
Па словах кіраўніка беларускага хакея на траве, цяпер галоўная задача — захаваць і памножыць ужо дасягнутыя вынікі і павялічыць колькасць спартсменаў: «Калі 10 гадоў таму мы з шасці школ не маглі набраць 10 дзяцей аднаго ўзросту, то цяпер у нас ужо ёсць канкурэнцыя і адбор. Напрыклад, у хакеі 5 на 5, у адносна новай дысцыпліне, у кожнай узроставай катэгорыі ёсць з каго выбіраць. А вынік з'яўляецца толькі, калі ёсць канкурэнцыя. Нашы трэнеры пастаянна вучацца і павышаюць сваю кваліфікацыю. Мы шмат увагі ўдзяляем навуковаму падыходу. Я нядаўна быў на курсах, дзе абмяркоўвалі новыя падыходы да арганізацыі трэніровачнага працэсу. І даведаўся, што цяпер папулярнасць набывае гендарная інжынерыя. Згодна з гэтай методыкай, групы падбіраюць не па ўзросце спартсменаў, а па сіле, вынослівасці, іншых характарыстыках арганізма. А самае цікавае, што гадоў 20 таму мы ўжо такое практыкавалі. Нашы беларускія дзяўчаты трэніраваліся з хлопцамі, якія, зразумела, мацнейшыя за іх. Дзякуючы гэтай рацыянальнай методыцы падрыхтоўкі дзяўчаты і выйшлі ў пераможцы».
Паступова, крок за крокам
Глабальная мэта, вядома, выступленне беларускай зборнай на Алімпійскіх гульнях. І «неалімпійскі» індорхакей адыгрывае ў яе дасягненні значную ролю. Як мінімум, ён не дае гульцам страціць форму зімой. «Міністр сказаў, што задача гульнявых відаў спорту — быць у спісе 25 лепшых зборных каманд Еўропы і свету. Мы яе ўжо выканалі. На сёння жаночая зборная Беларусі па індорхакеі займае трэцюю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Каб разумець усю значнасць гэтага месца, варта адзначыць, што індорхакей у свеце развіваюць 137 краін. Для параўнання, усім вядомы хакей з шайбай — 72 краіны. У хакеі на траве жаночая зборная зараз на 21-м месцы сусветнага рэйтынга, некалі былі нават 18-я. У Алімпійскіх гульнях удзельнічаюць 12 найлепшых камандаў свету, але ў нас ёсць шанцы і магчымасці туды трапіць. На Алімпіяду ў Токіа мы ўжо не пападаем, таму нацэльваемся на 2024 год на Парыж».
Для дасягнення гэтай мэты ёсць канкрэтны план, дзеліцца Аляксандр Якіменка: «Да Алімпіяды трэба ісці паступова, крок за крокам. Спачатку трэба змагацца за 1—5 месцы чэмпіянату свету, потым спаборнічаць за медалі. Каманда, якая з гэтым справіцца, будзе канкурэнтаздольнай і зможа прэтэндаваць на алімпійскія ліцэнзіі. Мы першы крок ужо зрабілі — выйгралі чэмпіянат Еўропы па індорхакеі. У хакеі на траве жаночая зборная ўваходзіць у топ-8 камандаў Еўропы».
У сучаснага індорхакея ў Беларусі жаночае аблічча. І гэта лёгка растлумачыць: у краіне чатыры клубы з жаночымі камандамі — баранавіцкі «Тэкстыльшчык-БарДУ», гродзенскі «Рытм», смалявіцкая «Вікторыя», «Мінск». А мужчынскіх камандаў — толькі дзве: «Мінск» і брэсцкі «Будаўнік». Але мужчыны бяруць не колькасцю, а якасцю. Нацыянальная мужчынская зборная па індорхакеі ўпершыню ў гісторыю выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў 2022 годзе. У хакеі на траве мужчынская каманда да 21 года выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Еўропы. Мужчынская каманда «Мінск» у 2020 годзе заняла трэцяе месца ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў.
Не адстае і маладое пакаленне. Па ўсёй Беларусі гэтым відам спорту займаецца каля 2000 чалавек. Маладзёжныя каманды да 21 года, і мужчынская, і жаночая, будуць выступаць у фіналах чэмпіянату Еўропы. У лютым 2021 года ў Мінску прайшоў «Адкрыты Кубак сталіцы» памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Жмакіна сярод юнакоў і дзяўчат 2005—2006 гадоў нараджэння.
