Народныя зімовыя напоі дапамогуць вам паправіць здароўе і палепшыць настрой. Пры гэтым яны безалкагольныя!
У халодны перыяд года, які на Беларусі цягнецца ад позняй восені да пачатку мая, самы час спажываць нарыхтаваныя ўлетку дзікарослыя плады і ягады, садавіну, а таксама лекавыя духмяныя расліны. На вёсцы з іх традыцыйна гатавалі розныя напоі: узвар, кісель, квас, морс, кулагу, саладуху і іншыя. Усе яны дапамагаюць падтрымаць імунітэт.
Узвар. Бадай, самы распаўсюджаны з даўніх часоў на Беларусі напой. Гатуюць яго з сухіх яблыкаў і груш. Узімку часта ўжываюць гарачым замест гарбаты.
Інгрэдыенты: 7 л вады; 1 кг сухіх яблыкаў і груш; пучок травы чабору або мяты.
Як гатаваць: калі гарыць агонь, паставіць у печ самы вялікі гаршчок з вадой, каб закіпела. Калі закіпіць, не марудзячы, гэтай вадой трэба заліць сухафрукты, насыпаныя ў асобную пасудзіну. Каб палепшыць смак узвару, можна дадаць туды пучок мяты або чабору. Пры гэтым зёлкі не варта церушыць. А калі яны ўжо разцярушаныя, то трэба закруціць іх у марлю, каб яны не засмецілі ўзвар. Накрыць посуд, пакінуць на 0,5 гадзіны насычацца сухафруктамі. Дарэчы, чым чысцей вада, тым смачней узвар. Не трэба дадаваць туды варэнне ці цукар, узвар і так будзе салодкім. Калі хочацца, каб было саладзей, дадайце крыху мёду.
Морс. Гэты цудоўны напой ужываюць, у залежнасці ад пары года, гарачым або халодным. Гатуюць яго з сумесі фруктовых або ягадных адвараў, сокаў і цукру. З ягад лепш падыходзяць брусніцы і журавіны. Морс — добры сродак для падтрымкі імунітэту. Крыху перарабіўшы народную прымаўку, хочацца сказаць: «Вось вам рэцэпт морсіку для форсіку!»
Інгрэдыенты: 150 г брусніц; 120 г цукру; 1 л вады.
Як гатаваць: ягады перабраць, памыць, размяць драўляным таўкачыкам у керамічным або шкляным посудзе і адціснуць сок. «Жамерыны» заліць гарачай вадой і кіпяціць 5 хвілін. Адвар працадзіць, дадаць цукар, перамяшаць, давесці да кіпення, астудзіць. Цяпер дадаць сюды свежы, раней адціснуты сок і вытрымаць напой 1-1,5 дні.
Амаль гэтак жа гатуецца і морс з журавін. Толькі для яго спатрэбіцца 1 стакан журавін, 0,5 стакана цукру і 1 л вады.
Гарбата зельная. Нягледзячы на тое, што раней галоўнымі спецыялістамі па лекавых раслінах лічыліся жанчыны-зяляркі, да якіх звярталіся, калі нехта хварэў, звычайныя гаспадыні таксама збіралі пахучае зелле на гарбату. Гатуючы такую гарбату, бралі зёлкі, прыемныя на смак. Пілі яе толькі свежай і добра настоенай.
Класічнай лічыцца мерка 1 чайная лыжка сумесі зёлак на 1 шклянку вады, але варыянтаў прыгатавання зельнай гарбаты можа быць мноства. Фарміруючы збор, спрактыкаваныя зяляркі звычайна імкнуцца браць роўныя часткі сухіх раслін, лічачы, што кожная з іх сама ведае, як дапамагчы чалавеку. Сёння гатовыя лекавыя расліны можна набыць у аптэцы.
Зельную гарбату не падсалоджваюць цукрам, яе лепш падаваць з мёдам або варэннем. Слодыч у напітак не дадаюць. Мёд і варэнне ядуць упрыкуску маленькімі порцыямі, запіваючы гарбатай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] http://zviazda.by/be/edition/alesya
[3] https://zviazda.by/be/tags/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/bezalkagolnyya-napitki