Больш за 40 зваротаў ад жыхароў Гомельшчыны прыняў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей падчас прамой тэлефоннай лініі.
Так, пенсіянер, жыхар аграгарадка Чырвонае, што ў Гомельскім раёне, паскардзіўся на неналежную чыстку вуліцы ў снегапады: — Высыпалі пад вароты коўш снегу, а ў мяне няма сіл яго прыбраць, я інвалід, хаджу з кіем, — прызнаўся мужчына. На тое, што дзеці ў школу вымушаны з-за гурбаў ісці паўскрай ажыўленай шашы, наракала таксама жыхарка аграгарадка Чырвонае:
— Там няма агароджы. Гэта небяспечна, — звярнула ўвагу жанчына. — А пасля снегападу ўвесь прыбраны снег згрузілі на дарожку, і цяпер школьнікам даводзіцца рабіць сцяжынкі па высокіх гурбах.
Жыхар аграгарадка Васільеўка Добрушскага раёна распавёў, што ў яго населеным пункце ад снегу прыбраныя толькі цэнтральныя вуліцы, па тых жа, што на ўскраіне, цяжка праехаць машынам. Не ўсе вуліцы ачышчаны ад снегу і ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна, звярнуў увагу мясцовы жыхар. У некаторых месцах не могуць праехаць машыны для вывазкі смецця.
Генадзь Салавей даручыў адказным службам ацаніць і выправіць сітуацыю па ўсіх адзначаных населеных пунктах.
Адразу шэсць званкоў паступіла ад гамяльчан — жыхароў аднаго з дамоў па вуліцы Воськіна.
— Наш мікрараён малады. Інфраструктура яшчэ не развітая, і многія бацькі возяць дзяцей у садкі, школы ў іншыя мікрараёны, самі ездзяць на работу. Таму аўтамабіль для нас — не раскоша, а неабходнасць. Але сутыкнуліся з праблемай, што наш двор тупіковы, паўнавартаснай паркоўкі няма. На 144 кватэры ўсяго 50 парковачных месцаў, — растлумачылі сітуацыю грамадзяне. Яны адзначылі, што іх дом кааператыўны і парковачныя месцы павінны быць прадугледжаны пад кожную кватэру.
— Чаму гэта не было зроблена, у чым прычына — трэба разабрацца. Будзем вывучаць, — адказаў на зварот гамяльчан Генадзь Салавей.
Між тым, жыхароў аграгарадка Яроміна Гомельскага раёна хвалюе якасць вады.
— Пабудавалі станцыю абезжалезвання. Але вада ўсё роўна пахне жалезам. Пасля нашых званкоў нешта рэгулююць, наладжваюць, але хапае максімум тыдні на два, — адзначыла ў сваім звароце мясцовая жыхарка.
На прамую лінію да губернатара звярнуліся фермеры з аграгарадкоў Урыцкае Гомельскага раёна і Судкова Хойніцкага раёна. Яны пацікавіліся магчымасцю выдзялення зямлі.
— Мы разгледзім работу фермераў, ацэнім эфектыўнасць іх дзейнасці, каб прыняць канкрэтныя рашэнні, — адзначыў Генадзь Салавей.
Таксама магчымасцю пакінуць свой зварот на прамой лініі кіраўніка рэгіёна скарысталіся жыхары Хойніцкага і Брагінскага раёнаў. Грамадзяне папрасілі скарэктаваць маршруты або расклад руху грамадскага транспарту. Падчас тэлефоннай лініі былі агучаны і падзякі ад жыхароў у адрас кіраўніцтва аблвыканкама.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-telefonnaya-liniya