«Жыллёвае» пытанне
Аднак і ў гэтай шчаслівай сям'і існуюць свае праблемы. Нягледзячы на тое што ў кожным рэгіёне ёсць свая школа па хакеі на траве, адчуваецца недахоп інфраструктуры. «Зразумела, што вынікі на спаборніцтвах непасрэдна залежаць ад умоў трэніровачнага працэсу, з чым у нас праблемы. Тытулаваны гродзенскі «Рытм» даўно заслужыў добрае пакрыцце і спецыяльны зал для заняткаў індорхакеем. Пастанова Міністэрства спорту і турызму ўключыла хакей на траве ў спіс 20 прыярытэтных відаў спорту на 2021 год. І хацелася б, каб гэты прыярытэт праяўляўся ў адносінах да клубаў, дзіцячых школ, каб у спартсменаў былі належныя ўмовы для развіцця. Зразумела, без належнага фінансавання гэта цяжка. Аднак жа неабходна для стварэння моцных зборных, гонару краіны», — падкрэсліў Аляксандр Якіменка.
У адрозненне ад рэгіёнаў, у сталіцы гэтая праблема ўжо вырашаецца. Плануецца, што сёлета ў Мінску з'явіцца новае поле для хакея на траве, будзе абноўлена пакрыццё поля ў парку Горкага. Па словах старшыні федерацыі, гэтыя меры неабходныя на доўгі час: «Абнаўленне палёў патрэбна ж не толькі камандам, гэта вялікі ўнёсак у развіццё ўсяго спорту. Мы зможам праводзіць міжнародныя спаборніцтвы, да нас хочуць прыязджаць».
Добры ў гэтым плане прыклад Баранавіч — у 2013 годзе там была пабудавана выдатная арэна «Дубава-спорт». Кожны год там праводзіцца міжнародны турнір — кубак Садружнасці, які негалосна празвалі кубкам СНД. У 2019 годзе там правяла збор зборная каманда Індыі.
У «сям'і» павінен быць свой дом, таму ў кароткатэрміновай перспектыве — будаўніцтва дома для індорхакея і хакея на траве. «Толькі ў Мінску займаецца 270 дзяцей, але праз адсутнасць залы, зімой цяжка з імі працаваць належным чынам. Я думаю, мы заслужылі свой уласны дом — у першую чаргу ён патрэбен для індорхакея. У нас ёсць каманды, якія ўжо паказваюць вынікі, перспектыўныя дзеці, якія будуць яго паказваць. Гэтае пытанне актыўна распрацоўваецца. Спадзяюся, хутка пачнецца будаўніцтва аб'екта, які стане важнай вехай у развіцці нашага спорту», — падзяліўся Аляксандр Якіменка.
І ў горы, і ў радасці
Нягледзячы на пераносы і адмены спаборніцтваў праз пандэмію каранавіруса, беларускія хакеісты ідуць да сваіх мэт. Планавалася, што ў лютым пройдзе Кубак свету па індорхакеі, але яго перанеслі на 2022 год. Дарэчы, летась мужчынская каманда «Мінск» заняла на гэтым турніры трэцяе месца, мэтай на гэты год было пераўзысці свой вынік, але давядзецца пачакаць. Гульнявую практыку набывае і маладое пакаленне хакеістаў. З пачаткам вясны з зімовых канікул вернецца хакей на траве. Першы міжнародны турнір у новым сезоне — Кубак Садружнасці сярод жаночых камандаў, які традыцыйна прымаюць Баранавічы. Мужчыны рыхтуюцца да Еўралігі.
У лютым прайшоў чэмпіянат Беларусі па індорхакеі. Пераможцамі сталі каманды «Мінск-1» як у жанчын, так і ў мужчын. «Гэты чэмпіянат краіны раскрыў новых зорачак, якія ў будучым сябе добра праявяць. Гэта яшчэ раз даказвае, што мы робім усё правільна, і ў Беларусі ёсць таленавітыя хакеісты», — падвёў вынікі першынства краіны Аляксандр Якіменка.
Асноўныя характарыстыкі сям'і беларускага хакея на траве — амбіцыйнасць і смеласць. Глава гэтай сям'і ўпэўнены: без такіх якасцяў у сучасным спорце не абысціся: «Паўтаруся, наша галоўная мэта — Алімпійскія гульні, і дзеля гэтага ўсе гатовы і будуць рабіць усё магчымае. Нашы каманды павінны змагацца з моцнымі камандамі свету, імкнуцца да вядучых пазіцый. Мужчынам, можа быць, цяжэй гэта рабіць, чым дзяўчатам, бо мужчынскі хакей развівае больш краін. Але гэта акалічнасць не павінна быць перашкодай да развіцця і выхаду на высокі ўзровень. У нашага спорту вялікія перспектывы, будучае за хакеем на траве».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/hakey-na-trave
[5] https://zviazda.by/be/tags/indorhakey
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport