Выстава «Жаночы вобраз у фарфоры» з калекцыі Віктара Суворава адкрыецца 5 сакавіка ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі [1] БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У экспазіцыі прадэманструюць каля 150 прадметаў з фарфору, якія ўяўляюць выдатную палову чалавецтва, у самых розных выявах. Віктар Сувораў — член Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў, ён збірае фарфор ўжо больш за 15 гадоў.
«Выстава аб’яднала парцалянавыя статуэткі заводаў Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі. Часавы дыяпазон ахоплівае перыяд з 1930-х гадоў па цяперашні час. У экспазіцыі можна ўбачыць рыжскі, украінскі фарфор, вырабы Ленінградскага фарфоравага завода. Таксама прадстаўлены парцалянавыя прадметы розных формаў: рэдкія кварты з выявай жанчын, дзяўчына-кубак, карагод прыгажунь ў нацыянальных касцюмах 15 савецкіх рэспублік», — распавялі арганізатары.
Беларусь таксама славілася парцалянавымі заводамі — Мінскім і Добрушскім. У 2009 годзе сталічнае фарфора-фаянсавае прадпрыемства спыніла працу. Такі ж лёс напаткаў і шматлікіх вытворцаў былога Савецкага Саюза. Калекцыя Суворава ўтрымлівае вырабы ўжо не існуючых фабрык.
«Калекцыянер прапанаваў метафарычна паглядзець на прыгожы пол: жанчына-котка, жанчына-акула, жанчына-змяя падкрэсліваюць шматаблічнасць жаночай натуры. Прадстаўлена мноства казачных персанажаў — Папялушка, Гаспадыня Меднай гары, Снягурка, Чырвоная Шапачка, героі літаратурных твораў — Скрыначка з „Мёртвых душ“ Мікалая Гогаля. Не менш цікавымі для наведвальнікаў стануць вобразы жанчыны-маці, жанчыны ў спорце, у мастацтве, у сельскай гаспадарцы і прамысловасці — гэта класічныя сюжэты парцалянавых статуэтак савецкага часу», — адзначылі ў галерэі.
Чароўныя жаночыя вобразы ў фарфоры будуць радаваць наведвальнікаў мастацкай галерэі да 9 мая.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/events/view/zhenskie-obrazy-v-farfore-predstavjat-v-hudozhestvennoj-galeree-savitskogo-430744-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-galereya-mihaila-savickaga
[3] https://zviazda.by/be/tags/dobrushski-farforavy-zavod
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-suvorau