Урад зацвердзіў дзяржаўную праграму «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021-2025 гады. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 лютага 2021 года нумар 99, апублікаванай [1] на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Беларусі ўдалося захаваць унікальнае для паўнацэннага і разнастайнага жыцця людзей навакольнае прыроднае асяроддзе. У сусветным рэйтынгу па індэксе экалагічнай эфектыўнасці Беларусь займае 49-ю пазіцыю са 180 краін», — гаворыцца ў дакуменце.
Праграма накіравана на забеспячэнне экалагічна спрыяльных умоў для жыццядзейнасці грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. У яе ўключаны шэсць падпраграм, у тым ліку па гідраметэаралогіі, абыходжанні са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі, захаванні біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, маніторынгу і ахове навакольнага асяроддзя, а таксама «Нетры Беларусі».
Сярод задач на пяцігодку — нарошчванне мінеральна-сыравіннай базы, укараненне сучасных тэхналогій гідраметэаралагічных назіранняў, змякчэнне ўздзеяння на клімат і адаптацыя да яго змяненняў, захаванне і аднаўленне экалагічных сістэм, забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. У планах вывучэнне падземнай гідрасферы, пошук і разведка прэсных і мінеральных падземных вод для забеспячэння патрэбнасцей насельніцтва, удасканаленне сістэмы кіравання гідраметэаралагічнай дзейнасцю і сістэмай менеджменту якасці, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў. Таксама дзяржпраграмай прадугледжана распрацоўка планаў кіравання басейнамі рэк Нёман і Заходняя Дзвіна, вядзенне рэестра асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі.
Для фінансавання мерапрыемстваў праграмы неабходны сродкі ў памеры большым за Br385 млн.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2021 года.
Фота wikiquote.org
Спасылкі
[1] https://pravo.by/document/?guid=3961&p0=C22100099
[2] https://zviazda.by/be/tags/pryroda
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-internet-partal