Знікненне буйной сумы ў валюце выявіла 76-гадовая пенсіянерка з Віцебска. Жанчына выклікала міліцыю і распавяла, што грошы захоўваліся ў спецыяльнай скрыні. Там знаходзіліся два пачкі, у кожным з якіх ляжала па 10 тысяч. Адна з упаковак і была адкрыта невядомым злачынцам. Сышчыкам атрымалася вельмі хутка ўстанавіць асобу злодзея.
Увагу аператыўнікаў прыцягнуў 50-гадовы аршанец, які дапамагаў пенсіянерцы з рамонтам кватэры. Жанчына паведаміла, што знайшла яго па рэкамендацыі знаёмых, і той у апошні час рэгулярна прыходзіў у кватэру. Акрамя таго, міліцыянерам удалося высветліць, што літаральна днямі мужчына, які да гэтага жыў у выпадковых знаёмых, набыў аўтамабіль BMW-X5, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
У час размовы з праваахоўнікамі падазраваны прызнаўся, што сапраўды абакраў сваю працадаўцу. Таксама ён расказаў, што аўтамабіль — не адзіная пакупка на грошы пенсіянеркі. Мужчына паспеў купіць дарагое адзенне і некалькі аксесуараў для іншамаркі. Дарэчы, у апошняй ён і жыў увесь час пасля пакупкі. З усяго ўкрадзенага ў аршанца засталося толькі 400 долараў. Падазраваны затрыманы, распачата крымінальная справа.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/groshy