Беларускія вучоныя створаць айчынную тэхналогію вытворчасці проціпухлінных прэпаратаў, паведаміў [1] у інтэрв’ю карэспандэнту БелТА старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.
«Акадэмія навук будзе ўдзельнічаць у рэалізацыі ўсіх „праектаў будучага“. Гэта наша місія — быць у першых радах даследчыкаў. Так, па адным такім праекце — „Біятэхналогіі для фармацэўтыкі“ — акадэмія выступіць адказным заказчыкам. Ён нацэлены на стварэнне тэхналогій і вытворчасцей новых лекавых сродкаў і іх кампанентаў. Прадугледжаны таксама мерапрыемствы па клінічных выпрабаваннях, сертыфікацыі і рэгістрацыі гэтых сродкаў. Мы створым айчынную тэхналогію вытворчасці проціпухлінных прэпаратаў, дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца монакланальныя антыцелы. Будзе арганізавана доследна-прамысловая вытворчасць», — расказаў Уладзімір Гусакоў.
На акадэмічным прадпрыемстве «Акадэмфарм» будуць выпускацца антырэтравірусныя прэпараты, прэпараты для лячэння нервовай сістэмы, хваробы Альцгеймера, вірусных гепатытаў, касцёва-мышачных захворванняў, бранхіяльнай астмы, трамбозу, эмбаліі і іншых. Плануецца таксама стварэнне базы патэнцыяльных РНК-маркераў сацыяльна значных захворванняў. Яна будзе выкарыстоўвацца ў навуковым цэнтры нанамедыцыны для лячэння і прафілактыкі анкалагічных, інфекцыйных і іншых хвароб. Акрамя таго, вялікая работа вядзецца па распрацоўцы метадаў генетычнай пашпартызацыі пацыентаў для развіцця персаніфікаванай медыцыны.
У планах і развіццё электроннай аховы здароўя. «Будуць створаны камп’ютарызаваныя сістэмы падтрымкі дыягностыкі пульманалагічных і анкалагічных захворванняў у выглядзе вылічальных вэб-сэрвісаў, а таксама размеркаваная дзяржаўная медыцынская інфармацыйная сістэма для ўстаноў аховы здароўя з падтрымкай прыняцця рашэнняў урачоў на базе тэхналогіі нейронных сетак», — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/belaruskija-vuchonyja-stvorats-ajchynnuju-tehnalogiju-vytvorchastsi-protsipuhlinnyh-preparatau-97256-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vuchonyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/farmaceutyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/preparat