На трох мовах выходзіць штомесячны часопіс «Беларусь» — на беларускай, англійскай і кітайскай. Лютаўскі нумар багата ілюстраванага мастацка-публіцыстычнага выдання, якое прэзентуе нашу дзяржаву для чытачоў іншых краін свету, пабачыў свет з «кітайскімі старонкамі» і па зместу.
Журналістка і пісьменніца Інеса ПЛЕСКАЧЭЎСКАЯ гутарыць са старшынёй таварыства дружбы «Беларусь — Кітай», дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, былым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы кандыдатам гістарычных навук Анатолем ТОЗІКАМ. «У інтарэсах абедзвюх дзяржаў» — такую назву носіць дыялог з дасведчаным арганізатарам беларуска-кітайскіх гуманітарных, адукацыйных зносін. Анатоль Афанасьевіч расказвае і пра захады па падрыхтоўцы школьных настаўнікаў кітайскай мовы, і пра інфармацыйна-аналітычнае суправаджэнне практычнага двухбаковага супрацоўніцтва, і пра выдавецтва «Усходняя культура», і пра ролю прапаганды Беларусі ў Кітаі.
Яшчэ адна публікацыя, якую хацелася б параіць чытачам, якія ўважлівыя да развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў, — пераклад на кітайскую мову казкі вядомай беларускай пісьменніцы Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ «Пік-Пік і Пепіта на паляванні». Будзем спадзявацца, што менавіта гэту публікацыю заўважаць чытачы і пісьменнікі і ў Паднябеснай. Хацелася б, каб і перад кітайскай чытацкай аўдыторыяй было навідавоку развіццё беларускай дзіцячай літаратуры.
У лютаўскім нумары (адпаведна і ў кітайскім выпуску «Беларусі») — і артыкул «У вандроўку — з любімымі героямі», прысвечаны беларускай дзіцячай пісьменніцы Кацярыне ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВОЙ.
Сяргей Шычко
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya