Суд у Парыжы прызнаў былога прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі вінаватым у карупцыі і гандлі ўплывам. Экс-кіраўніка дзяржавы прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, з іх адзін год складзе рэальны тэрмін, два — умоўны, паведамляе [1] РБК са спасылкай на BFM TV. Раней пракуратура прасіла даць былому прэзідэнту чатыры гады зняволення, з іх два — умоўна.
Такім чынам, Сарказі стаў першым прэзідэнтам Францыі ў найноўшай гісторыі, які атрымаў рэальны турэмны тэрмін. Яго папярэдніка Жака Шырака ў 2011 годзе прызналі вінаватым у стварэнні фіктыўных працоўных месцаў у 1977-1995 гадах. Па выніках працэсу яго прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.
Сарказі ў ліку іншага абвінавачвалі ў тым, што ён спрабаваў незаконна атрымаць ад супрацоўніка французскага касацыйнага суда Жыльбэр Азібера інфармацыю аб расследаванні нелегальнага фінансавання сваёй прэзідэнцкай кампаніі з боку дачкі заснавальніка кампаніі L'Oreal Ліліян Бетанкур.
Сарказі, які пакінуў пасаду прэзідэнта ў 2012 годзе, раней ужо трапляў пад падазрэнні ў карупцыі. У Францыі працягваецца расследаванне справы аб фінансаванні яго прэзідэнцкай кампаніі ў 2007 годзе лівійскім лідарам Муамарам Кадафі.
Сам былы прэзідэнт сцвярджае, што крымінальныя справы з'яўляюцца помстай суддзяў за спробу Сарказі абмежаваць іх паўнамоцтвы ў час яго знаходжання ва ўладзе.
Прэв’ю: Kiran Ridley / Getty Images
Спасылкі
[1] https://www.rbc.ru/politics/01/03/2021/603cd5ce9a79476d5ebb1dff
[2] https://zviazda.by/be/tags/nikalya-sarkazi
[3] https://zviazda.by/be/tags/karupcyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/francyya