Законапраект, накіраваны на ўдасканаленне кодэксаў аб крымінальнай адказнасці, абмяркоўваўся сёння на пасяджэнні спецыяльнай рабочай групы. Яе дзейнасць выйшла на фінальную стадыю, праца над дакументам перад яго унясеннем у парламент амаль завершана, інфармуе БЕЛТА [2].
Як распавёў на пасяджэнні рабочай групы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, падрыхтаваны законапраект адпавядае бягучай абстаноўцы ў краіне, накіраваны на забеспячэнне сістэмнасці, збалансаванасці крымінальнага заканадаўства і прадугледжвае аптымізацыю механізмаў узаемадзеяння паміж праваахоўнымі органамі.
Ён нагадаў, што праца па падрыхтоўцы законапраекта вялася па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Спачатку было ўдасканалена адміністрацыйнае заканадаўства, у выніку чаго прыняты абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйнай адказнасці, які ўступіць у сілу з 1 сакавіка гэтага года.
А наступным этапам стала ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства — крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага кодэксаў. У гэтай дзейнасці прымалі ўдзел і спецыялісты розных ведамстваў, юрысты, дэпутаты парламента. «Гэта работа падыходзіць да завяршэння», — канстатаваў Ігар Сергеенка.
«Хацелася б адзначыць, што гэтая праца вельмі важная як для дзяржавы, так і для простых людзей. Бо ў новым законе мае значэнне кожная літара, коска. Ад яго нормаў у канчатковым выніку залежыць лёс і жыццё канкрэтнага чалавека», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, важным патрабаваннем пры падрыхтоўцы паправак з’яўляецца эфектыўнасць прымянення на практыцы. «Мы не павінны ўносіць тыя змены, якія будуць загадзя нездзяйсняльныя, непрыдатныя, — звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Крымінальны закон павінен адпавядаць рэальнай абстаноўцы ў краіне і ў свеце. Павінна ўлічвацца і сусветная практыка. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы на шостым Усебеларускім народным сходзе, людзі павінны ўбачыць адпаведны закон і ўразумець для сябе, якія будуць наступствы за яго невыкананне».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/sergeenko-ob-izmenenii-ugolovnogo-zakonodatelstva-eto-krajne-vazhno-i-dlja-gosudarstva-i-dlja-ljudej-430128-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/ihar-sierhiejenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva