Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” — сапраўдны лідар на постсавецкай прасторы ў стварэнні персанальных энцыклапедый. Цяпер у стадыі абмеркавання новы цікавы праект.
Толькі што пабачыла свет персанальная энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”, прымеркаваная да 90‑годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аўтара неўміручых твораў “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі” ды іншых гістарычных раманаў і аповесцяў, а таксама й вершаў. А пачатак традыцыі — у 1986 годзе, калі пабачыла свет энцыклапедыя “Янка Купала”. Выдадзеная ў адным томе, яна стала асновай, фундаментам для трохтомнай персанальнай энцыклапедыі пра народнага песняра Беларусі, выдадзенай у 2017–2018 гадах. А яшчэ ж выйшлі энцыклапедыі “Францыск Скарына”, “Максім Багдановіч”.
Цяпер у энцыклапедычным выдавецтве краіны абмяркоўваецца пытанне пра выданне шасцітомнай персанальнай энцыклапедыі “Якуб Колас”. Наперадзе — 140‑годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Узровень літаратуразнаўства, тэксталогіі, мовазнаўства ды іншых навуковых дысцыплін у звязку з коласа-знаўствам за XX — XXІ стагоддзі дасягнуў небывалых вышынь. І зусім лагічна, калі яны будуць аформлены, падсумаваны ў такім грунтоўным выданні, як шматтомная персанальная энцыклапедыя.
Ужо на сённяшнім этапе слоўнік будучага выдання складае больш за 6000 пазіцый — назваў будучых артыкулаў. Праца і саміх энцыклапедыстаў, і навуковай акадэмічнай і ўніверсітэцкай грамадскасці, ініцыятывы краязнаўцаў, пісьменнікаў, безумоўна, яшчэ больш пашырыць гэтую прастору. А беларуская нацыянальная культура з часам атрымае грунтоўнае, і патрэбнае для сучаснасці й будучыні выданне.
Кастусь Лешніца
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy