У Беларусі ў 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 17 аб'ектаў аховы здароўя, адмяняць «ковідныя» надбаўкі медыкам у 2021 годзе не будуць, а трэцяя хваля каранавіруснай інфекцыі будзе менш інтэнсіўная. Пра гэта і іншае міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў учора на выніковай калегіі ведамства, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі.
Міністр праінфармаваў, што праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя: за апошнія пяць гадоў пабудавана або татальна рэканструявана больш за 80 аб'ектаў аховы здароўя. Нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, у 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 17 аб'ектаў аховы здароўя, а таксама прыняты меры па фінансаванні будаўніцтва значных аб'ектаў у 2021 годзе.
Выдаткі дзяржаўнага сектара на ахову здароўя складаюць больш за 4 % ВУП, удзельная вага выдаткаў у кансалідаваным бюджэце — 16 %. Фармацэўтычнай галіной за пяць гадоў павялічаны ў 3,5 раза аб'ём вытворчасці лекавых прэпаратаў, іх экспарт — у 1,8 раза, доля айчынных прэпаратаў на рынку дасягнула 50 %.
Канчатковыя вынікі ў барацьбе з пандэміяй будуць падведзены пасля завяршэння эпідэмічнага сезона. Міністр нагадаў, што Комплексны план па барацьбе з COVІD-19 у краіне быў распрацаваны і зацверджаны яшчэ 4 лютага 2020 года. І калі паступіў нулявы пацыент (27 лютага), сістэма, у прынцыпе, была гатовая.
— Стратэгічныя рашэнні прымаліся на ўзроўні Прэзідэнта краіны. З моманту эпідэміі пад яго кіраўніцтвам было праведзена больш за 30 нарад. Па даручэнні Прэзідэнта былі сфарміраваныя штаб на ўзроўні ўрада і рэгіянальныя штабы. Кіраўнік дзяржавы асабіста наведаў восем устаноў аховы здароўя і «чырвоныя» зоны ў іх, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.
Да работы з COVІD-19 былі прыцягнутыя 35 % урачоў і 45 % сярэдніх медработнікаў. Асобна міністр адзначыў ролю спецыялістаў хуткай дапамогі і паліклінічнага звяна — на піку пандэміі працавала 1,5 тысячы кантактных брыгад.
— Кіраўніком дзяржавы 2020 год пазначаны як год мужнасці медыкаў — гэта для нас самая высокая ацэнка, — падкрэсліў міністр. Ён расказаў, што на працягу года дзяржузнагароды атрымалі 45 медыцынскіх работнікаў, якія былі занятыя ў барацьбе з інфекцыяй, яшчэ больш за 4,3 тысячы ўзнагароджаны ўрадам, міністэрствам сумесна з прафсаюзамі, мясцовымі органамі ўлады.
— Умовы татальнага закрыцця межаў пацвердзілі правільнасць нашых рашэнняў: мы мелі рацыю, калі не скарацілі структуру аховы здароўя, калі адстойвалі прыярытэтнасць імпартазамяшчэння, — адзначыў міністр.
Па яго словах, з 16 да 59 была павялічана колькасць ПЛР-лабараторый, праведзена звыш 4 мільёнаў дыягнастычных даследаванняў. Вырашаны праблемы забеспячэння сродкамі індывідуальнай аховы, рознымі відамі спецыяльнага і дыягнастычнага абсталявання. Цяпер амаль уся лінейка аховы і тэстаў з'яўляецца айчыннай. Лекавае забеспячэнне адбываецца без збояў.
Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, робяцца выплаты за работу ва ўмовах COVІD-19 — гэта ўжо больш за 580 мільёнаў. Як запэўніў усіх медыцынскіх работнікаў міністр, аплата за працу з COVІD-19 будзе праводзіцца і далей.
— Ніхто адмяняць рашэнне Прэзідэнта па «ковідных» надбаўках не будзе — гэтыя выдаткі запланаваны на 2021 год, — падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што айчынная мадэль барацьбы супраць COVІD-19 паказала сваю эфектыўнасць, і асновай яе сталі прафесіяналізм, мабілізацыя, самаадданасць спецыялістаў на ўсіх узроўнях.
— Карыстаючыся гэтай трыбунай, хачу перадаць словы шчырай падзякі ўсім калегам! — сказаў ён.
Дзмітрый Піневіч адзначыў, што барацьба з пандэміяй яшчэ далёкая ад завяршэння. Мы знаходзімся на другой хвалі з тэндэнцыяй да зніжэння ва ўсіх рэгіёнах. Найбольш верагодна, што трэці перыяд уздыму будзе менш інтэнсіўны. Але многае будзе залежаць ад завозу новых штамаў і ступені ахопу вакцынацыяй.
Цяпер колькасць прышчэпленых складае амаль 25 тысяч чалавек, першымі былі вакцынаваны медыцынскія спецыялісты. Яшчэ 40 тысяч вакцын паступае ў рэгіёны зараз. Акрамя таго, 100 тысяч доз кітайскай вакцыны прыбыло ў Беларусь, ёй будуць прышчэплены 50 тысяч чалавек. Яшчэ 100 тысяч доз чакаецца ў сакавіку. З сакавіка плануецца і разліў вакцыны «Спадарожнік V» на магутнасцях нашых фармпрадпрыемстваў — па 500 тысяч доз у месяц. Усе ахвотныя атрымаюць прышчэпку.
Памяншэнне існуючых адрозненняў паміж рэгіёнамі па ўзроўні забеспячэння медыцынскай дапамогай — стратэгічная мэта сістэмы аховы здароўя на найбліжэйшы час. Аднак, міністр аховы здароўя ўпэўнены, што гэта трэба рабіць мэтанакіравана, у тым ліку праз развіццё сістэмы аховы здароўя абласных цэнтраў, забяспечыўшы 12 гарадоў паскоранага развіцця і апорныя бальніцы (з улікам праблемных тэрыторый).
Па словах намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі, «мінулы год для краіны і сістэмы аховы здароўя прайшоў пад знакам барацьбы з каранавірусам. Медыкі апынуліся на перадавой, прадэманстравалі свой прафесіяналізм, стойкасць, мужнасць, ратавалі нашых людзей, укаранялі новыя пратаколы».
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што перад галіной пастаўлены новыя задачы.
— Пэўныя заўвагі былі зробленыя кіраўніком дзяржавы ў яго выступленні на VІ Усебеларускім народным сходзе — сістэма аховы здароўя павінна стаць бліжэй да чалавека, ведаць яго патрэбы. Мы павінны ўдасканальваць сістэму, каб яна працавала як адзіны складаны механізм: гаворка ідзе пра першасную дапамогу на сяле, у рэгіянальным або абласным цэнтры, сталіцы.
Ігар Петрышэнка таксама адзначыў, што трэба пашыраць магчымасці прынцыпу «залатой медыцынскай гадзіны» — ён павінен спрацоўваць па ўсёй краіне. Тым больш што падыходы і лагістыка выбудаваныя.
Кадравая палітыка — яшчэ адна найважнейшая тэма.
— Малайцы нашы студэнты — як толькі пачалася пандэмія, па ўласнай ініцыятыве выйшлі на дапамогу старэйшым калегам — у лячэбныя ўстановы. У той жа час яны добра здавалі сесію, — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya