У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра дасягненні беларускіх спартсменаў.
Рэкорды тыдня. Беларускія лёгкаатлеты паспяхова выступілі на міжнародным турніры Copernіcus Cup у Польшчы. Віялета Скварцова ў трайным скачку праляцела 14,39 метра і тым самым аднавіла ўласны рэкорд, а самае галоўнае — выканала кваліфікацыйны нарматыў на Алімпійскія гульні ў Токіа. У 2021 годзе гэта першая ліцэнзія ў лёгкаатлетаў. Ужо 18 спартсменаў адабраліся на галоўныя старты. Гэты вынік прынёс Віялеце сярэбраны медаль турніру Copernіcus Cup. Увогуле яе вынік 14,39 — гэта чацвёрты радок сусветнага рэйтынга і другі еўрапейскага.
На гэтым жа турніры Максім Недасекаў у скачку ў вышыню ўстанавіў нацыянальны рэкорд у памяшканні і ўзначаліў сусветны рэйтынг сезона. Яму пакарылася вышыня ў 2,34 метра, што прынесла перамогу на Copernіcus Cup. Папярэдні рэкорд у гэтай дысцыпліне быў устаноўлены ў 1995 годзе Алегам Жукоўскім і раўняўся 2,33 метра.
Перамога тыдня. Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Элізэ Мертэнс сталі пераможцамі жаночага парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. У вырашальным матчы беларуска-бельгійскі дуэт абыграў чэшскі дуэт Барбары Крэйчыкавай і Кацярыны Сіняковай. Вынік сустрэчы — 6:4, 6:3. Для Арыны і Элізэ гэта другая сумесная перамога на парных спаборніцтвах серыі «Вялікага шлема». У 2019 годзе яны выйгралі парны разрад US Open.
Перамога на Australіan Open забяспечыла Арыне Сабаленцы першы радок сусветнага рэйтынга WTA ў парным разрадзе. Такую пазіцыю тэнісістка займае ўпершыню ў сваёй кар'еры. Элізэ Мертэнс размясцілася на другім радку.
Тытул тыдня. Беларуская тэнісістка Шалімар Тальбі — абсалютная пераможца міжнароднага турніру ў Егіпце. У фінальным матчы яна была мацнейшая за прадстаўніцу Чэхіі Лінду Носкаву. Вынік сустрэчы — 6:3, 2:6, 6:3. Увогуле падчас турніру Шалімар не ўступіла сваім саперніцам ніводнага сэта. У фінале парнага разраду разам з японкай Эрыкай Сёма беларуская тэнісістка абыграла другую пару турніру — Міябі Іноэ з Японіі і Лян Эн-Шо з Тайваня. Вынік сустрэчы — 2:6, 6:0, 14:12. Для Шалімар Тальбі — гэта трэці тытул на турнірах серыі Women's World Tennіs Tour, у парным разрадзе — пяты.
Медалі тыдня. Беларускія дзюдаісты заваявалі першыя медалі ў 2021 годзе. На турніры серыі «Вялікага шлема» Дзмітрый Мінькоў заваяваў сярэбраны медаль у Тэль-Авіве. У вагавой катэгорыі да 66 кілаграмаў ён упэўнена дайшоў да фіналу, атрымаўшы чатыры перамогі над сапернікамі з Ірландыі, Ізраіля, Узбекістана і Расіі. У вырашальным паядынку беларус сустрэўся з іспанцам Альберта Марцінам Гайтэра, але ўступіў і заняў другое месца.
Бронзавым прызёрам гэтага ж турніру стала Марына Слуцкая, якая выступае ў вагавой катэгорыі 78 кілаграмаў. Падчас турніру яна аказалася мацнейшай за прадстаўніц Венгрыі і Расіі. У паўфінале Марына ўступіла францужанцы Рамані Дзіко, аднак змагла рэабілітавацца і выйграць схватку за «бронзу» ў Жасмін Грабоўскі з Германіі.
Дэбют тыдня. Хакеіст Максім Сушко дэбютаваў у Нацыянальнай хакейнай лізе ў складзе клуба «Філадэльфія Флаерз» у матчы супраць «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». Яго каманда ўступіла 2:3 па булітах. У сезоне 2021 года ў Нацыянальнай хакейнай лізе пасля доўгага перапынку дэбютавалі два беларускія хакеісты — Ягор Шаранговіч выступае за клуб «Нью-Джэрсі».
Аб'ява тыдня. Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі адобрыў рэкамендацыю незалежнай антыдопінгавай камісіі аб скарачэнні колькасці парушэнняў правілаў на працягу аднаго года, якія прыводзяць да адхілення спартсменаў. Згодна з новымі правіламі, спартсмены будуць адхіленыя ад спаборніцтваў за тры парушэнні правілаў у год.
Каманда тыдня. На Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Маскве беларускія грацыі занялі першае месца ў групавых практыкаваннях. Каманда ў складзе Настассі Рыбаковай, Арыны Цыцылінай, Ганны Швайбы, Ганны Гайдукевіч і Карыны Ярмоленкі паднялася на першую прыступку п'едэстала ў практыкаваннях з трыма абручамі і дзвюма парамі булаў. За сваё выступленне беларускі атрымалі 36,100 бала.
Турнір тыдня. У славенскай Паклюцы завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне. Па выніках планетарнага першынства ў медальным заліку беларуская каманда заняла сёмае месца — у актыве беларусаў «бронза» Ганны Солы. У эстафеце жаночая каманда Беларусі заняла чацвёртае месца. Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола і Алена Кручынкіна ўступілі чэмпіёнкам, спартсменкам з Нарвегіі, 28,8 секунды. Другое месца ў прадстаўніц Германіі, трэцяе — у прадстаўніц Украіны. У мужчынскай эстафеце 4х7,5 беларуская каманда ў складзе Мікіты Лабастава, Антона Смольскага, Максіма Вераб'я і Дзмітрыя Лазоўскага фінішавала на дзявятай пазіцыі. Адставанне ад пераможцаў — 2 хвіліны 25,4 секунды. У змешанай эстафеце беларускі дуэт Ірыны Крыўко і Мікіты Лабастава размясціўся на 12-й пазіцыі.
Цытата тыдня. «Перамогі ў авертаймах сведчаць аб характары каманды: хакеісты ўпэўнены ў сабе, праяўляюць стрыманасць. Наша сістэма працуе і прыносіць такія патрэбныя балы», — адзначыў галоўны трэнер «Дынама-Мінск» Крэйг Вудкрафт у інтэрв'ю прэс-службе клуба. У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама-Мінск» у авертайме абыгралі чэлябінскі «Трактар». Вынік сустрэчы на «Мінск-Арэне» — 3:2. У сёлетнім сезоне гэта 10-я перамога «зуброў» у авертайме. Такім чынам «Дынама-Мінск» устанавіў рэкорд КХЛ па колькасці перамог у дадатковы час.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtotydnyovy-spartyuny-aglyad-zvyazdy